Ці варта пісаць пра асабістае жыцце пісьменнікаў?

Скрозь замочную шчыліну

Ці варта капацца ў бруднай бялізне класікаў?
Як толькі ў кнігарні трапіла мая кніга “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” (там быў апублікаваны “донжуанскі спіс” класіка), у сацыяльных сетках мне напісаў знаёмы. Агульны сэнс яго шматслоўных разважанняў такі: “Як табе не сорамна?”

martinovich1.pngПарадокс, але ўяўленні майго знаёмага досыць тыповыя для беларускай ментальнасці. Бо ў савецкія часы ўлада ўсімі сіламі стварала айчынным пісьменнікам імідж “правільных” людзей — без яркіх біяграфій і асабістай прасторы. Чытачы нічога не ведалі ні пра каханне Янкі Купалы да Паўліны Мядзёлкі, ні пра перапіску Якуба Коласа са Святланай Сомавай. Зразумела, жыццё часам прарывалася і праз такія перашкоды. І насуперак агульнаму пурытанству ў перыёдыцы з’яўляліся такія шэдэўры любоўнай лірыкі, як “Пахне чабор” Петруся Броўкі або “Алеся” Аркадзя Куляшова.

Пры гэтым весці размовы пра асабістае жыццё “буржуазных” пісьменнікаў не забаранялася. Узяць хоць бы кнігу “Алімпіа, або Жыццё Віктора Гюго”, напісаную Андрэ Маруа. Па савецкіх пурытанскіх мерках, жыццё французскага класіка — суцэльнае распутства і бесперапынная “Санта-Барбара”. Жонка Гюго, якую ён кахае, здраджвае яму з лепшым сябрам, крытыкам Сент-Бёвам. Гюго закахаўся ў куртызанку Жульету Друэ і жыве фактычна на дзве сям’і. З’ехаўшы ў эміграцыю, французскі класік бярэ з сабой менавіта Жульету (пры гэтым здраджваючы ёй з іншымі жанчынамі). А перад сваёй смерцю жонка Гюго, якая хацела захаваць сямейнае багацце ад маладых суперніц, запрашае Жульету перасяліцца ў іх дом.

Ці паўплывалі гэтыя акалічнасці на вашу ацэнку асобы Віктора Гюго? Сумняваюся. А вось уяўленне пра пісьменніка змяняецца кардынальна. Напрыклад, менавіта з кнігі Маруа даведаешся, што знаёмства маладога пісьменніка з жонкай знайшло сваё адлюстраванне ў рамане “Адрынутыя”. Адносіны паміж Марыусам і Казетай — гэта гісторыя іх кахання.
А старонкі пра знаходжанне Казеты ў манастыры напісаны не пісьменнікам, а Жульетай Друэ. Яе аповед стаў часткай эпапеі.

martinovich.pngАтрымлівалася, што пісаць пра асабістае жыццё замежных пісьменнікаў у савецкія часы дазвалялася. Пра сваіх — не. Таму ўзнікала неадпаведнасць: творцы з іншых краін выглядалі жывымі людзьмі. Айчынныя аўтары — амаль афіцыйнымі асобамі, чужымі і халоднымі пісьменнікамі з партрэтаў, што віселі ў школьных класах. Але калі адносіны з жанчынамі былі часткай жыцця пісьменнікаў, чаму нам трэба адмаўляцца ад іх асвятлення? Можна, вядома, заплюшчыць вочы на складанасць характару Апалінарыі Суславай, якая папсавала нямала крыві і Фёдару Дастаеўскаму, і філосафу Васілю Разанаву. Сапраўдная ракавая жанчына! Але ж без яе не было б лепшых твораў Дастаеўскага. Паліна ў “Гульцы”, Грушанька ў “Братах Карамазавых”, Настасся Піліпаўна ў “Ідыёце” — гэта ўсё розныя грані характару Суславай.

Таму логіка стварэння “донжуанскага спісу” простая: зрабіць пісьменніка жывым, наблізіць яго да сённяшняга чытача, зацікавіць біяграфіяй класіка і тым самым падштурхнуць да чытання або перачытвання твораў.

Дарэчы, у канцы размовы мой інтэрнэт-апанент вырашыў “дабіць” мяне апошнім аргументам: “А ты б хацеў, каб падобную кніжку напісалі пра цябе?” Усталявалася працяглая паўза, пасля чаго ён пераможна напісаў: “Ну вось!” І выйшаў з інтэрнэту. А я задумаўся.
Сапраўды, а калі б хтосьці захацеў вывучыць маё асабістае жыццё? Корпаўся ў дзённіках, якія вяліся ў студэнцкія часы, ці ў пісьмах? Прасцей за ўсё адказаць, што мне гэта не пагражае. Такія кнігі пішуць пра класікаў, вядомых калі не ўсяму свету, то па меншай меры ўсёй краіне. А мне да такога прызнання пакуль як да Месяца.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

denis86@tut.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter