Скарбы малой радзімы

Шаноўныя чытачы, вялікі дзякуй вам за такія незвычайныя і каларытныя легенды, якія вы дасылаеце нам!

Шаноўныя чытачы, вялікі дзякуй вам за такія незвычайныя і каларытныя легенды, якія вы дасылаеце нам! Разам з вамі мы адкрываем для сябе столькі цікавых мясцін і цудоўных гісторый! Проста дзіву даешся, колькі фактаў прыхавала гісторыя нашай спадчыны. А мы маглі б ніколі пра іх і не даведацца, калі б не вашы лісты. Давайце ж разам падарожнічаць па таямнічых месцах нашай краіны — дасылайце, калі ласка, легенды і паданні пра свой родны край на электронны адрас pismo@ng.by альбо на паштовы адрас рэдакцыі з пазнакай “На конкурс легенд і паданняў”.

Крынкі жывой вады

Беларусь наша багатая на мясціны, авеяныя паданнямі і легендамі.. Ёсць такія і ў нас на Лёзненшчыне.

Жыхары раёна добра ведаюць вёску Крынкі. З глыбіні стогоддзяў да нашага часу дайшлі легенды пра гэтае паселішча.

Даўным-даўно, як сведчыць легенда, на курганку, які зараз знаходзіцца амаль пасярэдзіне вёскі, з-пад зямлі выбілася крынічка, маленькая, ледзьве прыкметная. Чысцюткая і звонкая. Прыляталі сюды птушачкі вадзіцы напіцца, падыходзіў звер, які з капытца піў.

Колькі часу так доўжылася — толькі сама крынічка і ведала. Зімою яна спакойна гурчэла пад лёдам, пакінуўшы невялічкую адтуліну для таго, хто захоча напіцца. А вясною, калі ажывала ўся прырода, то і крынічка станавілася весялейшай.

Аднойчы вясной натрапілі на яе пастухі. А яны, калі знойдуць дзе крынічку, то абавязкова яе да ладу давядуць. І ў гэтым выпадку стары дзед-пастух загадаў малым падпаскам асцярожненька гэтую крынічку раскапаць, ачысціць ад пяску і ламачча і пашырыць ёй месца для вады. Потым яны зрабілі невялікі зруб над крынічкай, сплялі з бяросты карэц, павесілі яго на гольцы, каб любы чалавек змог напіцца вады.

З таго часу нямала гадоў мінула. Тыя дзеці ўжо дарослымі сталі. А крынічку гэтую людзі вельмі любілі, бо вада ў ёй заўсёды была чыстая, прыемная на смак. Ды яшчэ ўлетку сцюдзёная, а зімою, нават у люты мароз, ніколі не замярзала. Да яе прыходзілі пакланіцца, а часам і паваражыць, каб зазірнуць у далёкую будучыню. І ў святы, і ў будзённыя дні да крынічкі прыходзілі, каб засцерагчы сябе ад хваробаў. Крынічнай вадой аблівалі адзін аднаго, купалі дзяцей, бралі ваду з сабой, якая хуткім вірам “змывала” грахі, нагаворы, сурокі, смутак.

Ды быў у тых краях пан, які даведаўся, што крынічка карыстаецца вялікай папулярнасцю, і захацеў на гэтым барыш мець. Па загаду пана вяскоўцы збудавалі капліцу над крынічкай. Прыгожая такая, беленькая каплічка атрымалася, нібы яе хто фарбамі намаляваў. Сабраліся людзі на наступны дзень да крынічкі, а капліца на вялікі замок зачынена — да вады не дабрацца, хворым і тым падаць яе нельга. Паднявольныя, бяспраўныя сяляне мусілі змірыцца з панскай дурасцю. А родная наша зямелька не скарылася пану. Яна схавала ваду — і крынічка знікла, перастала біць з зямлі. Толькі сухое каменне нагадвала, што некалі тут была  яна...

А праз пару дзён наваколле абегла навіна — ажыла вада, знайшла сабе выхад на паверхню зямлі, забіла крыніцамі — крынкамі па-нашаму — у многіх іншых месцах, як і некалі, са свежай, чыстай, смачнай вадой. А людзі заўсёды сяліліся там, дзе была вада. Таму і вёску, якая пазней на тым пагорку з крынічкамі ўзнікла, назвалі таксама Крынкі.

Юлія ЕРМАКОВА,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага
медыцынскага ўніверсітэта

Жаўрукова вёска — Яруцічы

Неяк адна бабуля расказала мне цікавую гісторыю.

У спякотны жнівеньскі дзень кіпела работа на жытнёвым полі. Як раптам пацямнелі нябёсы, пакрылася начным змрокам усё наўкол, нібыта тое сонечнае зацьменне пачалося. Пачуліся страшэнныя раскаты грому, маланкі вогненнымі стужкамі аплялі зямлю і неба. З нябеснай вышыні бясконцымі патокамі ліў дождж, усё наўкол затапіла вада. Здавалася, што пачаўся сусветны патоп, а за ім і канец свету. Тады збіліся ў натоўп, шчыльна прыціснуліся адзін да аднаго. Імі авалодала адчуванне пагібелі. Яны не ведалі, што рабіць і як уратавацца ад стыхіі. Бліскавіцы ўспыхвалі ўсё больш і больш імгненна, а раскаты грому ператварыліся ў бесперапынны грукат, ды такі моцны і страшны, нібыта палілі на ўсю моц тысячы гарматаў. Людзі плакалі і стагналі, быццам іх душы апынуліся ў самым цэнтры пекла.  Менавіта ў гэты момант здарылася тое, чаго больш за ўсё баяцца людзі ў час такой стыхіі. Ад бесперапынных удараў маланкі  хаты ў вёсцы ўспыхвалі, бы тыя свечкі, адна за адной. Зарыва пажару рассеяла навакольны змрок, быццам здарыўся не пажар, а пачалося вывяржэнне магутнага вулкана. Нейкая невядомая сіла зрушыла людскі натоўп. Усе кінуліся ратаваць вёску, ратаваць ад агню свае родныя хаты. Адлегласць ад поля да вёскі была немалая, больш за тры вярсты.

Стыхія скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалася. Больш дужыя ды маладыя першымі дабеглі да таго месца, дзе калісьці была вёска. Ад яе засталіся толькі галавешкі.

Грамада вырашыла, што праклятым было тое месца, на якім стаяла вёска. Хтосьці ўспомніў пачутае ад сваіх дзядоў і прадзедаў сумнае паданне. На месцы, дзе потым з’явілася вёска, была адзінокая магіла чалавека, што скончыў жыццё самагубствам. Прайшло шмат часу, месца тое зраўнялася з зямлёй, а людзі пра гэтае здарэнне забылі і на тым месцы сталі будаваць вёску.

Пасля пажару сяляне вырашылі пабудаваць вёску на новым месцы. Доўга выбіралі яго, шмат раіліся між сабою. Нарэшце вясковы старшыня забіў у зямлю калок і сказаў: “Будзем чакаць, якая птушка сядзе на яго. Калі варона ці шуляк, чакай новай бяды”.  На той калок першым сеў жаваранак, веснік вясны ды росквіту прыроды. Так пачалося новае жыццё вёскі Яруцічы, што на Слонімшчыне.

Васіль РАКУЦЬ,
в. Новадзявяткавічы,
Слонімскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter