У сёлетнiм маi, якраз напярэдаднi чарговай гадавiны Перамогi над фашысцкай Германiяй, ветэран вайны i працы Андрэй Мiкалаевiч Канцавенка адзначыў свой 95-гадовы юбiлей. З гэтай выдатнай падзеяй былога народнага мсцiўца i работнiка тылу павiншавалi кiраўнiцтва Гомельскага раёна i Яромiнскага сельскага выканаўчага камiтэта, прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый, працоўных калектываў, педагогi i школьнiкi, а самадзейныя артысты ў яго гонар зладзiлi канцэрт з песень ваенных часоў.

— Я так расчулiўся ад тых урачыстасцей, — прызнаваўся мне паважаны пенсiянер, — што ледзь стрымлiваў слёзы.
Наша гутарка праходзiла ў Гомельскiм абласным клiнiчным шпiталi iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны, дзе мы з iм пралечвалiся.
Падчас гутаркi заўважыў, што на правай руцэ ў яго няма вялiкага пальца, а ўказальны пакарэжаны. Я спытаў: напамiнак пра вайну?
— Так. Iх у мяне не адзiн i не два. Некалькi. Памятаю, як вайна пачыналася. Бацька развiтваўся з сям’ёй, адпраўляючыся на фронт. Мiкалай Канстанцiнавiч абхапiў тады мяне за шыю, прыцягнуў да сябе, пацалаваў, а затым пацалаваў жонку Анастасiю Iванаўну i меншых сыноў Васiлька, Косцiка i Колю. А пераступаючы цяжкой хадой парог хаты, сказаў: «Ты, Андрэй, за гаспадара застаешся, пакуль я на вайне буду. Немалы ўжо, 14 стукнула. На цябе спадзяюся».
Нiякiх пiсьмаў ад яго так i не дачакалiся. Толькi пасля вайны прыйшоў лiст: прапаў без вестак у 1941-м.
А энергiчны падлетак Андрэй, памятаючы бацькоўскi наказ, паспрабаваў быў унесцi нейкiя змены ў сямейныя справы, ды, атрымаўшы некалькi кухталёў ад мачыхi (родная мама яго i Васiлька Палiна Яўсееўна памерла ў 1937 годзе), на пэўны час замкнуўся ў сабе i з сумам сачыў за навiнамi, якiя даходзiлi да iх вёскi Загор’е: вораг iмклiва прэ з Чачэрска i Рагачова ў Засажэўскую зону, рабуе насельнiцтва, уводзiць прымусовую бясплатную працу, учыняе масавыя расстрэлы яўрэяў i ўсiх, хто не прызнае фашысцкiх парадкаў цi парушае iх.
У адзiн з такiх надвячоркаў Андрэй натрапiў у кустах недалёка ад хаты на параненага ў плячо чырвонаармейца, якi страцiў шмат крывi. Ён перабiнтаваў лейтэнанта, перацягнуў яго ў лазню, што знаходзiлася ў канцы агарода, i амаль цэлы тыдзень патаемна даглядаў яго.
А калi той ачуняў, Андрэй ляснымi сцяжынкамi вывеў чырвонаармейца на бяспечную дарогу. На развiтанне той параiў хлопцу збiраць пакiнутую пасля баёў зброю дзеля таго, каб перадаць яе партызанам. Да гэтай справы сямiкласнiк прыцягнуў сваiх сяброў Валодзю Шчарбакова i Мiкалая Малафеева. Такiм вось чынам дзесяць вiнтовак i тысячы патронаў, якiя хлопцы хавалi пад мохам адной балацянкi, яны перадалi народным мсцiўцам. Iхнiя ж просьбы запiсацца ў атрад засталiся без задавальнення нават пасля таго, як Андрэй па даручэннi ўзводнага камандзiра Паўла Карнеевiча Капралава разведаў месца знаходжання дзота каля вёскi Малашкi Кармянскага раёна, якi потым быў разгромлены партызанамi.
I ўсё ж Андрэй Канцавенка дабiўся свайго: у 16 гадоў ён стаў сувязным Чачэрскага партызанскага атрада, якi быў перайменаваны ў атрад iмя Калiнiна, а пасля ўвайшоў у склад 1-й Гомельскай брыгады. На базе атрада i брыгады дзейнiчаў Чачэрскi падпольны райкам партыi, якi арганiзаваў чатыры партызанскiя атрады, частка якiх адступiла на ўсход з войскамi дзеючай Чырвонай армii, а частка засталася ў тыле ворага i дыслацыравалася ў засажэўскiх чачэрскiх лясах.

Сюды напрыканцы 1941 года прыбылi два гомельскiя партызанскiя атрады. У створаную партызанскую зону ўваходзiла вялiкая тэрыторыя Чачэрскага, Кармянскага, Свяцiлавiцкага i Краснапольскага раёнаў. I калi сюды з-за лiнii фронту прыбыў для дыверсiйнай i разведвальнай работы атрад спецпрызначэння «Уперад», Чачэршчына стала цэнтрам партызанскай барацьбы на поўднi Гомельскай вобласцi.
Усё гэта так устрывожыла акупантаў, што яны накiравалi сюды некалькi спецыяльных карных атрадаў, аснашчаных танкамi, бронемашынамi i артылерыяй. Пад шалёным нацiскам ворага партызаны пачалi невялiкiмi групамi выходзiць з акружэння ў бранскiя i арлоўскiя лясы, бiць фашыстаў з засад. Калi ж блакада была знята, разрозненыя групы партызан пачалi ствараць аб’яднаныя атрады. Як i раней, партызанскiя фармiраваннi мелi сваiх сувязных, якiя выконвалi вялiкую i важную работу.
Сярод iх быў i Андрэй Канцавенка. Яму нярэдка даводзiлася дастаўляць па ўказаных адрасах, пераадольваючы пешшу дзясяткi кiламетраў, як вусныя, так i пiсьмовыя распараджэннi, загады, данясеннi партызанскiх камандзiраў. Рызыка iснавала на кожным кроку, i галоўным было не натрапiць на палiцэйскiя цi нямецкiя засады. Навакольныя лясы i населеныя пункты юнак ведаў з маленства — з усiмi глухiмi сцяжынкамi, лагчынкамi, балацянкамi i ручаямi. На заданнi iшоў звычайна без узбраення, таму што не прымаў непасрэднага ўдзелу ў баявых сутычках з ворагам — у сувязнога мелiся свае канкрэтныя задачы.
— Дык адкуль тады тое раненне ў руку? — недаўменна спытаў я.
— У канцы лiстапада 1943 года, — працягваў свой аповед Андрэй Мiкалаевiч, — Чачэрскi раён быў вызвалены ад фашысцкай акупацыi. Частка партызан папоўнiла рады Чырвонай армii, частка была пакiнута для аднаўлення разбуранай гаспадаркi. У 1944-м мяне паставiлi брыгадзiрам калгаса iмя Тэльмана. Я да таго ж з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганiзацыi Закрынiцкага сельсавета i, калi iшоў з яго старшынёй Ягорам Фядосавiчам Гурковым на камсамольскi сход, заўважыў, што пяць хлапчукоў гуляюць на вулiцы з гранатай. Я тут жа выхапiў яе ў аднаго з рук… Мне пашанцавала, што граната ўзарвалася над галавой, калi шпурляў яе ў канаву. Пасля два тыднi я правёў у вёсцы Забалоцце Буда-Кашалёўскага раёна, дзе ў той час знаходзiўся перасоўны ваенны шпiталь.
Далейшы лёс камунiста Андрэя Мiкалаевiча Канцавенкi складваўся такiм чынам. У 20-гадовым узросце ён узначалiў калгас, прычым яго абавязалi (так i сказаў мне — «абавязалi») ажанiцца, паступiць у сельгастэхнiкум. Сельскай гаспадарцы ён аддаў амаль паўвека. Работы было столькi, што першы раз у адпачынак пайшоў толькi ў 1962 годзе.
Зараз заслужаны пенсiянер жыве адзiн у аграгарадку Яромiна Гомельскага раёна. Мае прысядзiбны ўчастак у 25 сотак, на якiм ён яшчэ нядаўна сам шчыраваў, а зараз участак дапамагаюць апрацоўваць суседзi. Ветэран вайны i працы ўсёй душой жадае пераступiць стагадовы рубеж, чаго яму мы шчыра жадаем.
ДАВЕДКА
«У гады вайны ў Чачэрскiм раёне поўнасцю былi знiшчаны дзесяць населеных пунктаў i часткова — 20. Гiтлераўцы забiлi 1226 жыхароў раёна, на прымусовыя работы ў Германiю ўгналi 1379 чалавек, з якiх на Радзiму вярнулiся толькi 305.
На тэрыторыi раёна дзейнiчалi такiя партызанскiя фармiраваннi, як 1-я Гомельская брыгада, атрад iмя М. I. Калiнiна, брыгада «Бальшавiк», асобныя Свяцiлавiцкi i Добрушскi атрады, 10-я Журавiцкая брыгада, спецгрупа «Радзiма».
ДАВЕДКА
«У гады вайны ў Чачэрскiм раёне поўнасцю былi знiшчаны дзесяць населеных пунктаў i часткова — 20. Гiтлераўцы забiлi 1226 жыхароў раёна, на прымусовыя работы ў Германiю ўгналi 1379 чалавек, з якiх на Радзiму вярнулiся толькi 305.
На тэрыторыi раёна дзейнiчалi такiя партызанскiя фармiраваннi, як 1-я Гомельская брыгада, атрад iмя М. I. Калiнiна, брыгада «Бальшавiк», асобныя Свяцiлавiцкi i Добрушскi атрады, 10-я Журавiцкая брыгада, спецгрупа «Радзiма».
З кнiгi «Памяць: Чачэрскi раён».
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.