Шырокая плынь добрых спраў

Беларусы Данеччыны прэзентавалі новы паэтычны зборнік, буклет суполкі “Нёман” і зрабілі сабе ў падарунак пад Новы год старонку ў інтэрнэцеНапрыканцы года ўсе падводзяць вынікі. Ёсць такая традыцыя і ў актывістаў Данецкай абласной грамадскай арганізацыі “Культурна-асветнае таварыства беларусаў “Нёман”. Чарговую сустрэчу землякі ладзілі ў лекцыйнай зале Данецкай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі.
Артыстаў беларускага гурта “Палессе” добра ведаюць ва ўкраінскім ДанецкуБеларусы Данеччыны прэзентавалі новы паэтычны зборнік, буклет суполкі “Нёман” і зрабілі сабе ў падарунак пад Новы год старонку ў інтэрнэце
Напрыканцы года ўсе падводзяць вынікі. Ёсць такая традыцыя і ў актывістаў Данецкай абласной грамадскай арганізацыі “Культурна-асветнае таварыства беларусаў “Нёман”. Чарговую сустрэчу землякі ладзілі ў лекцыйнай зале Данецкай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі. Мерапрыемства мела беларускую назву “Вусны Часопіс”, пад час якога не толькі падводзіліся вынікі работы суполкі за год, але і прэзентаваліся некаторыя важкія набыткі: зборнік вершаў беларускі Зоі Цыкуновай “Рака жыцця”, буклет суполкі і вэб-сайт Данецкага аб`яднання беларусаў. Асаблівую ўрачыстасць сустрэчы надавала прысутнасць высокіх гасцей, сярод якіх была ганаровы член суполкі, жонка Прэзідэнта Украіны Людміла Аляксандраўна Януковіч. Прыйшлі прадстаўнікі абласной і гарадской адміністрацый, кіраўнікі іншых нацыянальных суполак Данецка, рэгіянальных падраздзяленняў таварыства “Нёман”.
З вітальнымі словамі да прысутных звярнуліся прэзідэнт Данецкай гандлёва-прамысловай палаты, ганаровы прэзідэнт аб`яднання беларусаў “Нёман” Генадзь Чыжыкаў, супрацоўніца Данецкай абласной адміністрацыі Святлана Кузняцова, старшыня праўлення дабрачыннага фонду “За будучыню Данецка” і Савета нацыянальнасцяў пры выканкаме Данецкага гарсавета Рыгор Цяпліцкі.
Старшыня суполкі “Нёман” Сафія Пасынкава расказала пра тое, якія праекты рэалізуюць цяпер беларусы Данеччыны, прадставіла новы буклет аб’яднання. Успомніла пра паездку ў знакавае для беларусаў месца — Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Дарэчы, святыню некалькі гадоў таму наведвала і Людміла Януковіч. У памяць пра тую падзею настаяцелі абіцелі перадалі Людміле Аляксандраўне абразок з выявай Божай Маці.
Данецкія беларусы гатовы больш актыўна кантактаваць з землякамі ў іншых краінах, дзяліцца з іншымі досведам працы. Таму і марылі пра свой вэб-сайт у інтэрнэце.
І вось мара ажыццявілася — дзякуючы Аляксандру Сямёнаву, гендырэктару таварыства “Ландорра”, сябру ініцыятыўнай групы і кіраўніку інтэрнэт-праекта Данецкай суполкі беларусаў “Нёман”. Ён прадэманстраваў прысутным, як выглядае сайт, запрасіў усіх удзельнічаць у напаўненні яго цікавымі матэрыяламі.
Па замове суполкі “Нёман” пабачыў свет зборнік вершаў паэтэсы Зоі Цыкуновай “Рака жыцця”. У ім сабраны вершы як пра Данецкі край, так і незабыўную Беларусь, прыгажосць прыроды, духоўныя багацці народа, пададзены ўспаміны аўтаркі пра ваенны і пасляваенны час. Назва кнігі Зоі Цыкуновой сведчыць не толькі пра зменлівую плынь пражытых гадоў. Бо, напрыклад, прыгожая і велічная рака Дняпро злучае дзве родныя сэрцу краіны: цячэ і праз Беларусь, дзе нарадзілася і правяла дзяцінства аўтар, і праз Украіну, якая даўно стала ёй другой радзімай, а Данбас — родным домам. А яшчэ Зоя Сцяфанаўна — член праўлення суполкі “Нёман”. Пра творчасць “паэтэсы з народа” Зоі Цыкуновай расказала Людміла Мачалава, супрацоўніца Канадска-украінскага бібліятэчнага цэнтра, старшыня паэтычнага клуба “Лотас”, у які ўваходзіць і Зоя Сцяфанаўна. Аўтарка чытала свае вершы з кнігі “Рака жыцця”.
Цёпла сустракала зала выступленне гурта “Палессе”, якім кіруе заслужаны работнік культуры Украіны Людміла Архімандрытава. Шмат гадоў, дарэчы, гэты самадзейны калектыў успрымаюць у Данецку як “візітную картку” суполкі беларусаў. Да імпрэзы была падрыхтавана і экспазіцыя літаратуры пра Беларусь, твораў беларускіх пісьменнікаў з фондаў бібліятэкі, праваслаўныя кнігі — падарунак суполцы з Жыровіцкага манастыра.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter