Слабае звяно

У саюзнай Расіі за апошнія гады адбылося нямала тэрактаў. Самых розных па наступствах. Яшчэ большую колькасць усемагчымых замахаў на жыццё грамадзян спынілі на яе тэрыторыі прафесіяналы спецпадраздзяленняў. Вядома, што Расійская Федэрацыя зараз знаходзіцца на вастрыні барацьбы з міжнародным тэрарызмам і ўнутраным сепаратысцкім бандпадполлем. Можа, менавіта таму Паўночная Пальміра пераўтварылася сёння ў аб’ект нападу і помсты  экстрэмістаў — каб зрабіць выклік уладзе і ўзарваць грамадскі спакой мегаполіса.

У мінулы панядзелак у Санкт-Пецярбургу праходзілі ўсерасійскі медыяфорум АНФ, рабочая сустрэча Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. І вось — выбух у метро...

Трохдзённая жалоба, абвешчаная пасля тэракту ў метрапалітэне, прайшла, аднак на душы не стала лягчэй за бессэнсоўную смерць пасажыраў.

Цяпер ідзе следства, адпрацоўваюцца розныя версіі жудаснага злачынства, вядзецца пошук кантактаў тэрарыстаў у асяроддзі радыкальных ісламістаў, памагатых чалавека “з поясам шахіда”, які, хутчэй за ўсё, і ажыццявіў крывавае забойства ў піцерскай падземцы.  

Беларусь не па чутках ведае аб падобных сітуацыях: 11 красавіка 2011 года у Мінску на станцыі метро “Кастрычніцкая” адбыўся тэракт, у выніку якога загінулі 15 чалавек, 200 атрымалі раненні.

Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю людзей у метро Паўночнай сталіцы Расіі, даручыўшы Следчаму камітэту рэспублікі дапамагчы расіянам у расследаванні абставін выбуху.    

Тым часам Уладзімір Пуцін, звяртаючыся ў Маскве з прывітаннем да ўдзельнікаў нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і разведслужбаў дзяржаў — удзельніц СНД, заявіў аб неабходнасці больш цеснай каардынацыі дзейнасці краін Садружнасці ў барацьбе з тэрарызмам.

Універсальных падыходаў ажыццяўлення бяспекі ў метрапалітэне пакуль не прыдумалі — немагчыма шматмільённы паток пасажыраў, як у аэрапорце, прапускаць праз спецтэрмінал. Аднак неабходныя захады ўсё ж прымаюцца. Так, расійскі ўрад зацвердзіў патрабаванні па забеспячэнні транспартнай бяспекі: для павышэння эфектыўнасці сістэмы супрацьдзеяння тэрарызму. На працягу трох месяцаў паўсюдна на аб’ектах метро будуць выяўлены “слабыя звёны”, з’явяцца мабільныя групы хуткага рэагавання.

Пасля рэзананснага выбуху ў Санкт-Пецярбургу чакаецца і  ўсебаковае ўзмацненне аператыўнай работы спецслужбаў Расіі па ўсіх напрамках жыццядзейнасці. Найперш, у галіне міграцыйнай палітыкі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter