«Беларусь 3» и радио «Культура» представляют проекты к Международному дню музыки

Сiмфонiя талентаў

1 кастрычнiка да Мiжнароднага дня музыкi тэлеканал «Беларусь 3» пакажа канцэртныя праграмы з удзелам пераможцаў X Рэспублiканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусi» i пазнаёмiць з дырыжорам сiмфанiчнага аркестра Белтэлерадыёкампанii. Таксама свой эсклюзiўны праект падрыхтаваў канал «Культура» Беларускага радыё. 

Праект «Маладыя таленты Беларусi» праводзiцца Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё з 2009 года, i за ўвесь час у iм прынялi ўдзел больш за дзве тысячы маладых музыкантаў. 
tvr.by

Камертон добрага густу

Юбiлейны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё вясной 2021 года сабраў беспрэцэдэнтную колькасць заявак ад юных музыкантаў i вакалiстаў з усёй краiны — 632. Па вынiках трох тураў Гран-пры атрымалi пяць удзельнiкаў, яшчэ 76 сталi лаўрэатамi, а 63 — дыпламантамi праекта. Традыцыйна конкурс урачыстай цырымонiяй узнагароджання ў Доме радыё не скончыўся: пераможцаў чакала не толькi ратацыя на старэйшай беларускай радыёхвалi, але i запiс тэлевiзiйнай канцэртнай праграмы з удзелам сiмфанiчнага аркестра Белтэлерадыёкампанii.

У Мiжнародны дзень музыкi пазнаёмiцца з творчай бiяграфiяй дырыжора сiмфанiчнага аркестра медыяхолдынга Аляксандра Сасноўскага можна будзе ў 11:30 у праекце «Камертон», а пасля — зноў пачуць лепшыя творы юбiлейнага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусi»: у 15:15 тэлеканал пакажа праграму з юнымi пераможцамi эстрадных i фальклорных намiнацый, а ў 23:10 — з акадэмiчнымi вакалiстамi i выканаўцамi iнструментальнай музыкi. Дарэчы, на «Беларусь 3» штотыдзень выходзiць шэраг праграм, прысвечаных знакамiтым музычным дзеячам i культурнай спадчыне краiны, — ад партрэтных праектаў «Кадры жыцця» i «Камертон» да доўгайграючых фальклорных «Наперад у мiнулае» i «Нацыянальны хiт-парад». Асобае месца ў эфiры займаюць трансляцыi музычных спектакляў i свят, канцэртных праграм з удзелам славутых артыстаў i вядучых музычных калектываў краiны. 

Запрашаем у «Канцэртную залу»

Канал «Культура» Беларускага радыё сумесна з творчым аб’яднаннем музычных калектываў Белтэлерадыёкампанii падрыхтаваў свой падарунак да свята: 1 кастрычнiка ў праграме «Канцэртная зала» адбудзецца прэм’ера сюiты беларускага кампазiтара Аляксандра Лiтвiноўскага «Пелеас i Мелiзанда».

Над гэтым творам кампазiтар працаваў на працягу лета 2021 года. Партытура стала ўвасабленнем творчай задумы, iнспiрыраванай аднайменнай п’есай класiка бельгiйскай лiтаратуры Марыса Метэрлiнка. У свой час Аляксандр Лiтвiноўскi стварыў музыку да тэатральнага спектакля «Пелеас i Мелiзанда». Аднак паглыбленне ў сiмволiку п’есы прывяло яго да неабходнасцi грунтоўна перапрацаваць ужо гатовыя нумары, пашырыць драматургiчны кантэкст i напiсаць, па сутнасцi, новы, самастойны аркестравы твор.

«У гiсторыi пра Пелеаса i Ме-лiзанду багата мiстычнага, зашыфраванага, недагаворанага, — расказвае Аляксандр Лiтвiноўскi. — Прыдуманае каралеўства Алемонд iснуе быццам па-за межамi пэўнай рэальнай эпохi i па-за часам. Ва ўласным часавым вымярэннi жывуць дзiвакаватыя персанажы п’есы. Рухавiком падзей робяцца не ўчынкi герояў, а iх рэфлексii, спантанныя ўражаннi, развагi, абмен эмоцыямi, высвятленне адносін». 

Знаўцы творчасцi кампазiтара пазнаюць яго аўтарскi стыль, якому ў гэтай партытуры садзейнічаюць прыёмы, уласцiвыя музыцы барока, рамантызму, постмадэрнiзму. Твор для радыёэфiру запiсаў сiмфанiчны аркестр Белтэлерадыёкампанii пад кiраўнiцтвам дырыжора Аляксандра Высоцкага. Пачатак трансляцыi — у 19:00.

Дарэчы, з 1 кастрычнiка ў ранiшнiм эфiры канала «Культура» адбудуцца змены. Так, праект «У рытме дня» складуць дакументальныя i мастацкiя запiсы з фондаў радыё, моўныя парады, афiша культурных падзей, анонс эфiрнага дня, а таксама акадэмiчная i папулярная музыка.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter