Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гурт “Пралескі” з даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры ўпершыню паўдзельнічаў у фэсце “Вянок дружбы” ў Бабруйску

Сінія васількі, белыя рамонкі

Газета пісала пра ўдзел у Міжнародным фестывалі народнай творчасці “Вянок дружбы” артыстаў з Сардзініі, гурта “Купалінка” з Тальяці. Згадваем і мы свята сяброўства і талентаў: наш гурт “Пралескі” паўдзельнічаў у ім упершыню. Дарэчы, Даўгаўпілс — горад-пабрацім Бабруйска. Латвію на фэсце прадстаўляў і латышскі танцавальны гурт “Уса” з Саласпілса.

Беларусы Даўгаўпілса на фэсце “Вянок дружбы”

Калі ў “Бабруйск-Арэне” было адкрыццё фэсту, кожны гурт выконваў па адным нумары. “Пралескі” спявалі ўжывую, без фанаграмы латышскую народную песню з перакладам на беларускую мову. Потым гурт выступіў з асабістымі канцэртамі ў аграгарадку Туголіца, на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, на цэнтральнай плошчы горада. Спявалі беларускія, латышскія і латгальскія песні. Усюды прымалі нас цёпла, сардэчна.

На конкурс “Вянок дружбы” дзяўчаты з “Пралесак” пры дапамозе супрацоўнікаў Цэнтра беларускай культуры зрабілі вянок “Адзінства культур і народаў”. Вянок зшыты з льнянога палатна, сатканага на кроснах беларускай жанчынай у Пастаўскім раёне, напоўнены збожжам, якое сабраў латышскі селянін на полі ў Даўгаўпілскім раёне. Кампазіцыю ўпрыгожваюць стужкі сцягоў Беларусі ды Латвіі, нацыянальныя кветкі (беларускі васілёк і латышскі рамонак), жытнёвыя каласы. Вянок сімвалізуе сяброўства народаў, гэта і сімвал беларусаў на латвійскай зямлі, якія шануюць сваю спадчыну, беларускую культуру. Вянок мы ўручылі мэру Бабруйска, за яго атрымалі дыплом і ўзнагароду, а твор перададзены ў Музей фестывалю.

“Пралескі” прывезлі ў Бабруйск і нацыянальны сувенір Латвіі. Ён перададзены ў фонды Бабруйскага краязнаўчага музея: латгальская кераміка з абрысам Даўгаўпілскай крэпасці. З 2012-га нашы гарады — пабрацімы, заключана пагадненне аб дружбе і добрасуседскіх стасунках. У Бабруйска і Даўгаўпілса шмат агульнага: стаяць на маляўнічых берагах Бярэзіны і Дзвіны-Даўгавы, у ХІХ стагоддзі ў гарадах пабудавалі крэпасці, гэта шматнацыянальныя і мультыкультурныя паселішчы з багатай гістарычна-культурнай спадчынай. Пра тое і казала я на прыёме ў мэра, калі перадавала падарунак фестывалю.

Мы годна прадставілі на фэсце свой горад і Латвію. Для нас пабываць на такім свяце — гэта і поспех, і новы досвед. На закрыцці фэсту “Пралескі” спявалі кранальную латышскую песню “Nekur nav tik labi kā mājās” з перакладам і на беларускую мову. Сапраўды, нідзе так добра не будзе, як дома. Дзякуем Генеральнаму консульству Беларусі ў Даўгаўпілсе і Амбасадзе Беларусі ў Латвіі — за вырашэнне візавых ды інфармацыйных пытанняў, а Даўгаўпілскай гарадской думе — за фінансаванне паездкі.

Голас Радзімы № 28 (3532), чацвер, 27 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter