Шукаю цябе...

“У 1944—1946 гадах мая маці Аляксандра Аляксандраўна Ермакова ў складзе маладзёжнай брыгады працавала ў Манголіі на адкорме жывёлы для харчавання арміі. Там, у Манголіі, маці сустрэлася з маім бацькам Іванам Васільевічам ПАНАСЕНКАМ, ураджэнцам Віцебска, і ў сакавіку 1945 года нарадзілася я. Маці са мной вярнулася ў былы Савецкі Саюз. Неўзабаве матуля памерла. Я выхоўвалася ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Усё жыццё мару знайсці бацьку. Хачу, каб адгукнуліся яго родныя. Напэўна, у яго ёсць браты і сёстры. Можа, у іх ёсць фотаздымак бацькі. Вера Іванаўна Карманава (Ермакова), Краснадарскі край”.

“У 1944—1946 гадах мая маці Аляксандра Аляксандраўна Ермакова ў складзе маладзёжнай брыгады працавала ў Манголіі на адкорме жывёлы для харчавання арміі. Там, у Манголіі, маці сустрэлася з маім бацькам Іванам Васільевічам ПАНАСЕНКАМ, ураджэнцам Віцебска, і ў сакавіку 1945 года нарадзілася я. Маці са мной вярнулася ў былы Савецкі Саюз. Неўзабаве матуля памерла. Я выхоўвалася ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Усё жыццё мару знайсці бацьку. Хачу, каб адгукнуліся яго родныя. Напэўна, у яго ёсць браты і сёстры. Можа, у іх ёсць фотаздымак бацькі. Вера Іванаўна Карманава (Ермакова), Краснадарскі край”.

“Шукаю звесткі пра бацьку Дзмітрыя Паўлавіча РЭЗНІКА. Ён быў жанаты з маёй маці Марыяй Васільеўнай Дарашук, ураджэнкай вёскі Прыборава Брэсцкага раёна. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў ветэрынарным урачом у пасёлку Дамачова Брэсцкай вобласці. Затым быў накіраваны на працу ў Мінск. Маці паехала з ім, але ў хуткім часе вярнулася ў бацькоўскую хату. Пасля гэтага мае бацькі скасавалі свой шлюб. Я жыла з маці і ўжо дарослая пераехала ў Мінск. Калі спытала ў матулі пра бацьку, яна адказала: “У яго другая сям’я”. Нягледзячы на гэта, хачу даведацца, як склаўся лёс бацькі. Можа, адгукнецца хто з яго новай сям’і. Буду рада пазнаёміцца. Вольга Дзмітрыеўна Вайтовіч, Мінск”.
“Жывеш, мудрэеш, і вельмі хочацца ведаць: хто ты? Асабліва, калі ніколі не бачыў бацьку і ведаеш пра яго толькі ад людзей. Маці мая Пелагея Максімаўна Міхалкова, 1928 года нараджэння, працавала ў калгасе даяркай. Вясной, летам і ўвосень кароў даілі ў лесе, дзе і пасвілі калгасны статак. У нашай вёсцы Глушкавічы ў той час працаваў дзесятнікам Васіль СЕРАКОЎ (імя па бацьку не ведаю). Жыў на кватэры ў Праскоўі Радзілавец. Кажуць, быў высокі, чарнявы, кучаравы. Часта насіў чорны альбо цёмна-сіні плашч. У 1960 годзе да Васіля Серакова прыехала жонка, якая даведалася, што муж пасябраваў з маёй маці і тая ад яго цяжарная. Яна забрала мужа і павезла з сабой. Перад ад’ездам ён прыходзіў развітацца з маёй маці. Калі даведаўся, што яна хацела пазбавіцца дзіцяці, сказаў: “Добра, што не зрабіла гэта. Ты — сірата. Будзеш мець падтрымку ў старасці”. Больш яго ў нашай вёсцы не бачылі. Вось такая гісторыя майго нараджэння. Днямі мне споўніцца 50. У гэту дату асабліва хачу даведацца пра свае карані. Бацьку, напэўна, не сустрэну, але ж ёсць у яго, мабыць, дзеці, унукі. Я ні на што не прэтэндую. Проста хачу ўбачыць родных. Знаёмыя кажуць, што на бацьку вельмі падобныя мае дачка і ўнучка. Ніна Васільеўна Бабовіч, Лельчыцкі раён”.
“Шукаю стрыечнага брата Генадзя Пятровіча ЛЯВУСКІНА. Нашы з ім бацькі — родныя браты. У Пятра Іванавіча Лявускіна было трое дзяцей: дочкі Ніна, Раіса і сын Генадзь. Мы жылі ў горадзе Баку, з роднымі падтрымлівалі сувязь. Але пасля падзей у Карабаху раз’ехаліся хто куды, і пра родных не ведаем. Два мае сыны жывуць у Беларусі. Тут знайшла прытулак і я. Чула, што сюды з жонкай Людмілай прыехаў і Генадзь. Ён павінен памятаць сваіх стрыечных сясцёр: Ніну, Таю, Валю, Тоню, Любу, Свету. Яны ўсе зараз удовы, жывуць у Расіі. Я з імі наладзіла сувязь. А зараз хачу знайсці і стрыечнага брата. Ніна Іванаўна Захаранка, Полацк”.
“Мая цётка Пелагея (магчыма, Праскоўя) Гаўрылаўна Папова, 1870 года нараджэння, жыла ў Ленінградзе на вуліцы Садовай. Пасля зняцця блакады цётка хутка памерла. Мне неабходна знайсці яе родных. У Ленінградзе на вуліцы Сядых да вайны жыла пляменніца цёткі Ганна з сынам, прозвішча іх не ведаю, сувязь не падтрымлівала. Можа, ёсць яшчэ родныя? Еўдакія Дзмітрыеўна Бяляева, Гомель”.
“Мой сын Алег Георгіевіч РАМАНОВІЧ, 1951 года нараджэння, жыў і працаваў у Сяміпалацінскай вобласці, у Казахстане. Прыкладна ў 1996—1998 гадах з’ехаў адтуль, і дагэтуль месцазнаходжнне яго невядома. Марыя Аляксандраўна Рамановіч, Ваўкавыск”.
“У час Вялікай Айчыннай вайны мы былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Пасля ваеннага ліхалецця мае бацькі і я вярнуліся на радзіму, а брат бацькі Іосіф Іванавіч ГАНЬКО з сям’ёй застаўся на чужбіне. Спачатку яны жылі ў Аўстрыі, затым у Канадзе, потым зноў вярнуліся ў Аўстрыю. Дапамажыце знайсці дзядзьку, яго жонку Алену, сына Янака і дачок. Зінаіда Андрэеўна Жако, Валожын”.
Роднага чалавека Леаніда Міхайлавіча МІЦКЕВІЧА, 1936 года нараджэння, шукае сям’я Міцкевічаў з Лідскага раёна. Ён жыў у горадзе Алма-Аце, недалёка ад аэрадрома. Сувязь страчана яшчэ да часоў перабудовы.
“Мой брат Васіль Віктаравіч ЛУЦЭВІЧ, 1972 года нараджэння, у 2000 годзе паехаў на заробкі ў Маскву, дагэтуль не вярнуўся і невядома, дзе знаходзіцца. Да гэтай паездкі Васіль некалькі разоў быў у Маскве, працаваў там, жыў у стрыечнага брата. На гэты раз у родных яго не было. Органы ўнутраных спраў вядуць пошук Васіля. Аднойчы з міліцыі горада Тамбова паведамілі, што нашага дарагога чалавека знайшлі. Я і бацька Віктар Іосіфавіч Луцэвіч паехалі ў Тамбоў на апазнанне, але гэта быў іншы чалавек. Дапамажыце знайсці брата. Сяргей Віктаравіч Луцэвіч, Мінск”.
“Шукаю сяброўку маладосці Зою КРАСОЎСКУЮ. Мы вельмі сябравалі. Зоя шмат разоў была ў мяне ў Мінску, і яе ездзіла да яе ў Пінск. Потым яна атрымала новую кватэру, адрас не паведаміла, і мы страцілі сувязь. Валянціна Аляксандраўна Станкевіч, Мінск”.
“У 1954 годзе я закончыла Полацкі лясны тэхнікум. Падчас вучобы сябравала і жыла ў адным пакоі з цудоўнай дзяўчынай Таісай РАКОМСА, 1936 года нараджэння. Пры размеркаванні на працу яе накіравалі ў Полацкі лясгас. Я ездзіла туды, хацела знайсці сяброўку, але гэта — што шукаць іголку ў сене. Дапамажыце мне. Ніна Іванаўна Вайцяховіч (Цюміна), Старыя Дарогі”.
“Усім вядома пачуццё, калі нешта згубіў, і жаданне, надзея знайсці згубленае. А калі гэта не рэч, а сваяк, блізкі, дарагі чалавек? Пачуццё тады яшчэ больш вострае. Паведаміце, што Жэня просіць адгукнуцца Аню ДАМІНІКАВУ. Свой нумар тэлефона пакідаю ў рэдакцыі. Больш Ані нічога невядома, і мне таксама. Таму назавіце і надрукуйце менавіта імя — Жэня”.

...І знаходжу

  • Ніна Іванаўна Куксо-Талецкая з Асіповіцкага раёна шукала былых аднакласнікаў. Адгукнуўся Мікалай Пятровіч Талецкі з Мазыра. Пошук іншых аднакласнікаў працягваецца.
  • Па электроннай пошце звярнуўся Андрэа з Італіі (Мілан). У Румыніі на курорце Нептун ён пазнаёміўся з дзяўчынай з Беларусі. Аляксандра адпачывала там з сяброўкай. Юнак так захапіўся прыгажосцю беларускі, што забыўся спытаць у яе прозвішча, абмяняцца адрасамі. Напамінам пра рамантычнае захапленне ў Андрэа застаўся фотаздымак Аляксандры. Яго ён прыслаў на праект і спадзяваўся, што знойдзе дзяўчыну. І спадзяваўся недарэмна, хоць давялося чакаць ажно... пяць гадоў. Аляксандра патэлефанавала і цяпер ведае адрас Андрэа.
  • Леў Леанідавіч Кавалёў са Смаленскай вобласці Расіі шукаў Галіну Паўлаўну Пілецкую, каханую жанчыну з Беларусі, якую даўно не бачыў, але часта ўспамінае. Галіна Паўлаўна знайшлася. Яе адрас высланы пісьмом.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter