Шышкі ці дыскі?!

Як арыгінальна ўпрыгожыць навагоднюю ёлку? Прапануем топ-7 незвычайных ёлачных ідэй.

  • Ядомая ёлка. Упрыгожваем дрэва ўсімі магчымымі відамі цукерак, фігурным пячэннем, пернікамі. Выдатнымі “цацкамі” могуць стаць мандарыны і невялікія яблыкі, якія заменяць шары. Не толькі цікава, але і...  вельмі смачна. Праўда, каб такая ёлка не засталася да Новага года “голай”, прыйдзецца сачыць за хатнімі ласунамі.
  • Стужкі ды банты. Дэкарыруем галінкі дрэва, нібы косы маленькай дзяўчынкі,  рознакаляровымі бантамі, якія можна зрабіць з ажурнай тасьмы, яркай тканіны, стужак, якімі ўпрыгожваюць букеты кветак. Такая ёлачка будзе вельмі прыбранай.
  • Плюшавае дрэва. У кожным доме знойдзецца вялікая колькасць мяккіх цацак. Завяжыце ім святочныя банты і павесьце на ёлку. Яны створаць атмасферу цеплыні і ўтульнасці. Дзеці будуць у захапленні ад такой ёлкі.
  • Natural beauty. Калі вам даспадобы натуральныя ўпрыгажэнні — павесьце на ёлку яловыя ці сасновыя шышкі, пафарбаваныя ў залаты ці серабрысты колер. Можна выкарыстаць і розныя віды арэхаў: закруціце іх у празрыстую абгортачную паперу і перавяжыце каляровымі стужкамі.
  • Грашовае дрэва. Ператварыце звычайную навагоднюю ёлку ў... грашовае дрэва, якое паспрыяе шчасцю і багаццю ў наступным годзе. Для гэтага павесьце на ёлку залатыя шакаладныя манеты і сувенірныя банкноты. Калі госці надзейныя, можаце выкарыстаць і сапраўдныя купюры.
  • “Камп’ютарная” ёлка. Упрыгожце ялінку кампакт-дыскамі, мышкамі, дыскетамі, мікрасхемамі, яркім кабелем. Сябры ацэняць такое навагодняе дрэва.
  • М+Ж. Ёлку можна ўпрыгожыць у мужчынскім ці жаночым стылі. Для першага  выдатна падыдуць піўныя бляшанкі, пачкі з-пад цыгарэт, гальштукі, запальнічкі і іншае. Для другога —  усемагчымыя пацеркі, бранзалеты, завушніцы, цюбікі ад памады, бутэлечкі з лакам, якія будзе не шкада пазычыць на навагоднія святы лясной прыгажуні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter