Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Старажытнае Скароднае

Скароднае: для старых і новых гаспадароў роднае

З ДАЎНІХ часоў ад пакалення да пакалення перадаюцца паданні пра назвы паселішчаў. Згодна з легендай, ельскае Скароднае стаіць на месцы былога возера. Яно ратавала тутэйшых у неўраджайныя гады. Калі не хапала хлеба, рыбу лавілі. Ставала не толькі сабе, але і на продаж. У чаўнах дастаўлялі яе на тураўскія, мазырскія кірмашы. Калі пераплывалі возера, весляры па бурунах вызначалі глыбіню. Для падбадзёрвання адзін аднаго выкрыквалі разам: “Ого-го! Хутка дно!” Гэта абазначала, што калі вяслом дна дасталі, то бераг недалёка.


Аднойчы здарылася трагедыя. Перапраўляючыся праз возера, патрапілі ў страшэнную буру-навальніцу. Хвалі разбілі човен. Над вадою неслася адчайнае “Дапамажыце!” і суцяшальнае “Хутка дно!”. Але ніхто не ўратаваўся. Людзі праклялі возера, і яно знікла. Засталася назва той мясціны — Скароднае, дзе потым і паўстала вёска.

З ХIV стагоддзя ёю ўладарыў заможны Тышкевіч. Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў 1621 годзе ў дакуменце Вялікага Княства Літоўскага пры перадачы гаспадаром Атрыпольскім Дзмітрыеўскай царкве ўрочышча Адрубны востраў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Скароднае стала ў Мазырскім уездзе Расійскай імперыі цэнтрам воласці, якая аб’ядноўвала чатыры дзясяткі населеных пунктаў. Праз вёску пралёг бальшак з Мазыра на Жытомір. Дзейнічалі паштова-тэлеграфная кантора, малельны дом, народнае вучылішча, прыёмны пакой, хлебазапасны магазін, некалькі крам, дзве карчмы.

Пасля ўсталявання савецкай улады Скароднае стала цэнтрам сельсавета. Сяляне аб’ядналіся ў калгас. Адкрыўся спіртапарашковы завод. Па рацэ Славечна да Прыпяці і далей у Дняпро сплаўлялі лес.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў балоцістых гушчарах каля Скароднага пачаў дзейнічаць Ельскі партызанскі атрад. Гітлераўцы схапілі і расстралялі яго арганізатараў Мікалая Драчэўскага і Ніну Стахоўскую. Фашысцкія каты знішчылі 305 вяскоўцаў і спалілі 206 сялянскіх сядзіб. Мемарыялам увекавечана памяць ахвяр вайны.

З першых мірных дзён пачалося аднаўленне Скароднага. Адбудоўваліся сядзібы, адкрыліся хлебапякарня, лясніцтва, бытавыя майстэрні, навучальныя, медыцынскія і культурныя ўстановы.

ЖНІЎНЫМ часам ажыўлена на прасторных палескіх нівах, створаных меліяратарамі на былых непраходных балотах. Грэблямі ды ў лепшым выпадку пракладзенымі бальшакамі дабіраліся палешукі ў свет. На адным з такіх шляхоў дзвюма паралельнымі вуліцамі выцягнулася Скароднае. У студэнцтве шмат чуў пра гэтыя мясціны ад аднакурсніка Міхаіла Хамца. Мяккая пявучая гаворка выдавала юнага палешука, які вырас непадалёку ад мележаўскіх вёсак Куранёўка і Глінішча. Гадзінамі ён мог расказваць пра грыбны бор, што падступае да вясковых агародаў, і багатую на рыбу рэчку Славечна. І вось выдалася нагода сваімі вачамі ўбачыць усё гэта. 

Магутнымі караблямі на бязмежным хлебным полі выдаюцца збожжаўборачныя камбайны. Сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, быццам да свята прыбраныя, не толькі аграгарадкі, але і невялічкія вёсачкі мільгаюць за акном аўтамабіля. Шасейная дарога ў Скародным перайшла ў шырокую вуліцу, забудаваную ў большасці драўлянымі жылымі дамамі, патанаючымі ў зеляніне садоў. Вёска была цэнтрам саўгаса “Скараднянскі”, які рэфармаваны ў КСУП, і пасля далучэння да яго чатырох суседніх гаспадарак, цэнтральнай сядзібай стаў суседні аграгарадок Валаўск. 

Сельвыканкам застаўся ў Скародным, якое таксама атрымала статус аграгарадка. Узначальвае мясцовую ўладу тутэйшая Марына Савітская. Пасля заканчэння аграфака Беларускай дзяржсельгасакадэміі вярнулася ў родныя мясціны, працавала аграномам у гаспадарцы. Адзінаццаты год кіруе сельвыканкамам. Кожны жыхар з дзяцінства знаёмы Марыне Дзмітрыеўне. З боллю ў сэрцы адзначае яна, што хутарамі сталі вёсачкі Баранцы, Сізаны, Стары Мост. А прылягаючыя да Скароднага Захаркі зусім апусцелі. Хто з’ехаў кудысьці, а хто перабраўся ў аграгарадок, дзе зараз пражывае дзве з паловай сотні чалавек. Падведзены газаправод, і некаторыя прыватныя дамы ўжо газіфікаваны. 

Старшыня сельвыканкама Марына САВІТСКАЯ і ляснічы Кацярына ВАЛЫНСКАЯ

Змагаліся скараднянцы, каб кіраўніцтва райспажыўтаварыства не закрывала кафэ, дзе адзначаліся ўрачыстасці, ладзіліся хаўтуры.Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Лапаценка гаворыць, што будынак незапатрабаваны. Моладзь звычайна шлюб рэгіструе ў райцэнтры, і там гуляюць вяселлі. Каб памяшканне агульнай плошчай звыш 400 квадратных метраў не пуставала, яго выставілі на аўкцыён. Тры гады чакае новага гаспадара будынак былога Дома быту. Кошт яго зніжаны да адной базавай велічыні з пэўнымі ўмовамі далейшага выкарыстання. Новы гаспадар з’явіўся ў мура былой хлебапякарні. Там плануецца наладзіць дрэваапрацоўку. З’явіцца дзясятак працоўных месцаў. Развіваецца ў аграгарадку прыватны гандаль. Тутэйшы Аляксандр Іваноў арандуе пад магазін частку будынка аптэкі. У Скародным спрыяльныя ўмовы для развіцця фермерства. У раёне сем прыватных гаспадарак займаюцца жывёлагадоўляй.

БОЛЬШАСЦЬ мясцовых жыхароў занята на вытворчасці ў КСУП “Скараднянскі”, якім восьмы год кіруе Васіль Касенка. Сустракацца з ім даводзілася, як толькі ён узначаліў гаспадарку. Пасля заканчэння інжынернага факультэта Беларускай дзяржсельгасакадэміі пачынаў загадчыкам рамонтных майстэрань, начальнікам вытворчага ўчастка ў Скародным. Меў заманлівыя прапановы ў горадзе. Але не спакусіўся на лёгкае жыццё. Гаспадарка, якой кіруе Васіль Іванавіч, — адна з найбольш буйных у раёне. Спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. Займаюцца тут і мармуровым мясам. Па спецыяльнай тэхналогіі даглядаюць звыш 500 быкоў пароды лімузін, што ўтрымліваюцца ў пастаўніку за аграгарадком Валаўск.

Па-сучаснаму абсталяваны малочна-таварны комплекс “Скароднае”, дзе працуе аператарам машыннага даення Наталля Купрыянава, з якою мы сустрэліся. Разам з калегамі па працы Аленай Драган, Вольгай Максіменка, Людмілай Бельскай і Святланай Стралкоўскай яны дояць 300 кароў. Сярэднегадавы надой перавышае 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы.

Жывёлавод Наталля КУПРЫЯНАВА

У старшыні сельвыканкама пацікавіўся, колькі кароў у прыватных гаспадароў, і ў адказ пачуў, што толькі з дзясятак засталося. Людзі прывыклі, што пастаянна ў магазіны дастаўляюцца свежыя малочныя прадукты высокай якасці. Узгадалася даўняя вандроўка ў Данію, дзе давялося пабываць у фермера Дэна, які мае буйную камп’ютарызаваную свінаферму. Мяне здзівіла, што мясныя вырабы ён набывае ў магазіне. Цяпер так і ў Скародным, падворкі якога больш нагадваюць вялікія клумбы.

РОЗНАКАЛЯРОВЫМІ фарбамі ўпрыгожылі жнівеньскія кветкі ўтульны, усцелены мурагом дворык сям’і Раісы і Міхаіла Купчанкаў, да якіх завіталі. Сямейная пара шэсць дзесяцігоддзяў разам крочыць па жыцці. Прыехалі яны ў Скароднае маладымі спецыялістамі ў 1963 годзе. Міхаіл Іванавіч з дыпломам вучонага агранома-эканаміста ўзначаліў саўгас “Скараднянскі”. Раіса Фамінічна працавала бухгалтарам гаспадаркі, якая спецыялізавалася на адкорме буйной рагатай жывёлы і па эканамічных паказчыках лідзіравала не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Пасля кіраўніцтва саўгасам Міхаіл Іванавіч амаль 20 гадоў узначальваў сельвыканкам. Як і бацька, закончылі Беларускую дзяржсельгасакадэмію дачка Алёна і малодшы сын Аляксей. Эканамічныя дысцыпліны выкладае Алена ў Пераслаўль-Залескім каледжы, што ў Расіі, а сын Аляксей працуе механікам у суседнім КСУП “Дабрынь”. Дзіцячыя галасы звіняць на падворку шчаслівых Купчанкаў. Чатыры ўнукі і пяць праўнукаў радуюць Раісу Фамінічну і Міхаіла Іванавіча.

Ветэраны працы— муж і жонка Міхаіл і Раіса КУПЧАНКІ

Родным стала Скароднае і для сем’яў, выселеных пасля чарнобыльскай трагедыі з забруджаных радыяцыяй вёсак Гомельшчыны. Дружна жывуць тут перасяленцы з іншых куткоў былой вялікай краіны. Людміла Шубіна-Грэкава, з якою сустрэліся, памятае, як іх сям’ю пасля прыезду з далёкага Казахстана, цёпла прынялі сваякі ў Скародным. Бацькам Віктару Ігнатавічу і маці Алене Яўгенаўне далі працу ў гаспадарцы, а Людміле — у дзіцячым садзіку. Малодшыя сястра Галя і брат Сяргей вучыліся ў школе. Цяпер Людміла Віктараўна — шматдзетная маці. Муж яе Сяргей Міхайлавіч працуе вальшчыкам лесу ў лясніцтве. Старэйшая дачка Ангеліна сёлета закончыла сярэднюю школу і марыць стаць рэжысёрам, а малодшай Варвары яшчэ няма і гадка. Сын Мікіта пойдзе ў 11-ы клас. Сельвыканкам выдзяліў шматдзетнай сям’і прасторны дом.

Шматдзетная маці Людміла ШУБІНА-ГРЭКАВА з дочкамі і пляменніцай.

Жывёлаводы Юлія КРАЎЧУК і Наталля РАМАНЧАНКА
Прынялі ў аграгарадку дзве сям’і з украінскага горада Марыупаля, забяспечылі жыллём і працай. Гаспадар шматдзетнай сям’і Дзмітрый Краўчук узначаліў энергетычную службу КСУП “Скараднянскі”, а яго жонка Юлія Сафараўна стала жывёлаводам. Трое дзетак падрастаюць у іх. З двума дзецьмі прыехалі ў Скароднае Наталля і Уладзімір Раманчанкі. Уладзімір Васільевіч папоўніў атрад механізатараў, а Наталля Іванаўна даглядае жывёлу на ферме.

Выпускніца Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта Наталля Пархоменка атрымала размеркаванне ў Скараднянскую ўчастковую бальніцу. Адпрацавала належны тэрмін, выйшла замуж за мясцовага жыхара і засталася тут. З мужам Аляксандрам Мікалаевічам, які настаўнічае ў сярэдняй школе, выхоўваюць сына Данілу. Наталля Васільеўна загадвае ўчастковай бальніцай, разлічанай на 15 месцаў сястрынскага догляду і 5 тэрапеўтычных ложкаў. Паўтара дзясятка медперсанала абслугоўваюць пацыентаў. Размешчана бальніца ў ціхім куточку аграгарадка, да якога падступае сасновы бор. Тут лечаць не толькі лекі, але і сама прырода.

Загадчыца ўчастковай бальніцы Наталля ПАРХОМЕНКА

НА мураваным двухпавярховым будынку бальніцы прымацавана мемарыяльная дошка з надпісам: “Тут працавалі Славецкая Марыя Францаўна і медсястра Цехановіч Настасся Фамінічна, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны актыўна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і геройскі загінулі”.

На фасадзе сярэдняй школы ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар слыннага земляка-франтавіка Героя Савецкага Саюза Лаўрэнція Каплана. Да вайны ён закончыў Скараднянскую сярэднюю школу і Ленінградскае артылерыйскае вучылішча. Прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне. З першых дзён Вялікай Айчыннай змагаўся з гітлераўцамі. Вызваляў Латвію ад фашысцкіх акупантаў. Высокай узнагародай уганараваны ў сакавіку 1945 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя мужнасць і гераізм”. У пасляваенны час жыў у Варонежы. Часта наведваўся на сваю малую радзіму.

Пасля службы ў арміі вярнуўся дамоў Андрэй БАРЫСЕВІЧ

Мемарыяльнай дошкай ушанавана і памяць выпускніка школы Віктара Лубенскага, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Імя мужнага воіна-афганца прысвоена піянерскай дружыне сярэдняй школы. У Скародным жывуць яго маці Марыя Мікалаеўна, сястра Алена і брат Уладзімір. Яны часта выступаюць перад школьнікамі, расказваюць, як рос і выхоўваўся.

Механізатарамі, жывёлаводамі, спецыялістамі розных прафесій сталі яго равеснікі. У былыя гады старшакласнікі атрымлівалі ў школе прафесіі хлебаробаў. Цяпер гэтаму вучацца ў Лельчыцкім дзяржаўным прафтэхліцэі.

Прадавец Ала АСТРОЎСКАЯ

ПРАФЕСІЮ ляснічага атрымала выпускніца школы Кацярына Валынская. Вярнулася дамоў і ўзначаліла лясніцтва, уладанні якога раскінуліся амаль на 12 тысячах гектараў. Цікава было слухаць Кацярыну Арсеньеўну, калі яна расказвала пра прыроднае багацце гэтага паўднёвага куточка Беларусі, дзе захаваліся некранутыя векавыя дубравы, сасновыя бары, бярозавыя гаі, асіннікі і чорная вольха. Недалёка адсюль узвышаецца над лясным масівам тысячагадовы волат, якому Уладзімір Караткевіч прысвяціў свой слынны твор “Цар-дуб”. Літаратар пісаў, што лес выхаваў характар беларуса. У адным з яго твораў ёсць такія радкі: “Наш чалавек і лес — родныя, таму беларус любіць яго… Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, і проста так (“уехаў у лес, бы ў кажух улез”), лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны”.

Пенсіянерка Ганна КАВАЛЕНКА

Пашыраюцца лясныя ўгоддзі навокал Скароднага. Толькі сёлета, па словах Кацярыны Валынскай, у лясніцтве пасаджана амаль 40 гектараў дуба, бярозы і сасны. У апошнія гады прыраслі дубравы, дзе пасля цёплых дажджоў хоць касой касі баравікі. 

У родны куток Палесся, так багаты на прыродную даніну, як на крылах, ляцеў пасля службы ў арміі Андрэй Барысевіч, з якім сустрэліся перад развітаннем з аграгарадком. Да службы ў арміі набыў будаўнічую прафесію ў Мазырскім прафтэхліцэі. Дома яго сустрэлі бацькі Параскоўя Дзмітрыеўна і Аляксандр Міхайлавіч, а таксама брат Віталік. Шчыра прызнаўся юнак, што ў грыбах хоча душу адвесці. А потым яго чакае праца будаўніка.

НЯХАЙ новабудоўлямі прырастае багатае на працавітых людзей старажытнае Скароднае, дзе заўжды сустракаюць хлебам і соллю!

Ельскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter