Скарбы Уладзіміра Цвіркі

Па спецыяльнасці ён — мастак, працуе вітражыстам. Ён жа і рэстаўратар: дае старым рэчам новае жыццё. А яшчэ вандроўнік: не стамляецца распрацоўваць ды на сабе апрабоўваць новыя турыстычныя маршруты па краіне
Знаёмства нашае пачалося па тэлефоне. Я ведала: у этнамузеі, што стварыў майстар на сваім лецішчы, працуе самы малы ў Беларусі млын-ветрачок. Вось і пацікавілася ў гаспадара, як туды патрапіць. Ён жа прапанаваў не толькі туды падвесці — у пасёлак Хадакова, што пад Мінскам, але і расказаць пра амаль кожны з экспанатаў нешта цікавае.


Беларусь для Уладзіміра Цвіркі — неабсяжная прастора для вандровак

Таямнічае люстэрка

Першае, што здзівіла: вакол лецішча-музея Уладзіміра Цвіркі няма агароджы. Гаспадар, прызнаецца, рады кожнаму госцю — суседу ці незнаёмцу. Лічыць: як сам ставішся да людзей — так і яны да цябе. За пяць гадоў, як музей адкрыўся, не скралі ў яго, на шчасце, ніводнай рэчы, наадварот — прывозяць. “Кожны вяртаецца да мяне з падарункамі: знаходзяць людзі непатрэбныя чыгункі, куфры, прасы на гарышчах ды ў кладоўках бабуляў — і пра мяне ўспамінаюць, — усміхаецца Уладзімір Андрэевіч. — Часам гаспадары аддадзеных рэчаў прыязджаюць потым у госці, кажуць, што ў мяне яны выглядаюць па-іншаму”. Тое і зразумела: па спецыяльнасці Уладзімір — мастак-дызайнер і чарцёжнік-канструктар. А сакрэты рэстаўратарскія засвойваў самастойна. І цяпер старыя рэчы ў яго руках атрымліваюць другое жыццё. Вось, напрыклад, пад столлю аднаго з пакояў у гасцявым доме вісяць два драўляныя колы, прыстасаваныя пад свяцільні. 

Ён ведае гісторыю амаль кожнай рэчы, якую прывозіць са шматлікіх вандровак. З некаторымі звязаны і сапраўдныя легенды, якія расказвае гаспадар шэптам. Напрыклад, пра люстэрка XVIII стагоддзя, што належала вядзьмарцы Уле: яго знайшлі недзе пад Рубяжэвічамі. Называлі яе й варажбіткаю, жанчына дапамагала людзям, лячыла іх рознымі травамі. Тое люстэрка цяпер — у містычным куточку ў доме Уладзіміра. Між тым гаспадар кажа, што захоплены ён не столькі старымі рэчамі, колькі іх гісторыямі. Паказвае груба высечаны сякерай драўляны коўш: “А чаму ён не скончаны? Можа, з майстрам нешта сталася? У тым каўшы нібыта спыніўся час. У кожным прадмеце заўсёды ёсць нейкая таямніца”.

Многія з рэчаў, знойдзеных у зруйнаваных дамах ці на звалках, у ягонай майстэрні пераўтвараюцца ў сапраўдныя творы мастацтва. І там, лічыць гаспадар, рэчы прывыкаюць да яго, а ён да іх. Сёння ў рабоце ў Цвіркі — калыска ды нейкі корч, з якога ён плануе вырабіць... посах для Дзеда Мароза. Дарэчы, працуе майстар пераважна старымі інструментамі, многім з якіх — больш за паўстагоддзя... 


У гасцявым доме на лецішчы

Паціху набліжаемся і да ветрачка — бадай што самага незвычайнага экспаната з калекцыі. “Заходзьце! — запрашае гаспадар. — Калі ж яшчэ ўдасца пабываць у сапраўдным млыне!” Адразу бачу чорна-белы фотаздымак на сцяне. Пэўна, былы гаспадар ветрака? Так. Гэта Канстанцін Іванавіч Жыткоў з вёскі Мікіцк, што пад Драгічынам, сабраў у 1930-х млын. Ім карысталася ўся вёска! Пасля вайны, у 55-м, гэты млын яшчэ рэстаўраваўся, а ў апошнія гады стаяў там без справы. Спарахнелі часткі канструкцыі, згубіліся крылы... А Уладзімір яго вярнуў да жыцця, максімальна захаваўшы дэталі. “Кукурузную муку на ім неяк малолі, — радуецца майстар. — Аладкі надта ж смачныя атрымаліся!”

На лецішчы ўсё зроблена рукамі гаспадара: масток цераз сажалку, альтанка, хатка для кошкі Соні... Па яго праектах паўсталі дзве хаты — гаспадарская і для гасцей — “у стылі рэтра з элементамі кантры”, як жартуе Уладзімір Андрэевіч. Там, напрыклад, элементы вялізных магазінных лічыльнікаў савецкіх часоў (па-руску счеты) утварылі бялясіны на лесвіцы, на сценах — калекцыя вышыванак, сярод якіх і дарэвалюцыйныя, і даваенныя. Яшчэ мноства прасаў, чарнільніц, старых навагодніх цацак, паштовак... Здаецца, ён збірае ўсё на свеце. Аднак рэчы дзіўным чынам спарадкаваныя: кожная на сваім месцы. Там сабрана і шмат кінастужак. “Уявіце сабе, як хораша бывае паглядзець на мансардзе фільм “Парыж з вышыні птушынага палёту” 1963 года, — усміхаецца гаспадар. — Для дарослых гэта — як вяртанне ў дзяцінства, а для дзяцей — “диковинка”.


Што ні рэч, то экспанат

Абярэг для Хадакова

Падзяліцца ўбачаным — гэта яму таксама падабаецца. Таму на вялізным экране праз праектар часта паказвае Уладзімір Цвірка родным і сябрам фотаздымкі з цікавых мясцін Беларусі, зробленых пад час яго падарожжаў. Згадвае: яшчэ ў дзяцінстве ён ля роднай вёскі Азярское ў Карэліцкім раёне, а яна непадалёк ад былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Міры, шукаў згубленую бібліятэку знакамітага роду. Далей — болей: з часам пачаў падрабязна вывучаць гарады і вёскі краіны. І сёння шукае цікавыя будынкі, сядзібы, збірае звязаныя з імі легенды. А затым складае маршруты-гіды па краіне. Усяго, кажа, іх набралася ўжо 150. 

Цяпер Уладзімір Цвірка вядомы і як аўтар турпраекта “150 залатых маршрутаў маёй Беларусі”: з такою менавіта кнігаю летась ён стаў пераможцам ХІ Нацыянальнага конкурсу СМІ “Залатая літара”. І яго фотавыстава на працягу тыдня экспанавалася ля Палаца спорту ў Мінску. Нядаўна ж на старонцы ў фэйсбуку ён распачаў праект “Руіны Беларусі”. Кажа, водгукаў шмат. Часам мясцовыя жыхары самі падказваюць, куды можна паехаць, што паглядзець.


У гэтым этнамузеі ўсё зроблена рукамі гаспадара 

Ён умоўна падзяліў усю краіну на “выспачкі”, якія можна дасканала агледзець за адзін-два дні. У Мінскай вобласці такіх набралася 29, у Гродзенскай — 36, Брэсцкай — 28, Віцебскай — 24, Магілёўскай — 14, Гомельскай — 8. На кожным з маршрутаў ёсць па 8-9 цікавых помнікаў, храмаў, прыродных аб’ектаў. “Шляхі складаў максімальна зручна, каб чалавек не траціў шмат часу на пошукі, — удакладняе Уладзімір. — З-за таго складанасцяў бывала нямала. Міншчыну, напрыклад, тройчы “перакройваў”. Ёсць, скажам, вёска Макасічы: анікуды не ўпісвалася. А камень такі прыгожы там, ды яшчэ з гісторыяй. Ліхая цётка, па легендзе, неяк паслала малую пляменніцу ў лес па галлё. Па дарозе дзяўчынку напаткала навальніца. Каб схавацца, тая падбегла да каменя якраз у тую хвіліну, калі ў яго ўдарыла маланка і адбіла кавалак. Пад ім дзяўчынка і выратавалася. Камень жа пасля стаў нагадваць крэсла, за тое і празвалі яго: “Крэсла для Параскі”. Так што не мог я Макасічы пакінуць па-за маршрутам...”

З усіх падарожжаў Цвірка прывозіць гісторыі. І ў першым турбуклеце з чатырма кірункамі ды картамі па Мінскай вобласці, што нядаўна выйшаў у выдавецтве “Туринфо”, ёсць легенда ад аўтара. Да друку рыхтуюцца іншыя. Усяго запланавана каля 40 буклетаў — каб умясціць усе 150 маршрутаў. Уладзімір не спыняецца: выдаецца часіна — збіраецца ў дарогу. Гаворыць, для завяршэння праекта яму патрэбна гады два-тры... Распрацоўвае і тэматычныя вандроўкі: напрыклад, “Піраміды Беларусі” ды “Камяні Беларусі”. Камянёвымі крыжамі ўвогуле захапіўся: хацеў нават сабе ў Хадакова які прывезці. Аднак перадумаў: бо крыж, кажа, ёсць абярэг пэўнай мясцовасці. Цяпер, аднак, ён сам высякае камянёвы крыж — для лецішча.

Партрэт майстра 

Уладзімір Цвірка — чалавек адметны. У яго “глыбокі” мэтанакіраваны позірк, упэўне­ныя энергічныя рухі. Пра творчы склад яго натуры гавораць доўгія валасы, сабраныя ў хвост, ён з густам апранаецца. Сам пра сябе субяседнік гаворыць: “Калі ўжо чым займаюся, дык сур’ёзна”. Тое датычыцца, у першую чаргу, яго асноўнай працы. А вырабляе ён мастацкія інтэр’ерныя вітражы ў стылі “Ціфані”. Тэхналогію засвоіў у свой час у Польшчы, а ў 1999 годзе адкрыў творчую майстэрню ў Мінску. З цягам часу выпрацаваў асабісты стыль: працы яго лаканічныя, мяккія. Сярод заказчыкаў шмат замежнікаў. А свае вітражы Уладзімір Цвірка дабрачынна ўсталяваў у Свята-Троіцкім храме ў Міры, а таксама ў царкве Казанскай Божай Маці ў вёсцы Беражное, што ў Карэліцкім раёне.


Адрас музея ў Хадакова

Ён лічыць сябе чалавекам шчаслівым. У яго ёсць любімы занятак (ды не адзін!), праца, сям’я. Жонка Ганна кіруе будаўнічай кампаніяй, мужа падтрымлівае ва ўсіх яго пачынаннях. З задавальненнем бывае на лецішчы ў цёплую пару: вырошчвае гуркі ды бульбу, разводзіць кветкі. Дзеці — дочкі Кацярына і Таццяна, сын Яўген — таксама частыя госці ў бацькоў на лецішчы. “У тым поспех бацькоў, — упэўнены Уладзімір, — калі дзеці самі ствараюць свае жыцці. Я ім заўсёды казаў: калі хтосьці з вас стане мільянерам, а хтосьці — прыбіральшчыкам, то я буду дапамагаць мільянеру. Таму што ён правільна скарыстаў тыя магчымасці, што далі бацькі. Дзеці дагэтуль памятаюць тыя словы”. З гонарам бацька расказвае, што яго Каця знайшла сябе ў музыцы: спявае, піша песні, робіць аранжыроўкі, Таццяна працуе ў сферы гандлю, а Яўген стаў добрым будаўніком. Радуюць Уладзіміра і ўнукі — дзве дзяўчынкі і хлопчык, для якіх ён не проста дзядуля, а сапраўдны сябар. Так што Уладзіміру Цвірку ёсць з кім дзяліцца захапленнямі, ёсць каму перадаваць у спадчыну назбіраныя ды ўласнаручна створаныя скарбы. 

Дарэчы.

Сёлета напрыканцы красаві­ка ля Палаца спорту ў Мінску ладзілася аднадзённая выстава Уладзіміра Цвіркі: дэманстравалася 30 яго фотаздымкаў з розных месцаў Беларусі. Прадстаўнікі гарадскіх уладаў прапанавалі аўтару і месца для больш працяглай экспазіцыі: уздоўж праспекта Незалежнасці, ля парка Чалюскінцаў. А ў Гомелі выстава яго фотатвораў працуе і цяпер — да канца мая.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter