Шукаю цябе. Я беражліва захоўваю і часта пераглядаю здымкі з майго дзяцінства і юнацтва.

На адных — вучні Багушэўскай аздараўленчай школы “Караліна”, сярод якіх і я. А ў 1957—1959 гадах я вучылася ў фабрычна-заводскай школе ў Віцебску, група 64. Прашу адгукнуцца ўсіх, хто па волі лёсу быў са мной разам. Таццяна Кірылаўна Васілеўская, Віцебск

На адных — вучні Багушэўскай аздараўленчай школы “Караліна”, сярод якіх і я. А ў 1957—1959 гадах я вучылася ў фабрычна-заводскай школе ў Віцебску, група 64. Прашу адгукнуцца ўсіх, хто па волі лёсу быў са мной разам. Таццяна Кірылаўна Васілеўская, Віцебск “Я ўжо звярталася па дапамогу на праект “Помні імя сваё” і шчыра дзякую за звесткі пра бацьку. Зараз пішу па просьбе Сафіі Парфіраўны Купрыенка, якая марыць даведацца пра сваю сястру Мальвіну Парфіраўну. Яна жыве ў сяле Нікольскім Свярдлоўскай вобласці. Аляксандра Канстанцінаўна Сянько, Хойніцкі раён”.

“Хачу атрымаць звесткі пра лёс брата Івана Дзмітрыевіча БАРАЎКОВА, 1937 года нараджэння, ураджэнца вёскі Гаўрыліна Полацкага раёна. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1994 года ён прыязджаў у камандзіроўку з горада Валгаграда і жыў у мяне. 9 ліпеня мы правялі яго на цягнік “Полацк—Масква”. Ён абяцаў пісаць. З таго часу ад брата вестак няма. Я ў шаноўным узросце і не магу паехаць у Валгаград. Звярталася туды ў міліцыю, але адказу не атрымала. Таму засталася надзея на супрацоўнікаў пошукавага праекта. Еўдакія Дзмітрыеўна Качанава, Наваполацк”.

“Шукаю сяброўку юнацтва Раісу Мікалаеўну ЧЫХУН (прозвішча дзявочае), 1947 года нараджэння. Родам яна з Лідчыны. У 1965 годзе мы закончылі Навагрудскі гандлёвы тэхнікум. Сяброўка паехала па накіраванні ў Жодзіна, а я — у Віцебск. Мы перапісваліся, наведвалі адна адну. Рая працавала ў магазіне абутку. Праз тры гады я выйшла замуж і паехала ў Расію. З часам сувязь абарвалася. Рая мела сястру Таццяну і братоў Мікалая і Аляксандра. Ганна Аляксандраўна Андрыянава, Мазыр”.

“У канцы мая 1961 года на будоўлю моста праз раку Пціч у маю родную вёску прыехалі дзяўчаты: Надзея Кубарава, Марыя Наскова, Любоў Вераксо, Валянціна Красоўская і Марыя ЖАЛЕЗНЯКОВА (з Быхаўскага раёна). Марыя Жалезнякова на танцах запрасіла мяне на белы танец. Я закахаўся. Прапаноўваў пажаніцца, але яна адмовілася. Пасля заканчэння работы ў канцы ліпеня дзяўчаты паехалі на будоўлю моста праз аўтадарогу Слуцк—Бабруйск. Жылі яны ў вёсцы Яўсеевічы. Я некалькі разоў ездзіў да іх. У хуткім часе яны паехалі адтуль. Пасля гэтага я неяк сустрэў Надзею і Марыю. Яны мне сказалі, што мая Марыйка выйшла замуж. Пражыта жыццё. Успамінаецца толькі добрае. Узгадваецца і каханне да Марыі. Хачу даведацца пра яе далейшы лёс. Васіль Майсеевіч Сіраж, Глускі раён”.

“Дзякуй за тое, што адшукалі маю аднакурсніцу. Яшчэ хачу знайсці Міхаіла БАТУРУ, прыкладна 1932—1934 года нараджэння, ураджэнца вёскі Новая Вілейка Лагойскага раёна. Бацька мой загінуў падчас вайны ў 1945 годзе. Жылі мы на хутары Воступ каля вёскі Мільча Вілейскага раёна. Мелі сваю зямлю, але працаваць на ёй у такім узросце (а нас у маці было трое — 12, 10 і 6 гадоў) было цяжка. Наша мама пазнаёмілася з сям’ёй Батураў. Ганна, Варвара, Надзея і Міхаіл дапамагалі нам ва ўсім. Міхаіл пазней пайшоў у армію, а сёстры яго параз’язджаліся хто куды. У 1949 годзе Міша жыў у Мінску. Хочацца даведацца пра лёс Міхаіла і яго сясцёр. Надзея Іванаўна Ярчак (Палянская), Мядзельскі раён”.

“Дапамажыце знайсці звесткі пра майго бацьку Антона Лук’янавіча АХРАМЕНКУ, 1891 года нараджэння. Яго ў канцы жніўня 1937 года саслалі ў Сібір на 10 гадоў. Мы жылі тады ў вёсцы Іванішчавічы. Памятаю, бацька адразу прысылаў пісьмы з горада Сыктыўкар (Комі ССР), потым — з горада Балашова. Далей пра яго лёс нічога не ведаю. Шукала. Мне прыйшоў адказ, што ён вызвалены ў пачатку ліпеня 1943 года. Лізавета Антонаўна Ахраменка, Бабруйск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter