Белорусские художники организовали интернет-аукцион в поддержку борьбы с коронавирусом

Сказаць «дзякуй» без слоў

Дабрачынны аўкцыён «ДЗЯКУЙ!» стартаваў на пляцоўцы аб’яў «Куфар» 15 красавіка. У ім прымаюць удзел больш за 100 сучасных беларускіх мастакоў. Аўтары абсалютна бясплатна прадаставілі творы ў розных жанрах і тэхніках у падтрымку барацьбы з каронавірусам. Гэта жывапіс, акварэль, графіка, скульптура, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

  Руслан Вашкевіч. «Мадам Банжур».   Андрэй Бондараў. «Каровавірус».


Руслан Вашкевіч. «Мадам Банжур»

Усе атрыманыя ад продажу лотаў сродкі будуць накіраваны ў дапамогу беларускім медыкам. Ініцыятарамі правя­дзення ­дабрачыннага аўкцыёну выступілі беларускі мастак ­Руслан Вашкевіч і арт-ідэолаг Аліна Саўчанка.

— Стаўшы ўдзельнікамі аўкцыёну ­«ДЗЯКУЙ!», мы ўсе — і мастакі, і пакупнікі, і арганізатары — зможам выказаць прадуктыўную падзяку тым, хто ў няроўных умовах змагаецца за наша жыццё, — тлумачыць Руслан Вашкевіч.

Каб прыняць удзел у аўкцыёне, трэба зай­сці на платформу «Куфар» і націснуць на ўкладку «ДЗЯКУЙ!», якая знаходзіцца уверсе над пошукавым радком. Пры націску адкрыецца старонка аўкцыёну, на якой сабраны ўсе работы мастакоў. Зрабіць стаўку можна, напісаўшы асабістае паведамленне прадаўцу на старонцы лота. Пераможа ў таргах той, хто зробіць самую высокую стаўку на момант заканчэння аўкцыёну — да 10 га­дзін раніцы 22 красавіка.

Атрымаць выкуплены лот будучы ўладальнік зможа пасля таго, як пералічыць выніковую суму за выбраны твор на рахунак дабрачыннай кампаніі ў падтрымку любога праекта дапамогі медыкам або медыцынскай установе.

— Кожны робіць тое, што можа. Пекар пячэ хлеб, лекар лечыць. Хочацца быць часткай гэтага свету, дапамагчы тым, што ўмееш і можаш, — каменціруюць мастакі свой удзел у акцыі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter