Шырокi далягляд Шырко

Сёння, калi ў творчым багажы Васiля Шырко каля двух дзесяткаў кнiг, ён застаецца павязаным моцнай, жывой пупавiнай з уздзенскай зямлёй

Нашы жыццёвыя дарогi з Васiлём Шырко (на здымку) мо сотнi разоў перакрыжоўвалiся па самых розных нагодах. Але падчас кожнай  сустрэчы, афiцыйнага мерапрыемства цi мiмалётнай «збiркi» сяброў-таварышаў у гамонках, прагнозах, марах, спадзяваннях  прысутнiчала Уздзеншчына. А як жа можа быць iначай: яна ў нашых каранях, у нашых душах! 

I сёння, калi ў творчым багажы Васiля Шырко каля двух дзесяткаў кнiг, а пералiк яго ўзнагарод распачынае высокае званне лаўрэата Дзяржаўнай прэмii ў галiне лiтаратуры, ён застаецца павязаным моцнай, жывой пупавiнай з роднай вёскай Чурылава, з усёй уздзенскай зямлёй, яе людзьмi, яе клопатамi i праблемамi. I ў свой 60-гадовы юбiлей таксама мяркуе быць разам з землякамi, з калегамi па пяру, сябрамi. 

— Васiль, лiтаратуразнаўцы называюць цябе каралём, дойлiдам сучаснага нарыса, сябры — Дзедам Манюкiным. Нарысы i казкi... Амаль супрацьлеглыя жанры. Здавалася б, той, хто пiша казкi, як, напрыклад, некалi твой аднавясковец, таксама лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Алесь Якiмовiч, нiколi не будзе пiсаць нарысаў... 

— Са мной жа вось так атрымалася. Калi мяне пытаюць, пра што твае нарысы, адказваю просценька: «О людях хороших, о снежных порошах, о солнечных днях, о весенних ветрах, о старых и новых друзьях». А калi сур’ёзна, я шукаю людзей цiкавых, неабавязкова знакамiтых, хоць пiсаў у розныя гады i пра Кандрата Крапiву, i пра мэра Мiнска Мiхаiла Паўлава,  i пра былога генеральнага дырэктара БелАЗа Героя Беларусi Паўла Марыева, былога старшыню СВК «Кастрычнiк-Гродна» Героя Сацыялiстычнай Працы Вiталя Крамко. 

Думаю, самага большага на лiтаратурнай нiве я дабiўся менавiта ў нарысах. Па сутнасцi, за кнiгу нарысаў «Сцяжына да людзей» быў прыняты i ў Саюз пiсьменнiкаў. У якасцi карэспандэнта «Сельской газеты» ехаў па пiсьму ў калгас iмя Ленiна Акцябрскага раёна  крытыкаваць старшыню, а атрымалася, што выдаў пра яго кнiгу. А цяпер у мяне каля дзесяцi кнiг нарысаў. Асаблiва плённымi былi апошнiя гады. 

— Калегi, сябры падкрэслiваюць такiя моцныя бакi тваiх твораў, як дыялогi, лiрычнасць, нязмушаную, чыстую беларускую мову... А яшчэ адстойванне вартасцi слова, эпiтэта, вобраза...

 Сапраўды, даводзiцца часам i спрачацца з тымi, хто бярэцца рэдагаваць тэксты. Напрыклад, у нарысе «Где Свислочь несет свои воды» ёсць такi эпiзод. На старэнькiм «газiку», якi не адно пакаленне аграрнiкаў любоўна клiкала яшчэ i «козлiкам», да iнстытута, дзе на суботнiку працавалi будучыя старшынi калгасаў, дырэктары саўгасаў, пад’ехала першы сакратар райкома партыi Герой Сацыялiстычнай Працы Марыя Белякова. I выходзiць яна з гэтага пабачыўшага палi i сенажацi «козлiка» няйначай, як з шыкоўнага «мерседэса». Зрэшты, заўважыў я, пасадзi яе на звычайную падводу, яна гэтаксама i з воза сыйдзе, бо ведае сабе цану. У адным штрыху — цэлы вобраз! Гэта ж вiдавочна. А мне даводзiлi «знаўцы»: навошта тут тая падвода? 

Дарэчы, пра Гродзенскi раён у мяне выйшла кнiга «Звездная россыпь». Галоўная фiгура ў ёй – Герой Беларусi Васiль Равяка. Сёлета ў яго гаспадарцы сабралi збожжа па 95,5 цэнтнера з гектара. 

— Ведаю, наколькi ты захоплены сваiмi героямi, гатоў распавядаць пра iх гадзiнамi, але ж сёння ў нас гаворка пра аўтара. Цi не так? З нарысамi мы кропкi над «i» быццам бы расставiлi. А адкуль любоў да казак, адкуль прыйшлi яны ў тваю творчасць? 

— У нас, у Чурылаве, калi прыгадваюць Алеся Якiмовiча, любоўна кажуць — наш казачнiк. Чуеш, як прыгожа гучыць — ка-а-азачнiк. Мой бацька, Алесь Аляксандравiч, таксама ведаў сотнi казак, а дзядзька Паўлюк — можа тысячу. Адкуль гэтыя казкi? Часткова яны перадалiся ад бацькоў, дзядоў, прадзедаў. А нярэдка мае землякi iх прыдумвалi самi. 

У свой час з нашай рачулкi Уздзянкi пачынаўся сплаў лесу. Вяскоўцы вязалi плыты, каб па высокай паводкавай вадзе пусцiцца з iмi ў плаванне па сваёй рэчцы, потым па Вусе, а затым па Нёмане аж да самага Балтыйскага мора. Дамоў плытнiкi вярталiся пехатою. Шлях не блiзкi. I па дарозе, на начлегах яны бавiлi час тым, што цешылi сябе рознымi гiсторыямi, прыдумкамi. Многiя з iх вядомыя i мне. I калi дасць Бог здароўе, то, магчыма, я напiшу па гэтых байках кнiгу, нешта накшталт «Вечера на хуторе близ Диканьки» Гоголя. Там знойдзецца месца ўсiм неверагодным гiсторыям. Гэта будзе раман-казка, жанр, якога яшчэ няма. 

— Захапляючыя сюжэты мы знаходзiм i ў тваiх ранейшых апавяданнях, аповесцях. Iх падказвае жыццё? 

— Без перабольшвання скажу, што ўсё гэта дала газета. I маё першае апавяданне «Зелле ад скрухi» з’явiлася пасля камандзiроўкi да старога партызана, у якую мяне накiраваў тадышнi рэдактар «Сельской газеты», таксама былы партызан Андрэй Данiлавiч Колас. Яно было надрукавана ў часопiсе «Маладосць». 

Пасля былi напiсаны iншыя рэчы, з сюжэтамi звычайнымi, жыццёвымi. I калi б я сядзеў дома, як многiя з фiлалагiчнага пакалення, i высмоктваў з пальца нейкiя нерэальныя гiсторыi, то нiчога, вядома, не атрымалася б. У мяне ж у памяцi каля дваццацi яркiх, самабытных, але, на вялiкi жаль, яшчэ не рэалiзаваных сюжэтаў, кожны з якiх цягне на аповесць. 

I калi я думаю пра гэта, часта вяртаюся да свайго юнацкага верша, дзе ёсць такiя радкi: 

Няўжо праклятая хвароба — 

Любоў да лёгкага жыцця 

Ва мне згнаiла хлебароба, 

Вясковай вулiцы дзiця?  

— Што патрэбна дзеля таго, каб жыццёвыя назiраннi ляглi на паперу? 

— Працаваць i яшчэ раз працаваць. Вось i зараз пад маiм пяром кнiга «Шумi, мой лес, шумi» пра справы Крупскага ваеннага лясгаса. Там столькi выдатных, цiкавых людзей, столькi павучальных жыццёвых калiзiй. 

— Гэта ж зноў дакументальная рэч? 

— I нiчога нявартага ў тым няма. Мiж iншым, успомнiм, што кнiга нарысаў Глеба Успенскага «Нравы Растеряевой улицы» захапляе чытачоў да цяперашняга часу, тады як сотнi, тысячы аповесцей, раманаў многiх аўтараў сышлi ў нябыт. 

На падыходзе раман-казка «Плытнiкi», пра якi я згадваў, а ў планах яшчэ адна рамантычная аповесць пра старога, што трапiў на планету Прывiдус, дзе яго надзялiлi многiмi незямнымi якасцямi. 

— Васiль Аляксандравiч, ты пакiнуў штатныя пасады, тваё творчае месца цяпер  «за рабочым сталом пiсьмен­нiка». Не сумна без калектыву? 

— Чаму ж, бывае. Я з удзячнасцю ўспамiнаю гады, адпрацаваныя ў «Беларускай думцы». Часопiс даў мне шмат. Бо побач былi такiя цудоўныя калегi-таварышы — галоўны рэдактар Уладзiмiр Вялiчка, лiтаратурны крытык Алесь Марцiновiч, празаiк i паэт Мiхаiл Шэлехаў. У iх было чаму вучыцца. У сааўтарстве з Вялiчкам i Марцiновiчам напiсана кнiга «Зямля любовi нашай», якая прыхiльна ацэнена крытыкай, лiтаратарамi. Нядаўна ж я  ўзнагароджаны ганаровай граматай часопiса, якую атрымаў з рук яго новага кiраўнiцтва. А памяць, увага заўсёды натхняюць на плённую працу. 

— З юбiлеем, Васiль Аляксандравiч, вiншаваннi адрасуе i рэдакцыя «Р», дзе ты не аднойчы друкаваўся. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter