Следам за святлом.

Як неабходна выконваць асноўныя абрадавыя дзеянні падчас вяселля — следам за Сонцам або супраць яго? 

Любое перамяшчэнне жаніха і нявесты, а таксама асноўных вясельных чыноў (хросных бацькоў, дружыны маладых, сватоў), паводле правілаў народнай культуры, павінна было адпавядаць кірунку руху галоўнага касмічнага свяціла — Сонца.
Калі жаніх і нявеста развітваліся з роднай хатай перад вянчаннем, то бацькі абводзілі іх вакол стала толькі па ходу гадзіннікавай стрэлкі (што ў сучасным прачытанні якраз і адпавядае нябеснаму руху свяціла). У адпаведнасці з гэтым правілам вясельны картэж рухаўся ад хаты да храма таксама ў тым жа кірунку. Зразумела, што вяртанне маладых дадому і першы пасад іх за сумесны святочны стол таксама падпарадкоўваўся той самай старадаўняй завядзёнцы. Таму яшчэ раз нагадаем: як толькі маладыя пераступяць парог роднай хаты, бацька павяжа іх рукі крыж-накрыж ручніком і павядзе знітаваную ў адзінае цэлае пару за стол у напрамку злева направа. Заручаная пара, нібы два нябесныя свяцілы, утваралі гарманічную цэласнасць і пракладвалі свой Млечны шлях па зямлі.
Чытачы не раз заўважалі: аўтары рубрыкі ўвесь час імкнуцца праводзіць паралелі паміж архаічнай язычніцкай традыцыяй і каштоўнасцямі праваслаўнай культуры і пераконваюць у тым, што ў славянскай душы яны суіснуюць гарманічна, дапаўняючы адно другое. Аднак у дадзеным выпадку ўзнікае пэўная супярэчнасць, бо мы сутыкаемся з выключэннем з агульнапрынятых правіл: сёння ў царкве падчас вянчання маладых абводзяць вакол аналоя супраць руху сонца, або справа налева. Каб зразумець гэту супярэчнасць, неабходна звярнуцца да недалёкай гісторыі Рускай праваслаўнай царквы. У 1666—1667 гадах была праведзена так званая Ніканаўская рэформа, якая ўнесла істотныя змены ў правілы і нормы жыцця праваслаўнай царквы. Тады ж было прынята рашэнне аб тым, што Пасхальны хрэсны ход і абвядзенне маладых вакол аналоя будзе заменена на “супрацьсалонь”, гэта значыць у кірунку, сарыентаваным супраць руху Сонца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter