Скарб на “чорнай зямлі”

У Пастаўскім лясгасе вырошчваюць буякі на тарфянішчах

Ад забалочаных аазісаў застаюцца толькі велізарныя чорна-карычневыя палі. Менавіта так выглядае тарфянішча пасля распрацоўкі.

Здаецца, што ніякай ад яго карысці не будзе, бо на такой зямлі некалькі дзясяткаў гадоў не расце нават пустазелле! Але беларускія навукоўцы на месцы не сядзелі і знайшлі, як выкарыстаць гэтую “пакрыўджаную” зямлю.

Прывітанне з Эстоніі

У тым, што пустынныя ўчасткі, якіх у нашай краіне нямала, могуць стаць прыдатным месцам для ягад, беларусы пераканаліся яшчэ ў 2009 годзе. Менавіта тады Алег Марозаў, прафесар кафедры лесаводства Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, прывёз у Пастаўскі лясгас цікавую ідэю вырошчвання буякоў на верхавым тарфянішчы. Перад тым як выйсці на сур’ёзны ўзровень даследаванняў, Алег Марозаў назіраў за ягадай у сябе на дачы. Убачыў, што праблем з адаптацыяй у расліны няма і звярнуўся за дапамогай у Пастаўскі лясгас. Аказваецца, для буякоў гэта ідэальная глеба! Цікава, што ў далёкай Эстоніі мясцовыя фермеры ўжо даўно ўзяліся за вырошчванне буякоў і нядрэнна на гэтым зарабляюць. А ў Беларусі клімат больш мяккі, таму паўночнаамерыканскай ягадзе ў нас будзе яшчэ лепш. І першы ўраджай гэта пацвердзіў. Канешне, тады казаць пра продаж было яшчэ рана, але 26 селекцыйных форм, якія былі высаджаны на ўчастак плошчай 15 сотак, падалі добры знак.

Любата ва ўсіх адносінах

Па знешнім выглядзе самі кусцікі буякоў нагадваюць чарніцы. Але ягады-іншаземкі больш буйныя. Таксама розніцу можна адчуць і тады, калі пасмакуеш гэтыя ягады: буякі саладзейшыя за дзікую беларускую сваячку. Ну а што датычыцца збору ўраджаю, то сказаць можна адно — любата! Велізарныя гронкі, якімі багатыя буякі, абабраць нескладана. “Зараз з куста можна назбіраць 4 літры, а з шасці кустоў і вядро будзе”, — кажа Аляксей Будзько, інжынер па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы Пастаўскага лясгаса”.

Вырошчваюць саджанцы буякоў у Полаўскім лясніцтве ў невялічкай цяпліцы, а затым высаджваюць на тарфянішча. У такой цяплічцы ўсталявана сістэма паліву, якая ўключаецца самастойна, у залежнасці ад патрэбнага прамежку часу.

Зараз на ўчастку больш за 30 форм, з якіх неабходна выбраць максімальна ўстойлівыя і прадуктыўныя. Гэту працу ў 2011 годзе распачаў адзін з аспірантаў БДТУ. Яшчэ адна задача, з якой паступова спраўляюцца ў Пастаўскім лясгасе, гэта выкарыстанне найбольш эфектыўнай тэхналогіі апрацоўкі. “Ураджайнасць, як паказвае замежны досвед, можа дасягаць 10 тон з гектара. А калі селекцыю праводзіць, то і яшчэ больш. На пяты-шосты год, а гэта ўжо ў 2014-м, буякі дадуць неверагодны ўраджай!” — распавядае Аляксей Будзько. Плануецца, што атрыманыя з гэтых участкаў буякі будуць рэалізоўвацца спачатку на ўнутраным, а ў перспектыве і на знешнім рынку. Ягады могуць стаць важным прадуктам для вытворчасці як сока, так і дзіцячага харчавання.

Цуд-ягада

Буякі — гэта не толькі смачная, але і карысная ягада. Напрыклад, пасадка буякоў прадухіляе ветравую эрозію глебы, захоўвае вільгаць у зямлі, што спрыяе памяншэнню праблемы пажарнай небяспекі ў лясах. Расліна ўстойлівая і да перападаў тэмператур — можа вытрымліваць анамальна гарачае надвор’е без штучнага паліву. Таксама буякі захочацца набыць і нашым жанчынам-прыгажуням. Справа ў тым, што вучоныя з Англіі правялі дасканалае даследаванне буякоў, у якім удзельнічалі больш за 90 тысяч жанчын ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў, і вывучылі карысныя ўласцівасці іншаземкі. Гэтая ягада дапамагае ў барацьбе з цэлюлітам і запавольвае старэнне нервовых клетак. Навукоўцы прапанавалі таксама есці буякі рэгулярна з юнацкага ўзросту, каб пазбегнуць праблем з сардэчна-сасудзістай сістэмай. Лісце буякоў зніжае ўзровень цукру ў крыві. Ягады ўмацоўваюць сценкі сасудаў, аказваюць супрацьзапаленчае дзеянне, паляпшаюць апетыт. А што да ўжывання, то буякі выкарыстоўваюцца як у свежым, так і ў перапрацаваным выглядзе. З іх рыхтуюць варэнне, пасцілу, узвар, жэле, кісель, мус, віно і квас.

УНП 300077474

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter