Слаўся, зямлі нашай светлае імя!

Святочная праграма ў Дзень Незалежнасці Беларусі завяршылася выкананнем гімна ўсёй краінай.

У рэспубліканскай акцыі “Спяваем гiмн разам” па традыцыі ўзялі ўдзел не толькі лепшыя галасы Беларусі, але і прадстаўнікі ўлады абласцей і гарадоў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў краіны, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ваеннаслужачыя, моладзь — усе жадаючыя. Кажучы іншымі словамі, 3 ліпеня галоўную песню дзяржавы спявала літаральна ўся наша краіна: і дарослыя, і дзеці, і прафесіяналы, і аматары. Такім чынам адбылося яднанне ўсяго беларускага народа незалежна ад таго, дзе жыве чалавек — у Мінску, на Брэстчыне, Гомельшчыне ці ў іншым рэгіёне.
Сярод выканаўцаў гімна былі і вядомыя медыяперсоны, у прыватнасці зоркі “блакітнага экрану”, сярод якіх вылучалася абаяльная вядучая АНТ Вольга Палякова.
— Мне здаецца, што такіх мерапрыемстваў патрэбна быць як мага болей, — пераканана Вольга. — Я ужо не ў першы раз удзельнічала ў акцыі “Спяваем гімн разам”, бо лічу гэта вельмі важнай справай. Яна сапраўды аб’ядноўвае нашу нацыю. Для мяне ж гэта яшчэ і добрая сямейная традыцыя.
Акцыя завяршылася на высокай ноце: на апошніх акордах гімна мірнае неба Беларусі расфарбаваў святочны феерверк.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter