4—5 сентября встречаемся в Копыле

Сіла роднага слова

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына… Ва ўнісон з Янкам Купалам кожны можа напоўніць гэтую бясцэнную скарбонку чымсьці сваім, патаемным. Але ж ёсць у ёй і шмат таго, што ўсіх нас, беларусаў, аб’ядноўвае. І на пачэсным месцы — родная мова, нездарма яе ласкава называюць матчынай. Нават у сучасным календары зрабілі ёй рэверанс — у першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, дарэчы, зараз — у 28-ы раз.



Сталіцай свята ў гэтым годзе стаў Капыль. Старажытны і абноўлены горад, як добры гаспадар, загадзя па­дрыхта­ваўся і чакае шмат­лікіх удзельнікаў і гасцей. Багатая праграма разлічана на розны ўзрост і густ. Звычай­на адным днём яна не абмяжоўваецца, так адбываецца і зараз.

Ужо трэці дзень своеасаблівае паломніцтва па краіне здзяйсняюць удзельнікі XXVIІІ Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святынь», прымеркаванай да Дня беларускага пісьменства. Яна стартавала ў першы дзень восені ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе Веніямін, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адслужыў малебен і блаславіў удзельнікаў экспедыцыі. З прывітальным словам да іх звярнуўся ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак. Затым каля паўсотні паломнікаў — святары, вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва — адправіліся ў шлях з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Агульная працягласць маршруту, які праходзіць па 72 населеных пунктах Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Лунінецкага, Салігорскага, Слуцкага, Уздзенскага і Капыльскага раёнаў, складзе 780 кіламетраў. Завершыцца экспедыцыя 5 верасня ў Капылі: раніцай у храме Ушэсця Гасподняга адбудзецца святочная служба, а пасля яе — хрэсны ход і духоўна-асветніцкая сустрэча з мясцовымі жыхарамі.

Сёння ў Мінску Палац Рэспублікі прымае міжнародны круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора». З улікам кавідных абмежаванняў паў­дзельнічаць у ім у інтэрактыўным і вочным фарматах запрасілі літаратараў з Беларусі, Расіі, Германіі, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Балгарыі і Азербайджана.

А 4—5 верасня ўжо і Капыль упіша свае залатыя радкі ў гісторыю нацыянальнага свята незалежнай Беларусі. Яго стрыжнем стала тэматыка Года народнага адзінства. У цэнтры ўвагі таксама 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурная і духоўная спадчына Капыльшчыны, юбілеі Івана Шамякіна, Івана Мележа, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы і іншых пісьменнікаў.

Акрамя таго, адбудуцца прэзентацыі інтэрактыўнага праекта «Партызаны Беларусі» выдавецкага дома «Беларусь сегодня», марак новага пакалення з дапоўненай рэальнасцю і беларускага мабільнага дадатку «Чытанка» для праслухоўвання аўдыя­кніг. Таксама арганізатары падрыхтавалі інтэ­рак­тыўны пешаходны QR-квэст «Капыльскі рог». Па словах міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, наогул свята будзе праходзіць у сумешчаным, крос-платформенным фармаце — нават афіша ўпрыгожана QR-кодамі. Гэта спроба прыцягнуць да беларускай літаратуры праз новыя лічбавыя платформы ў першую чаргу моладзь.

Цэнтральная пляцоўка «Адзінства» будзе аформлена ў адпаведнасці з галоўнай тэмай свята. Тут прадставяць выставу газет і часопісаў «17 верасня — Дзень народнага адзінства», падрыхтаваную Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі. Разгорнецца экспазіцыя гістарычнай кнігі. Прадугледжана шмат тэматычных, дзіцячых і спартыўных пляцовак. У праграме — паэтычна-музычная кампазіцыя «Беларусь, мы з табою — адзіны!», абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі» і шмат чаго іншага. Далучайцеся, сябры роднай мовы, будзе цікава і пазнавальна!


У ТЭМУ

Уладзімір Пярцоў, міністр інфармацыі:

— Капыль змяніўся. Гэта таксама адна з мэт, якую ставіць аргкамітэт і кіраўніцтва абласцей, раёнаў пры падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства, — зрабіць больш камфортнымі, прыгожымі, зручнымі гарады, прывесці розныя аб’екты ў сучасны, годны стан.

kuklov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter