Скарбонка невычэрпная. І незапоўненая

Незвычайная калекцыя Зміцера ЦехановічаНеяк мой даўні сябар Зміцер Цехановіч — супрацоўнік аднаго з вядомых банкаў — запрасіў у госці. Мы пілі гарбату ў адным з пакояў ягонай утульнай кватэры, калі на рабочым стале Зміцера мне кінуўся ў вочы ладны стос набранага тэксту. Не ўтрымаўся, каб не зазірнуць. І як філолаг па прафессіі імгненна зразумеў, які скарб трымаў у руках. Гэта быў практычна гатовы зборнік афарыстычных выказванняў многіх найвядомейшых людзей Беларусі — ад старадаўняй да навейшай гісторыі. Наколькі мне было вядома, такога кшталту зборнікаў на нашай культурнай прасторы дагэтуль не існавала! Шмат гадоў працуючы ў журналістыцы, я заўсёды імкнуся прытрымлівацца няпісанага правіла — не задзейнічаць у сферы сваёй прафесійнай дзейнасці блізкіх і сяброў. Але тут утрымацца не змог і прапанаваў Зміцеру Цехановічу прэзентаваць ягоную, на мой погляд, сапраўды унікальную калекцыю афарызмаў у сваёй роднай газеце.

А пачаў з галоўнага: як узнікла сама ідэя калекцыяніраваць беларускія афарызмы?
— Адкажу словамі нашага слыннага пісьменніка Янкі Брыля: “Уважлівае, зацікаўленае знаёмства з добрай, з адборнага зерня складзенай анталогіяй паэзіі аднаго народа ці народаў некалькіх дае магчымасці і права сказаць, што ты тую паэзію пазнаў, няхай не поўнасцю колькасна, але па якасці дастаткова”.
Вышэй прыведзеная думка нашага класіка, мне падаецца, не менш справядлівая і ў дачыненні да анталогіі афарызмаў. Бо яны ёсць плён шматвяковага роздуму лепшых з лепшых прадстаўнікоў таго ці іншага народа. І беларускі народ тут не выключэнне. Многія пакаленні беларусаў фармулявалі сваё бачанне жыцця ў сціслыя, але змястоўныя формы, перададзеныя наступнікам у радках літаратурнага твора, ці асабістага дзённіка, пісьма ці палымянай прамовы, ці, нарэшце, народнай песні, прыказкі, прымаўкі. І тут нашыя духоўныя аўтарытэты сваім суседзям не саступалі ні ў чым...
Скажам, у знакамітым беларускім мястэчку Мір на муры аднаго старадаўняга дома ёсць такі надпіс, датаваны 1609 годам: “Для сябе будую дом./Табе, нашчадак, у добры дар./ Калі падабае — прымі з удзячнасцю./Калі дрэнны — збудуй новы.” Тут і мудрасць, і гонар, і краса. У гэтым беларускім афарызме, здаецца, сама душа нашага народа — працалюбівага, гордага, зычлівага.
— Мяркуючы па тым, што я трымаю ў руках, у духоўным і культурным плане ты пачаў у адзіночку апрацоўваць амаль неўзаранае поле. Пакуль не даводзілася гартаць падобнага кшталту беларускіх зборнікаў, за выключэннем хіба невялічкай выдадзенай дзесяткі гадоў таму кніжачкі літаратурных афарызмаў Фёдара Янкоўскага. А між тым зборнікі афарызмаў — гэта адзін з індыкатараў засваення ўласнай культуры.
— Дарэчы, той жа Фёдар Янкоўскі, якога пісьменнік Павел Місько назваў  “майстрам дэталі і слова, пісьменнікам тонкага густу”, марыў скласці вялікую кнігу афарызмаў...
— А наколькі вялікая твая калекцыя сёння?
— Мне ўдалося сабраць каля тысячы афарызмаў больш чым ста аўтараў — з XII і па XX стагоддзе.
— І ўсё ж цікава, чаму прафесійны эканаміст, які, здаецца, не мае ніякага дачынення да літаратуры, пачаў збіраць афарызмы? Гэта ж ні ў чым не перасякаецца з “працэнтамі”, “прыбыткам”, “балансамі” тваёй непасрэднай працы...
— Насамрэч мае праца і прафесія толькі дапамагаюць майму захапленню. Важнейшай часткай маіх прафесійных абавязкаў з’яўляецца сістэмная аналітычная праца. Таго ж патрабуе і ўкладанне кнігі афарызмаў. Гэта аналіз тэкстаў (літаратурных, публіцыстычных, навуковых), выяўленне ў іх яскравых, самадастатковых думак-афарызмаў. І, нарэшце, іх сістэматызацыя паводле абранага прынцыпу.
— Але для такой скрупулёзнай справы патрэбны яшчэ і час...
— Як ні дзіўна, якраз фактар адсутнасці вольнага часу і пасадзейнічаў майму хобі. “Разрываючыся” між працай і сям’ёю, я маю зусім няшмат вольных гадзін. Таму чытанне дзеля чытання дазволіць сабе не магу. Але не магу і не чытаць, бо з маленства прывучаны да кнігі. У такой сітуацыі выйсце — у чытанні мінімальна неабходным, але ўважлівым, асэнсаваным, “у асалоду” і з маркерам у руцэ, пазначаючы думкі і фразы, якія найбольш спадабаліся. У такім вось працэсе і з’явілася думка аб стварэнні зборніка афарызмаў.
— Але, напэўна, не толькі і не столькі адсутнасць часу стала штуршком для такой, на мой погляд, амаль тытанічнай шасцігадовай працы?
— Безумоўна... На мой погляд, большасць з нас, беларусаў, надзіва некампетэнтная ў сваёй літаратуры, надзвычай разнастайнай і багатай, але якую мы пакуль што не здолелі як след “раскаштаваць”. А як можна быць кампетэнтным у тым, што крыху спазнаў?
У нас не пераствораныя сучаснаю беларускай мовай цэлыя корпусы старабеларускіх тэкстаў, надзвычай мала акадэмічных выданняў (нават сваёй класікі), дзе падаюцца варыянты твораў, дзе сабрана ўсё, што датычыцца аўтара. Далёка не ўсе нашыя класічныя творы “парасцяганыя” належным чынам на цытаты...
Хацелася б па меры сваіх сціплых магчымасцей дапамагчы неабыякавым чытачам адкрыць для сябе тое, што калісьці было адкрыццём для мяне самога. Да таго ж зараз сітуацыя пачынае  мяняцца. Беларуская дзяржаўнасць відавочна выйшла з узросту немаўляці, “стала на ногі” і пачала  рашуча ўмацоўваць сваю культурную прастору. Мы пакуль што яшчэ ледзь прыгубілі келіх з дарагім, каштоўным напоем нашай беларускай культуры. Але ёсць усе шанцы, каб гэты напой быў рассмакаваны. Пра тое сведчыць узрослая цікавасць да турызму па краіне, паступовае аднаўленне помнікаў архітэктуры, выхад у свет грунтоўных даследаванняў, шыкоўных фотаальбомаў з беларускімі краявідамі, россып новых імёнаў у літаратуры...
Канцэпцыя маёй кнігі вельмі простая: гэта цытаты з аўтараў, прычым аўтараў знакавых для Беларусі, імёны якіх ужо сталі гісторыяй і выпрабаваны часам, аўтараў самага шырокага спектру: ад пісьменнікаў і мастакоў да дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, выбітных прафесіяналаў сваёй справы...
— І калі тваю унікальную працу змогуць ацаніць чытачы?
— Што да выдання кнігі цалкам  (хацелася б, дарэчы, каб яна змяшчала яшчэ і пераклад на англійскую і рускую мовы), то пакуль тут, як кажуць, ёсць пытанне. У сродках... Таму буду займацца далейшым складаннем зборніка. А калі выпадзе магчымасць, буду друкаваць сабраныя матэрыялы ў перыёдыцы.
— Лічы, што такая магчымасць ужо ёсць. З якіх знакамітых асоб ты хацеў бы пачаць прэзентацыю сваёй кнігі ў “Народнай газеце”?
—  Хацелася б распачаць з Кузьмы Чорнага і Уладзіміра Караткевіча, якія належаць, на маю думку, у XX стагоддзі да кагорты самых таленавітых пісьменнікаў. Пры першым уражанні непадабенства гэтыя класікі літаратуры маюць вельмі шмат агульнага. Гэта і выдатнае валоданне словам, і шчымлівая беларускасць вобразаў, і гранічная шчырасць у творчым даробку, і надзвычайная вастрыня дзённікавых запісаў. І ўсё напісанае — унікальная афарыстычнасць...

Кузьма ЧОРНЫ

— Кожная тая кніга добрая, калі яна ўзбівае чалавека на сталыя і важныя думкі.
(10 верасня 1944 г. Дзённік.)
— Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву.
(Пошукі будучыні. Раман.1943 г.)

— Маленькія і нязначныя здарэнні слабым здаюцца вялікімі і страшнымі. Вялікія і страшныя здарэнні моцным здаюцца маленькімі і нязначнымі.
(На пыльнай дарозе. Апавяданне. 1926 г.)
— Попел — вечны колер сатлелага жыцця.
— Свет не толькі бязлітасны і жорсткі. Ён яшчэ ласкавы і ясны.
(Млечны шлях. Раман. 1944 г.)

Уладзімір КАРАТКЕВІЧ

— Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.
(Зямля пад белымі крыламі. 1971 г.)
— Самая вялікая ўзнагарода, калі цябе хваляць тыя людзі, якім табе неяк не здарылася ў жыцці выпадку дапамагчы і зрабіць дабро. І самая вялікая бяда, калі цябе лае і ганьбіць той, каму тое дабро ты ўсё жыццё рабіў.
(28.02. 1980 г.)
— Няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім.
(24.09. 1980 г.)
— Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь песімізм і безнадзейнасць мінулага, усё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым.
(17.02. 1982 г.)
— Нястойкая няўдача лепей за нястойкую ўдачу.
(22.06. 1982 г.)
Галоўнае ўва ўсіх адно: любоў.
(13.01. 1964 г.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter