Славянскага дрэва магутная сiла

У Гомелi працуе адзiная ў краiне славянская бiблiятэка

«Славянка». Такую мiлагучную назву атрымала Гомельская спецыялiзаваная славянская бiблiятэка сярод шматлiкiх аматараў кнiгi, сваiх сяброў. I сапраўды: за дзесяцiгадовы перыяд свайго iснавання гэты храм духоўнасцi спаўна даказаў сваю унiкальнасць. Яна, унiкальнасць, не толькi ў адсутнасцi падобных духоўных аазiсаў славянскiх традыцый у нашай краiне, але i ў наяўнасцi каштоўных фондаў, накiраванасцi навукова-асветнiцкай дзейнасцi ўстановы. Аб шляху станаўлення бiблiятэкi-юбiляра наша гутарка з дырэктарам «славянкi» Лiлiяй БУЛАНАВАЙ.

— Лiлiя Фёдараўна, у юбi­лей бiблiятэкi варта згадаць: з чаго ж усё пачалося?

— Пасля вядомых палiтычных падзей, разбурэння партыйнай сiстэмы ў краiне бiблiятэка, што iснавала пры абласным Доме палiтасветы, была пакiнута на волю лёсу. Некалькi соцень кнiг з яе фондаў удалося перадаць абласной бiблiятэцы, перспектыва ж астатняй большасцi была незайздросная — апынуцца ў макулатуры. Удзячную мiсiю выратавання кнiг, а нямала сярод iх было па-сапраўднаму рэдкiх, узяло на сябе грамадскае аб’яднанне «Таварыства Кiрылы Тураўскага» на чале з яго кiраўнiком, старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Валерыем Сялiцкiм. Яно згуртавала лю­дзей, што стаялi на канструктыўных пазiцыях еднасцi славянства. Клопат аб непарушнасцi гэтай духоўнай асновы i прывёў да рашэння аб стварэннi ў маi 1999 года спецыялiзаванай славянскай бiблiятэкi. Сёння яе фонды налiчваюць звыш 30 тысяч выданняў па славяназнаўству, сусветнай гiсторыi, дыпламатыi, эканамiчных i юрыдычных навуках, фiласофii i лiтаратуразнаўству, рэлiгii i мастацтву, энцыклапедычных даведнiкаў.

— Наколькi вядома, адным з асноўных накiрункаў дзейнасцi бiблiятэчнай установы з’яўляецца рэалiзацыя навукова-асветнiцкiх праектаў.

— З’яўляючыся своеасаб­лiвым цэнтрам кiрыла-тураўскага руху, усе гэтыя гады бiблiятэка iмкнулася падтрымлiваць плённыя кантакты з вядомымi вучонымi-славiстамi з Масквы, Кiева, беларускай сталiцы, навучальнымi i навукова-даследчымi ўстановамi ўсходнеславянскiх краiн. Пры актыўным удзеле таварыства Кiрылы Тураўскага на базе «славянкi» прайшоў шэраг мiжнародных навуковых канферэнцый, на якiх былi прадстаўлены змястоўныя даклады аб актуальных праблемах iснавання славянскай цывiлiзацыi i праваслаўнага свету. Па вынiках канферэнцый рыхтуем зборнiкi матэрыялаў. Да гэтага духоўнага багажу можна дадаць цыклы навукова-асветнiцкiх мерапрыемстваў, што праведзены з удзелам вучоных, музейных работ­нiкаў Гомельшчыны. Не будзе перабольшваннем: славянская бiблiятэка стала асяродкам кантактаў творчай iнтэлiгенцыi. Уцягнуць у гэты пазнавальна-культурны працэс найбольш моладзi лiчым адной з асноўных задач нашай установы. У час творчых вечароў у сценах «славянкi» гучыць не толькi беларуская i руская мова, але i балгарская, чэшская, польская, свой моўны каларыт уносяць i ўдзельнiкi такiх сустрэч — замежныя студэнты, што навучаюцца ў гомельскiх ВНУ. Творцы Гомельшчыны абмяркоўваюць тут лiтаратурныя справы, праводзяць прэзентацыi сваiх новых кнiг.

Мы ганарымся, што сцены «Славянкi» сталi месцам знакавай падзеi — тут адбылося пасяджэнне Мiжнароднага славянскага камiтэта.

Дарэчы, у 2006 годзе па рашэннi мiтрапалiта Фiларэта за актыўную прапаганду духоўных каштоўнасцяў бiблiятэцы ўручаны ордэн свяцiцеля Кiрылы Тураўскага другой ступенi. Успрымаем гэту i iншыя ўзнагароды як высокую адзнаку мэтанакiраванай працы i сённяшнiх работнiкаў установы, i ўсiх, хто стаяў ля вытокаў стварэння яе. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter