Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Цюмені шырока і прыгожа святкаваўся 20-гадовы юбілей Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь”

Скарбы добрых спраў

З вышыні гадоў заўсёды цікава глядзець на пройдзены шлях: што зроблена, як рухацца далей? У Цюмені ж да юбілею суполкі прымеркаваныя былі сёлетнія Дні беларускай культуры, якія праходзілі па вобласці з 22 кастрычніка па 2 снежня. На розных пляцоўках ладзіліся сустрэчы, канцэрты, выставы… Дзякуючы ім ахвотныя маглі знаёміцца з узорамі беларускай культуры, больш даведацца пра святы, звычаі, абрады беларусаў у Сібіры. У прыватнасці, пра пераемнасць традыцый, повязь пакаленняў сведчыла выстава “У промнях сонца”, што ладзілася ў сяле Дзясятава Ішымскага раёна: дэманстраваліся лепшыя працы юных мастакоў з мясцовай Дзіцячай студыі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Вясёлка”. У вёсцы Ермакі Вікулаўскага раёна прыцягнула ўвагу этнаграфічная выстава “У пошуках мінулага”: энтузіясты збіраюць там прадметы побыту беларусаў-самаходаў канца XIX—  пачатку XX стагоддзяў. І ў вёсцы Новабярозаўцы Арамашаўскага раёна выстава “Сцяжынкамі продкаў” таксама прысвечана самаходам, у якіх беларускія родавыя карані.

Першае знаёмства з выцінанкай
фота Наталлі Габрусь

Што да канцэртаў, то згадаем найперш юбілейны “Люблю цябе, родная Белая Русь!”: ён прысвячаўся 15-годдзю Моладзевага ансамбля беларускай музыкі ды песні “Палессе” (мастацкая кіраўніца — выпускніца Беларускай дзяржкансерваторыі Тамара Грыгор’ева). У Цюмені, у канцэртнай зале Палаца нацыянальных культур “Строитель” гучалі народныя і эстрадныя песні, найгрышы на баяне, гармоніку, цымбалах, былі прадстаўлены й беларускія танцы. А ў сяле Дзясятава прайшла святочная дзея “З глыбінь народных”, пад час якой ансамблі беларускай песні “Бярозка” ды “Жывіца” знаёмілі гледачоў з гісторыяй, абрадамі, звычаямі, традыцыямі, песнямі беларусаў-самаходаў вобласці. Вядомы й за межамі вобласці Народны ансамбль беларускай песні “Лянок” даў канцэрт “У гучанні музыкі — народны пачатак”.

А якая прыгажосць і сіла ў беларускіх народных святах! Пад час Дзён у вобласці прайшло свята ўраджаю Багач — у вёсцы Навалокці, што ў Ішымскім раёне. Беларускія гурты “Лянок”, “Спадчына”, “Сузор’е” натхнёна спявалі як жніўныя песні, так і пра Бацькаўшчыну, каханне, сям’ю, да таго ж правялі на вясковай вуліцы абрад Багач. Ён глыбокі па сэнсе, яркі, прыгожы. (Пра тое, як праводзяць Багач беларусы ў Іркуцку — гл.: “Жывы агонь даўніх традыцый” (ГР, 6.11.2014). — Рэд.). А ў Заводаукаўскім раёне, у вёсцы Лыбаева беларусы правялі старадаўні абрад памінання продкаў Дзяды.

Цюменьскія беларусы М. Піскун і В. Кашаед

Згадаем гімназіі ды школы — там таксама беларусам рады, і шэраг імпрэзаў ладзіўся для дзяцей і падлеткаў. Напрыклад, у 5-й гімназіі Цюмені прайшла канцэртная праграма “Добры дзень таму, хто ў гэтым даму”, прысвечаная святу Багач. Беларусы расказалі пра яго адметнасці, гучалі адпаведныя песні, гімназісты паўдзельнічалі ў самім абрадзе. У 37-й школе Цюмені ладзілася праграма “Традыцыі і рамёствы” — для вучняў малодшых класаў. Спецыялісты па беларускай культуры з Цэнтра нацыянальных культур шмат цікавага расказалі дзецям, вадзілі з імі карагоды, паказалі вырабы з саломкі, вышыўкі, выцінанкі. У 5-й ды 16-й гімназіях тэматычныя сустрэчы прайшлі пад назвай “У сям’і беларусаў” — прысвячаліся яны сямейным традыцыям, асаблівасцям выхавання, побыту беларусаў. Гаварылі, чаму шмат было ў Цюменьскай вобласці беларусаў-самаходаў, гучалі песні на беларускай і рускай мовах, ладзіліся беларускія гульні. У школах, гімназіях звярталі ўвагу на тое, што расіяне і беларусы маюць агульны Дзень народнага адзінства, дэманстраваўся відэаролік “Расія — Беларусь”.

Тамара Грыгор’ева, кіраўніца гурта “Палессе”, адзначае: Дні беларускай культуры — гэта штогод значная падзея ў культурным жыцці вобласці. Актывістам беларускага руху цікава працаваць у школьных, маладзёжных аўдыторыях: там да беларусаў ёсць інтарэс. А сустрэчы праходзяць шумна й весела, у гульнявой форме, з выкарыстаннем наглядных матэрыялаў, з музыкай, песнямі.

Беларускія стравы на свяце ў Цюмені
фота Наталлі Габрусь

Завяршаліся Дні беларускай культуры ў Цюмені, у Палацы нацыянальных культуры “Строитель”: вялікім святочным гала-канцэртам “З імгненняў складваюцца лёсы”, з запрашэннем актывістаў іншых дыяспар, нашчадкаў беларусаў-самаходаў з аддаленых вёсак вобласці. Старшыня праўлення таварыства “Аўтаномія Беларусь” Марыя Піскун, яе паплечнікі шмат папрацавалі, каб усё прайшло як мае быць. Сама ж энтузіястка, цудоўная спявачка, салістка сямейнага гурта “Спадчына”, лічыць: гэта яркая, захапляльная імпрэза штогод зараджае многіх стваральнай энергіяй, дае сілы, нягледзячы на розныя выклікі жыцця й часу, годна, прыгожа, з песняй беларускай ісці па жыцці. Сёлета ж да святочнай дзеі далучыліся многія гурты: “Акварель”, “Сузор’е”, “Жывіца”, “Вясёлка”, “Лянок”, “Палессе”, “Спадчына”, “Вячоркі”, “Россияночка”. Выходзілі на святочную сцэну й маладыя таленавітыя салісты. На думку спадарыні Марыі, гэта, як і багатая праграма Дзён, сведчыць пра здароўе і прыгажосць беларускага руху, пра вялікі патэнцыял таварыства “Аўтаномія Беларусь”.

Са сцэны гучала шмат добрых слоў, віншаванняў. Актывісты беларускага руху атрымалі граматы, падзякі, выступалі творчыя калектывы. А ў прасторным вестыбюлі Палаца госці разглядалі творы на выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці, каштавалі дранікі ды іншыя беларускія стравы. 

На адрас Марыі Піскун паступіла шэраг віншавальных тэлеграм. За добрасумленную працу падзякі ад старшыні Цюменьскай абласной Думы атрымалі абласная грамадская арганізацыя “Саюз — інтэграцыя братэрскіх народаў” (ёй кіруе Уладзімір Шугля) і таварыства “Аўтаномія Беларусь”. Падзячныя пісьмы актывістам беларускага руху ў Цюмені даслаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Леанід Гуляка. У прыватнасці, адзначаны Народны самадзейны калектыў — вакальны ансамбль беларускай песні “Лянок” (мастацкі кіраўнік Клаўдзія Зуева), Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вячоркі” (Валянціна Міхіенка), Народны фальклорны ансамбль “Россияночка” (Надзея Вычужаніна), Вакальны сямейны ансамбль “Спадчына” (Надзея Падкарытава). Ушанаваны й актывісты дыяспары: старшыня Цюменьскай гарадской грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў” Наталля Габрусь, старшыня Мясцовай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў горада Табольска” Уладзімір Габрусь, старшыня Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Цюменьскай вобласці” Мікалай Сапега, вядучы спецыяліст аддзела па ўзаемадзеянні з палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі й прафілактыцы экстрэмісцкіх праяў Камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменьскай вобласці Сяргей Яфімчык.

Віншаванні супляменнікам, а таксама й падзячнае пісьмо ў Цюмень даслала дырэктарка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Мінкультуры Беларусі Вольга Антоненка. Пасол Беларусі ў Расіі накіраваў Падзячныя лісты на адрас ансамбляў: адзначаны вядомыя гурты “Жывіца”, “Сузор’е”, “Бярозка”, Вакальная дзіцячая студыя “Вясёлка”, а таксама Студыя дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Вясёлка”, Ансамбль беларускай музыкі й песні “Палессе”. 

Зрэшты, усе віншаванні-падзякі, якія заслужылі актывісты беларускага руху, і не пералічыць. Сёння аб’яднанне “Аўтаномія Беларусь” — гэта вялікая дружная сям’я, у якой кожны імкнецца нешта рабіць на карысць беларускай культуры. Спадзяемся, і надалей газета будзе расказваць пра іх на сваіх старонках: энтузіясты вартыя таго. А дзякуючы публікацыям пра залацінкі добрых спраў цюменьскіх беларусаў будуць ведаць і на гістарычнай Бацькаўшчыне.

Людміла Бакланава, Наталля Габрусь, г. Цюмень

Голас Радзімы № 48 (3552), чацвер, 21 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter