Скарбонка мудрасці

Паважаныя вядучыя рубрыкі “Скарбонка сімвалаў і словаў” Аксана Катовіч і Янка Крук!Я заўсёды з цікавасцю чытаю вашу навуковую працу, інакш яе не назавеш, і вельмі ганаруся, што знайшліся такія даследчыкі, якія змаглі так бліскуча абагульніць народныя традыцыі ўсходніх і заходніх беларусаў на яскравай роднай мове.Шмат чаго з апрацаванага вамі я чула ад роднай матулі. Але гэта было ў дзяцінстве, і неяк атрымлівалася, што не звяртала ўвагі на асаблівасці павер’яў, а можа, не верыла ў іх.

Вялікі дзякуй вам, што дапамаглі ўспомніць забытыя назіранні нашых продкаў, іх жыццёвую філасофію! Выказваю такое пажаданне: калі ласка, збярыце ўсю апрацаваную народную мудрасць і выпусціце адной кнігай гэты цуд. Паліцы са “скарбонкай” народнай мудрасці хутка апусцеюць, бо душа беларусаў цягнецца да жывога слова.
Што датычыць мяне, я лічу, што шмат чаго з народных павер’яў спраўджваецца ў жыцці. Прывяду адзін прыклад.
У дзень вяселля маёй дачкі, калі маладыя збіраліся ў загс, на вуліцы аказалася шмат гасцей і зявак. Стаялі сем легкавых аўтамабіляў. Раптам менавіта да машыны, у якую садзілася маладая, аднекуль шпарка кінуўся чорны кот. Я стаяла побач і старалася яго адагнаць: махала ручніком, крычала “псік”, але прадказальнік бяды нахабна прарваўся і схаваўся пад машыну. Дзе ж вы бачылі, каб кот бег туды, дзе шмат незнаёмых людзей і машын?!
Праз восем гадоў, нягледзячы на тое што расла цудоўная дачушка, “татачка” пакінуў сям’ю. Захацелася яму вольнага жыцця, як таму кату, а ўнучцы да гэтага часу залечваем нанесены боль.
З прывітаннем заўзяты чытач жыццёвай “навукі” Тамара Віктараўна, г.Мінск

Ад рэдакцыі. У хуткім часе па вашых просьбах мы апублікуем інтэрв’ю з вядучымі пастаяннай рубрыкі “НГ”. А пакуль прысылайце вашы пытанні, дзяліцеся назіраннямі з жыцця. Давайце напаўняць скарбонку нашай народнай культуры і традыцый разам, мы ж таксама іх носьбіты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter