Славісты свету збяруцца ў Мінску

Беларусь выбрана месцам правядзення XV з’езда аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі
На ХІV міжнародным кангрэсе славістаў у МакедонііБеларусь выбрана месцам правядзення XV з’езда аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі.

Пра тое, што славістаў у нас не дужа ведаюць, сведчыць даволі тыповае пытанне, якое пачуў днямі ў Мінску: “Ну, добра, я разумею, хто такія беларусісты, гэта беларусы, якія жывуць за рубяжом. А вось як да іх датычацца славісты? Гэта славяне, якія жывуць у неславянскіх краінах?”. Я ў каторы раз патлумачыў: “Не абавязкова. Гэта і славяне, якія жывуць на сваёй радзіме, і неславяне, якія рассеяны па ўсім свеце, прыкладна ў 40 краінах. Яднае іх тое, што яны даследуюць славянскія культуры. Як і беларусісты — найперш вучоныя з іншых краін, якія цікавяцца нашай мовай, літаратурай, гісторыяй. Беларусістыка, як і русістыка, украіністыка, чэхістыка і гэтак далей, уваходзіць у склад славістыкі”. “Ну, і дзе ж сталіца, цэнтр той славістыкі? Мусіць, у Маскве?” — працягваў цікавіцца суразмоўца. “Не, цэнтр з 1955 года вандруе па крузе, але абавязкова — па славянскіх краінах. Неславяне ахвотна прыязджаюць на прэстыжныя з’езды, якія адбываюцца раз у пяць год. На чарговым рашаецца, дзе бу-дзе наступны. Туды ж на пяць год пераходзіць уся сусветная славістычная ўлада. А старшыня нацыянальнага камітэта славістаў (імі ў Беларусі былі вучоныя і пісьменнікі такой меры, як Пятро Глебка, Міхаіл Суднік, Аркадзь Жураўскі, Іван Навуменка, а Кандрат Крапіва ўваходзіў у склад камітэта) аўтаматычна становіцца старшынёй камітэта міжнароднага”.

Мой суразмоўца заўважыў, што не чуў, каб такое адбывалася ў Мінску. А яно і не адбывалася дасюль. Калі не раз даходзіла чарга да Беларусі, абавязкова ўзнікала нейкая перашкода: то сродкаў не ставала, то чыёйсьці згоды. Але цяпер сітуацыя нарэшце змянілася. Чарговы з’езд, натуральна пры ўзгадненні з уладамі, адбудзецца ў Мінску.

Змяшчаем, як сёння кажуць, эксклюзіўны матэрыял — тэкст выступлення на заключным пасяджэнні апошняга з’езда славістаў дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Лукашанца. Ён цяпер — кіраўнік усіх славістаў свету!

XIV міжнародны кангрэс славістаў адбыўся на пачатку восені ў македонскім горадзе Охрыд. На ім сабралася навуковая эліта з прыкладна 40 вядучых краін свету. Беларуская дэлегацыя складалася з 20 аўтарытэтных філолагаў і гісторыкаў, якія выступілі з дакладамі.

На здымку: на ХІV міжнародным кангрэсе славістаў у Македоніі.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter