Шукаю цябе... “Мой брат Іван Іванавіч НОВІК у 1955 годзе паехаў на заробкі ў Карэлію.

Спачатку мы перапісваліся, а потым страцілі сувязь, і ўжо шмат часу я не ведаю пра лёс Івана. Міхаіл Іванавіч Новік, Пружанскі раён”.

“Шукаю брата Леаніда Якаўлевіча МАЛАШЭНКУ, 1930 года нараджэння. Жыў і працаваў Леанід у Якуціі. Больш за 20 гадоў мы не маем сувязі і не ведаем адзін пра аднаго. Мікалай Якаўлевіч Малашэнка, Магілёў”.

“Сястра майго мужа Ніна Іванаўна КАСЦЮХІНА, па прафесіі ўрач, жыла ў Маскве. Апошні раз мы сустракаліся ў 1993 годзе. Тады яе сын праходзіў вайсковую службу ў Барысаве. Затым я паехала да бацькоў у Краснадар, і мы страцілі сувязь. У 1996-м мая дачка бачылася з Нінай Іванаўнай. Сваячка хварэла. Калі званю ёй, адказваюць, што па гэтым адрасе не жыве. Ганна Аляксандраўна Архіпава, Мінск”.

“Шукаю жанчыну, прозвішча якой КЛЯТАНІНА (імя і імя па бацьку не пазначаны). У 1963—1964 гадах яна працавала ў прафсаюзным камітэце Брэсцкага дывановага камбіната. Іван Іосіфавіч Белякоў, Віцебск”.

“З Тамарай Анісімаўнай ЛІТОЎСКАЙ (Понізавай), 1942 года нараджэння, мы разам вучыліся ў 20-й СШ горада Каўнаса (Літва). Пасля школы сяброўка паступіла ў Каўнаскі медінстытут, а я паехала вучыцца ў горад Уладзімір, у Расію. Некаторы час мы перапісваліся. Потым бацькі Тамары пераехалі ў Латвію. Перавялася туды на вучобу і Тамара. У яе дзве дачкі: Юля і Наташа. Хачу знайсці сяброўку маладосці. Альбіна Канстанцінаўна Вараб’ёва, Бабруйск”.

“Звяртаюся па просьбе цёткі Зінаіды Капітонаўны Пятровай (Ільіной) з Ваўкавыска. Цётка Зіна шукае былую суседку і яе мужа, якія ў 1961—1962 гадах жылі ў Ваўкавыску, на вуліцы Жолудзева. Былая суседка Ніна Мікалаеўна ЛЕАНЕНЯ, 1932 года нараджэння, ураджэнка Клецкага раёна, мела вышэйшую адукацыю, была выкладчыкам. Яе муж Сцяпан Лук’янавіч быў афіцэрам. У іх ёсць дачка. Сям’я пераехала ў Дзятлаўскі раён. Жыла недалёка ад дзіцячага санаторыя “Ластаўка”. Затым Сцяпана Лук’янавіча накіравалі ў Пермскую ці Свярдлоўскую вобласць, і суседзі страцілі сувязь. Зінаіда Капітонаўна хоча знайсці гэту сям’ю, каб падзякаваць, што дапамаглі ёй умацаваць здароўе, падняць на ногі дзяцей. Людміла Мікалаеўна Васільева, Гродна”.

“Шукаю сябровак па студэнцкім інтэрнаце: Кацярыну КУЗНЯЦОВУ (Сарока), Людмілу БУЖЫНСКУЮ (Пахоменка), Алену ПРАХАРЭНКА (Жолудзеву), Валянціну ЗАЙЦАВУ і ўсіх выпускніц нашай групы Віцебскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці, які мы скончылі ў 1972 годзе. Зараз нам за 60. Па-рознаму склаліся лёсы. Але заўсёды мы бралі прыклад са старасты нашай групы Ніны Вацьковіч. Цяжкая хвароба ўварвалася ў яе лёс на самым піку жыцця, перад заканчэннем інстытута. Тым не менш праз два гады Ніна напісала і на “выдатна” абараніла дыпломны праект, атрымала чырвоны дыплом, хаця працаваць не змагла. Падчас вучобы яна была вельмі працаздольная, мэтанакіраваная, у інтэрнаце дапамагала нам, дзяўчынкам з вёскі, як старэйшая сястра. Гэта такі мужны, стойкі, жыццялюбівы чалавек, перад якім адчуваеш сябе вінаватай за ўсе свае скаргі на жыццё. Аліна Іванаўна Бондарава (Шчарбіцкая), Полацк”.

“Нарадзіўся я ў 1955 годзе ў Астравецкім раёне. Затым сям’я пераехала на месцажыхарства ў Літву. Там я вырас і ажаніўся. У 1987-м на свет з’явіўся сын Руслан. Так атрымалася, што я трапіў на дзевяць гадоў у турму. Жонка Рэгіна КАПОВІЧ з сынам наведвалі мяне. У 1992-м жонка вырашыла аддаць Руслана ў Амерыку. Я не згадзіўся. Суд Вільнюскага раёна пазбавіў Рэгіну мацярынскіх правоў. З таго часу нічога не ведаю пра сына, хачу паглядзець на яго. Мне 55 гадоў, здароўе кепскае. Жонка жыве дзесьці ў Вільнюсе. Там у мяне ёсць брат Валянцін Уладзіслававіч КАПОВІЧ, 1966 года нараджэння. Усім сэрцам і душой прашу: дапамажыце знайсці сына, брата і жонку. Тадэвуш Уладзіслававіч Каповіч, Мядзельскі раён”.

...І знаходжу

Жыхар Жодзіна Фелікс Іванавіч Патаповіч паведамляў, што ў 1956 годзе закончыў лесаінжынерны факультэт Беларускага лесатэхнічнага інстытута. Аднакурснікі сустракаліся праз 20 і 25 гадоў пасля заканчэння вучобы. На трэці раз, у 2007 го-дзе, на сустрэчу сабраліся дваццаць чалавек. З іх чацвёртай групы ні разу не прыязджалі Лявонцій Строк і Рычард Емельяновіч. Яшчэ аднакурснікі хацелі даведацца пра лёс Мечыслава Тарноўскага. Знайшоўся Лявонцій Сямёнавіч Строк.

Ганна Барысаўна Кавалёва (Кашчанка) з Лоева шукала аднакурснікаў, выпускнікоў 1970 года Гомельскага сельгастэхнікума. Адгукнулася Алена Рыгораўна Кірыленка з Гомеля.

Мінчанка Тамара Анатольеўна Варанько (Кудрэвіч) шукала сябра маладосці Станіслава Плюту. Сябар знайшоўся і паведаміў, што ў яго ўсё добра, ёсць сям’я, дзеці.

Валянціна Мікалаеўна з Гродзенскага раёна шукала сябра маладосці Леаніда Іванавіча Кляўса. Яна ўжо ведае пра лёс сябра.

Галіна Рыгораўна Байцова (Кот) з Івацэвіч шукала сябровак маладосці Таццяну Скрыганаву (Рысянкову), Тамару Барсукову і Таццяну Дзянісаву. Знайшлася Таццяна Іванаўна Скрыганава (Рысянкова).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter