О беспечности родителей, которая может привести к трагедии

Сімптом надзіманай канапы

Колькі кніг перачытала, нідзе пра чэрвень не сказана як пра пару гарачую і засушлівую. Прынята лічыць, што першы месяц лета — гэта больш пра белыя ночы, квітнеючыя травы і свежы вецер. Але, як кажуць, у кожным правіле свае выключэнні. За апошнія амаль восемдзесят гадоў чэрвень выдаўся занадта гарачы і таму — напружаны. 


Людзі з усіх сіл стараюцца вярнуць свае агароды і кветнікі да жыцця, аграрыі ратуюць спаленыя сонцам пасевы. Дзеці падчас спякотных канікул імкнуцца пазагараць ды паплаваць. Здавалася б, усё гэта — праявы жыцця! Але, на жаль, з-за людской бестурботнасці яно ў адно імгненне можа абарвацца. 

У панядзелак ашаламіла паведамленне, што за мінулыя выхадныя ў краіне патанула дзесяць (!) чалавек. Двое з іх — непаўналетнія. Асноўныя прычыны трагедыі — парушэнне правілаў бяспечных паводзін на вадаёмах і прыём алкаголю. У Полацку два 17-гадовыя хлопцы прыйшлі на кар’ер, каб проста выпіць піва, а затым адзін з іх вырашыў акунуцца, але зусім забыўся, што не ўмее плаваць. Яго таварыш, калі ўбачыў бяду, паспрабаваў выратаваць, але няўдала. У выніку суботні вечар ператварыўся ў жалобны. 

Другая гісторыя: трое сутак жыхары Рэчыцы і вёскі Горваль шукалі дзяўчынку, якая ў мінулую суботу пайшла адпачываць на раку Бярэзіну і знікла. Пазней ратавальнікі знайшлі яе цела за два кіламетры ад месца здарэння — у рацэ Днепр. Гора бацькоў складана ўявіць. Так, навіны страшныя. Але спрабаваць адгарадзіцца, зрабіць выгляд, што яны цябе не датычаць, няма сэнсу. Бо бесклапотнасць, асабліва калі ў цені 30 градусаў і ад спёкі плавіцца асфальт, пачуццё самавалодання губляюць не тое што падлеткі, але і дарослыя. І да бяды адзін крок. 

Як можна растлумачыць тое, што дзецям, няхай ужо і крыху дарослым, да­зваляецца адным наведваць вадаём? Ніхто не кажа, што трэба да паўналецця хадзіць па пятах за сваімі сынамі ды дочкамі. Усё-такі даваць свабоду ім трэба, але трымаць у полі зроку бацькоў, якія павінны ведаць, ці ўмее плаваць іх дзіця, і хаця б разумець, што рабіць у нечаканым выпадку. 

Гісторыя наступная: аднойчы мы з сябрамі паехалі на маляўнічае возера. Як гэта звычайна бывае, дзеці лавінай ірванулі ў ваду. Людзей — мора, лёгка згубіцца сярод невялікіх хваль і натоўпу. Праз пяць хвілін малыя мае ўжо былі са мной, а вось старэйшая дачка нашых сяброў як пайшла — так і знікла. Мы ўсур’ёз занепакоіліся: дзяўчынцы 12 гадоў, немаленькая, але ўсё ж... У выніку з дапамогай службы выратавання на вадзе (добра, што там была) нам удалося яе выклікаць праз гучнагаварыцель да берага. На шчасце, за гэтыя дзве гадзіны нічога страшнага не здарылася. Але час, пакуль мы яе шукалі сярод натоўпу, падаўся нам вечнасцю. Ад разумення таго, што магло здарыцца непапраўнае, халадок бег па спіне і душа была не на месцы. З асабістага вопыту зазначу: за падлеткамі патрэбны кантроль часам нават большы, чым за малымі. 15-гадовую дзяўчыну або 17-гадовага юнака да сябе не прышпіліш.

І вось яшчэ што: абавязкова навучыце дзяцей плаваць. Калі падумаць, гэта не менш важна, чым умець хадзіць. Навык, здольны выратаваць жыццё ў экстрэмальнай сітуацыі на вадзе. Не варта спадзявацца дарослым і на нарукаўнікі, надзіманыя паясы або кругі. Нават у іх, як паказвае практыка, дзеці могуць захлынуцца. А надзіманыя матрацы ўвогуле сродак павышанай небяспекі падчас адпачынку. Падзьме ветрык — і чалавек разам са сваёй «канапай» хвалямі адганяецца да цэнтра возера на самую глыбіню. А буйныя рэкі са стромкімі берагамі, вялікім цячэннем, вірамі зусім не варта разглядаць для адпачынку з малымі. Тым больш адпускаць іх там плаваць адных. 

Ясная справа: запалохваць сябе і дзяцей не трэба. Але чаму б не вучыць мадэліраваць сітуацыю, напрыклад, задаючы пытанне: што будзе, калі?.. Дарэчы, пра гэта ёсць мноства анімацыйных фільмаў.

Прызнаюся, заўсёды была прыхільніцай усвядомленага бацькоўства і лічыла, што менавіта мамы і таты ў першую чаргу павінны несці адказнасць за жыццё і здароўе дзіцяці. Хоць бы таму, што яны адзіныя людзі, якім павінна быць далёка не ўсё роўна. І паспрачаюся з тымі, хто нешта будзе пярэчыць і вінаваціць у гіперапецы. Якія тут могуць быць развагі, калі ў пытаннях аб бяспецы непаўналетніх дробязей няма. 

А як вы вучыліся не на сваіх памылках? Раскажыце нам пра гэта.
Дорогие друзья! Подключайтесь к нашему диалогу. Задавайте вопросы, делитесь рассуждениями о наболевшем, высказывайте слова благодарности тому, кто помог вам, подставил плечо в трудную минуту. Присылайте отзывы на наши статьи, звоните на горячий телефон (8-017) 311-02-88, а также пишите в рубрики «Земляки», «Мир увлечений», «Путешествие по родным местам», «Хотим поделиться радостью»… 

С нетерпением ждем ваших писем и звонков!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter