Сказ пра дзiўную ялiну

Беларускiм ельнiкам пагражае сур'ёзная праблема усыхання

Чаму ёй так захацелася жыць побач з людзьмi, якi лёс у яе сябровак

Яна красуецца зараз, быццам прыбралася перад сустрэчай з зiмою, крыху прыцярушаная першым снегам, такая чыстая, зялёна-белая прыгажуня. Адна ва ўсёй нашай вёсцы. Што за дрэва – ялiна? Самае звычайнае, мабыць, адкажаце вы, паважаныя чытачы, шмат яе ў нашых лясах. Мiж тым iншы раз з ялiнаю адбываюцца такiя праявы, што яна прадстае перад намi як жывая iстота са сваiмi звычкамi, паводзiнамi, а ў цэлым – са сваiм няпростым характарам. Варта толькi назiраць за ёй доўгi час. Скажаце, што гарадскiя жыхары не маюць такой магчымасцi. Але ж у нас цяпер сотнi i сотнi тысяч дачнiкаў, i я перакананы, што яны, асаблiва людзi сталыя, з ранняй вясны i да позняй восенi адораны вялiкiм i хвалюючым шчасцем – жыць сярод прыроды, часцей за ўсё побач з лесам, у якiм, безумоўна, растуць тыя самыя звычайныя ялiны. А мо незвычайныя? Думаю, пагодзiцеся са мною, калi раскажу гiсторыю, сведкай якой з’яўляюся.

Незразумелы парастак

Побач з нашым агародам глыбокая канава, якую даўно прарыў магутным плугам трактар. Зямля ў ёй – жоўты пясок ды камянi. Калi трэба прыгатаваць раствор для нейкiх будаўнiчых работ, мы бярэм гэты пясок, прасяваем, змешваем з цэментам. Раней вясковыя дзецi любiлi тут ладзiць розныя харомiны – вельмi ўжо прыгожы пясок, жоўты, да таго ж сухi. Схiлы канавы памаленьку асыпаюцца, бо тут нiшто не расце, каб “звязаць” грунт, вось ён i не трымаецца, паўзе ўнiз. Наўмысна засяроджваю ўвагу чытачоў на гэтых дэталях, каб i яны падзiвiлiся той праяве, што тут адбылася.

Аднойчы мы з жонкай убачылi: з жоўтага сухога пяску вытыркнуўся невялiчкi парастак. Прыгледзелiся – дык гэта ж кволенькая ялiнка. Цяжка было паверыць i зразумець, якая сiла дала ёй тут жыццё. Слабенькая ялiнка трымалася неяк боязна, быццам сама спалохалася таго, што адважылася менавiта тут з’явiцца на свет. Да лесу ад нашага агарода метраў дзвесце, там шмат ялiн, асаблiва на ўскрайку, у тым лiку i зусiм маладых. Чаму ж гэтая выбрала сабе такое незразумелае i непрывабнае месца? Змарнее тут, прападзе, думалi мы, шкадуючы яе, бы жывую iстоту. Але ж не краналi, чакалi, што будзе далей.

Вельмi паважанае дрэва

А далей адбылося тое, што ялiнка трымалася ў пяску надзiва ўпэўнена, расла i дужэла. Што i казаць: гэтая праява вельмi радавала нас, у ёй мы бачылi жыццёвую мудрасць i неадольную сiлу прыроды. Вiдаць, не хацела яна, каб побач з нашым агародам, якi кожную вясну i лета зялёны, жывы, шчодры, была вось гэтая жоўтая пустая пясчаная плешына. I мо, падпарадкоўваючыся добрай волi чараўнiцы-прыроды, прынесла сюды з лесу насенне ялiны нейкая птушка цi даляцела яно з густым павевам ветру.

Як бы не было, але ж ялiна вельмi аздобiла гэты куточак, i мы малiлi Бога, каб хаця нейкi нядобразычлiвец не паквапiўся на яе перад Новым годам. Наш сусед, дзядзька Сiвы, якi жыве ў вёсцы круглы год, вялiкi знаўца i аматар прыроды, па-фiласофску разважаў:

— Ялiна з даўнiх часоў — самае любiмае i, скажам так, паважанае дрэва ў беларусаў. Вось i гэтая быццам на генетычнай аснове адчула такiя да сябе адносiны i пацягнула яе блiжэй да людзей, захацелася жыць побач з намi, бо, можа, адчувае: не пакрыўдзiм, прымем яе…

У святле i цяпле

Здорава пашчасцiла гэтай ялiне ў тым, што ёй дасталася шмат сонца i паветра, жыве ў прывольнай прасторы. Таму i вырасла ў шырыню, галiны, бы тыя лапы, — такiя густыя i цяжкiя, нiжнiя амаль што ляжаць на зямлi. Зусiм не так, як у лесе, дзе яе суродзiчам трэба ўвесь час змагацца за выжыванне. Сцiснутыя з усiх бакоў iншымi дрэвамi, iх кроны худыя i рэдкiя, многiя ялiны не маюць сiлы, каб выстаяць у гэтай жорсткай барацьбе за сонца, памiраюць зусiм яшчэ маладымi.

У канцы вясны наша ялiна сама сябе ўпрыгожвае: на яе лапах з’яўляюцца маленькiя пяшчотныя светла-зялёныя адросткi. Яны падобныя на слабенькiя пальчыкi, якiя растапырыла дрэва ад радасцi i задавальнення, што вось зноў прыйшла ласкавая пара года i можна некалькi месяцаў жыць у шчодрым сонечным святле i цяпле.

Але ж, вiдаць, ялiне чагосьцi вельмi не хапала, адной тут было сумнавата. I аднойчы мы ўбачылi побач з ёй… маленькую ялiнку. Вядома, зноў узрадавалiся i паверылi: будзе расцi. Не памылiлiся, яе дзiця хутка набралася сiлы i адчувае сябе зусiм нядрэнна на тым самым жоўтым пяску.

Вучоны кажа: «Гэта ж цуд!»

Званю ў Гомель свайму знаёмаму Валерыю Грымашэвiчу, загадчыку лабараторыi Iнстытута лесу НАН Беларусi. Ён таксама, як i аўтар гэтых радкоў, апантаны любоўю да лесу, шырока вядомы яго знаўца, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Расказваю пра нашы незвычайныя ялiны.

— Гэта проста неверагодна, — здзiўляецца Валерый Васiльевiч. – Ялiны ж, як правiла, растуць на цяжкiх урадлiвых глебах, падсцеленых суглiнкам, а каб на пяску, такое чую ўпершыню. Можа, у вас блiзка ля паверхнi грунтовыя воды?

— Ды не, тут якраз пагорак.

— Тым больш дзiўна, бо ў ялiны паверхневая каранёвая сiстэма, i яна проста не можа цягнуць сокi з глыбiнi. Пашанцавала вам на гэты цуд, беражыце яго.

Вядома, я скарыстаў такi спрыяльны момант i прашу Валерыя Васiльевiча расказаць, якая ж цяпер у Беларусi сiтуацыя з ялiнавымi лясамi.

Колькi ў нас ельнiкаў

— На долю ельнiкаў у нас прыходзiцца 748 тысяч гектараў ад усёй тэрыторыi, занятай лесам, што складае 9,4 працэнта, — распавядае ён. — Агульны запас ялiнавай драўнiны – 237 мiльёнаў кубаметраў, даволi шмат. Маладняку – 30,5 працэнта, сярэдняга ўзросту – больш за 42, прыспяваючых – 21,5, спелых i перастойных ельнiкаў – 5,7 працэнта.

Найбольш распаўсюджаны ельнiк кiслiчны, ён займае багатыя суглiнкавыя глебы i мае самую высокую прадуктыўнасць у параўнаннi з усiмi астатнiмi тыпамi лясоў нашай рэспублiкi. Не на такiх багатых, але ж больш вiльготных глебах часта сустракаецца ельнiк чарнiчны, там, дзе вiльгацi яшчэ менш, – ельнiк iмшысты.

Найбольш ялiнавых насаджэнняў – звыш трэцi – на Вiцебшчыне. У Мiнскай вобласцi — каля 27 працэнтаў, у Магiлёўскай – 19,7, Гродзенскай – 11,5, Брэсцкай – 4,6, Гомельскай – усяго 3 працэнты. На Беларускiм Палессi налiчваецца ўсяго трыццаць астраўкоў ялiны. Яны пад асобай аховай i таму, што вельмi рэдкiя, i таму, што тут растуць каштоўныя ў гаспадарчых адносiнах формы ялiн, якiх надта мала, а то i зусiм няма ў нашых паўночных раёнах.

Бяда ад засухi

— Што найбольш пагражае ельнiкам? – пытаюся ў В. Грымашэвiча.

— У канцы 80-х гадоў мiнулага стагоддзя, асаблiва пасля засухi 1992 г., iшло iх масавае высыханне. Яно пачалося ў 1996 г. i быццам прыпынiлася ў 2006-м. За гэты час плошча ўсохшых ельнiкаў склала звыш 90 тысяч гектараў, аб’ём вырубкi – 22,3 мiльёна кубаметраў. Вельмi пацярпелi ельнiкi Магiлёўшчыны. Найбольш аслабленыя цяпер яны на Мiншчыне – каля 40 працэнтаў агульных плошчаў. I 23—35 працэнтаў — у Вiцебскай вобласцi, гледзячы ў якiх лясгасах.

На жаль, усыханне ельнiкаў iдзе на поўнач, гэта трывожная з’ява, якая вельмi непакоiць вучоных-лесаводаў i спецыялiстаў. Хаця сiтуацыя з ельнiкамi стабiлiзавалася, але нельга забываць пра цыклiчнасць працэсаў усыхання. А што, калi ў будучым неспрыяльна адгукнецца засуха 2010 года, якая была стрэсавай не толькi для людзей, але i для нашых лясоў? Тым больш трэба мець на ўвазе, што ялiна вельмi чуйна рэагуе на знiжэнне грунтовых вод. Словам, пры змяненнi клiмату праблема ўстойлiвасцi ельнiкаў можа стаць яшчэ больш вострай.

Дрэва-музыка

— I якiя ж захады з такой нагоды робiць ваш iнстытут?

— Надзвычай важная задача – выяўленне прычын усыхання, яго развiцця або паўтарэння. У гэтай сувязi iнстытут распрацоўвае цэлы комплекс мерапрыемстваў па лесаводству i экалогii. Гаворка iдзе пра аптымiзацыю парод i структуру ельнiкаў, якiя аднаўляюцца. Магчыма, замест усохшых ельнiкаў будуць высаджвацца iншыя пароды. Або варта змешваць ялiну з iншымi дрэвамi, каб не страцiць прадуктыўнасцi i каштоўнасцi нашых лясоў.

Зберагчы ялiну – наш агульны клопат. Бо яна i хвалюючы сiмвал беларускай прыроды, i выдатны будаўнiчы матэрыял, i жывая аздоба нашых гарадоў, i дае багацейшы набор лекавых сродкаў… I што надзвычай цiкава, мае добры рэзананс, таму з ялiны вырабляюць балалайкi, гiтары, мандалiны. Значыць, ялiна яшчэ i музыкальнае дрэва. Ну поўнасцю заслужыла тую любоў i павагу, якую выказваюць ёй людзi…

Мiхаiл ШЫМАНСКI, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter