Слепата пры пасадзе

Чаму асобныя чыноўнiкi не хочуць бачыць чалавека нi зблiзу, нi здалёк?

Чаму асобныя чыноўнiкi, работнiкi дзяржустаноў не хочуць бачыць чалавека нi зблiзу, нi здалёк?

Напэўна, многiя памятаюць выпадак у Жыткавiцкiм раёне, пра якi расказвалася па рэспублiканскiм тэлебачаннi: жыхар адной з вёсак, якi ўжо зведаў смак месцаў не такiх аддаленых, падпальваў двары аднавяскоўцаў. З якой нагоды? Не далi на пляшку, быццам бы не так да яго звярталiся i гэтак далей. Абы, як кажуць, зачэпка. I гэтак працягвалася даволi значны перыяд: у аднаго ноччу ўспыхнуў дом, у другога хляўчук, у трэцяга пуня – i ўсё беспакарана. I калi падпальшчык чарговы раз пусцiў чырвонага пеўня, трое мясцовых жыхароў падпiльнавалi яго – ды па макаўцы, ад чаго той i сканаў... Вiнавацiць гэтых людзей? Так, напэўна, бо нiхто не дазволiў самасуд. Аднак жа, з iншага боку, няўжо не бачылi, што адбывалася ў вёсцы, у аддзеле па надзвычайных сiтуацыях, мiлiцыi, сельскiм Савеце? Чаму нiякiх мер не прымалi? Вось i дайшло да трагiчнага зыходу...

Такая, з дазволу сказаць, бяздзейнасць характэрна для работнiкаў многiх iншых служб, устаноў: чакаюць... Цяжка зварухнуцца, праявiць хаця б якую-небудзь актыўнасць. Людзi звяртаюцца, а там адмахваюцца: «Няма часу, апасля». Прызвычаiлiся. Абы нiхто не чапаў. Зарплата iдзе, што болей трэба?

Успамiнаецца адзiн выпадак: у двары дома па праспекце Будаўнiкоў у горадзе Бабруйску пастаянна збiраюцца кампанii: п’юць, абуральна сябе паводзяць... Тады адна з жыхарак патэлефанавала дзяжурнаму гараддзела мiлiцыi: маўляў, прыструньце гэтых выпiвох, немагчыма жыць... I што пачула ў адказ: «Калi вам не падабаецца, пераязджайце ў iншае месца...» Во якi разумнiк аказаўся той дзяжурны. Гнаць бы такога, бо падрывае i свой аўтарытэт, i ў цэлым органаў унутраных спраў. Калi губляюць пачуццё рэальнасцi i адказнасцi людзi ў пагонах, гэта найгорш за ўсё.

Сам быў сведкам. У падвале нашага дома па вулiцы Лынькова адзiн з жыхароў зрабiў гараж i ставiў туды скутар. Там рамантаваў яго, абкатваў, рабiў, што хацеў... Аднаго разу нешта разладзiлася ў скутары, i бензiн разлiўся па падвале: не дай бог хто з запалкамi — быць бядзе... Выклiкалi работнiкаў пажарнай службы, экалагiчнай ДАI, тыя паходзяць, патопчуцца – i ўсё на ранейшым месцы. Пакуль з ЖЭУ не выдалi прадпiсанне скутарысту, каб убiраў сваю тэхнiку далей адсюль.

Цi вось такi выпадак: у карэспандэнцкi пункт «Р» звярнулiся члены садаводчага таварыства «Вялiкая Гута», што ў Кiраўскiм раёне. Расказвалi, гадоў колькi таму мясцовае райаграпрамтэхзабеспячэнне непадалёк ад лецiшчаў выкапала возера, у якiм разводзiла рыбу. Здавалася б, някепская справа. Аднак што атрымлiваецца? Калi з вадаёма, каб вылавiць рыбу, спускаюць ваду, то яна перапаўняе невялiкую рачулку i залiвае большую частку лецiшчаў, гiне ўсё, што людзi вырошчвалi... «Куды толькi нi звярталiся — прасiлi дапамагчы, а вынiку нiякага. Парушаюцца нашы элементарныя правы. Дакуль такое можа працягвацца?»

Вось i вымушаны былi людзi пiсаць «наверх», у Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта. Колькасць такiх зваротаў, на жаль, не змяншаецца, а павялiчваецца. Вось чаму па рашэннi вышэйшых улад на месцах сталi праводзiць манiторынгi па рабоце са зваротамi грамадзян з удзелам рэспублiканскiх мiжведамасных груп. Давялося i аўтару гэтых радкоў прысутнiчаць на такiм мерапрыемстве ў Бабруйскiм гарвыканкаме. Скажу шчыра, наведвальнiкаў было нямала, нават прыбылi з суседнiх раёнаў. Так, узнiмалiся значныя праблемы, але былi i такiя, якiя элементарна вырашаюцца на месцы... Паварушыся толькi той цi iншы чыноўнiк, а так у чалавека складваецца ўражанне, што ён нiкому не патрэбны...

Нездарма па набалелай праблеме нядаўна прайшла нарада з удзелам кiраўнiка дзяржавы i самых высокiх адказных асоб. Размова атрымалася вельмi патрабавальнай, жорсткай. Тым больш пытанне гэта ўзята пад асабiсты кантроль Прэзiдэнта. Што ж, як кажуць, праблема наспела!

Аднак давайце разбяромся, адкуль каранi такiх адносiн чыноўнiкаў да чалавека? На мой погляд, праблема дасталася грамадству ад старой савецкай сiстэмы. Аднак са старымi формамi i метадамi працы не ўвайсцi ў новы час, нешта трэба мяняць унутры нас, рабiць структурныя перабудовы — магчыма, не абысцiся без фiнансавых улiванняў. Зразумела адно: трэба больш рашуча i наступальна дзейнiчаць на гэтым жыццёва важным полi. Час патрабуе перамен, i нiкуды нам ад гэтага не падзецца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter