Шукаю цябе...

“Мой сябар маладосці Славамір Валяр’янавіч БАРКОЎСКІ ў снежні 1957-га ці ў пачатку 1958 года паехаў з маці на месцажыхарства ў Польшчу. Адрас у мяне не захаваўся, а вельмі хачу даведацца пра лёс сябра. Ядвіга Ігнатаўна Жывіцкая, Мядзельскі раён”.
“Дапамажыце ў пошуку  брата Міхаіла Паўлавіча БОЛБАСА, 1950 года нараджэння, ураджэнца вёскі Слабодка Бабруйскага раёна. У 1978 годзе  ён прыязджаў да нас. У 1982-м яго наведвала маці. І пасля гэтага не ведаем адно пра аднаго. Жонку Міхаіла завуць Фаіна, у іх двое дзяцей: сын і дачка. Жылі яны недалёка, у Бабруйску. Валянціна Паўлаўна Церахава, Буда-Кашалёва”.
“Мы з Тамарай Паўлаўнай ЖУР, 1937 года нараджэння, землякі, расіянкі. Сябравалі, разам вучыліся ў школе, закончылі Беларускую сельгасакадэмію ў горадзе Горкі, і пасля гэтага лёс разлучыў нас. 50 гадоў нічога не ведаем адна пра адну. Марыя Пятроўна Пярэднева, Мінск”.
“Шукаю Людмілу САВІЦКУЮ (прозвішча дзявочае), 1955—1956 года нараджэння. Родам Людміла з Клецкага раёна, вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1973 годзе іх пасылалі ў наш калгас на ўборку бульбы. Люда з сяброўкай жыла на кватэры ў маёй суседкі Людмілы Русановіч. Тады мы і пазнаёміліся. Хутка праляцеў месяц, і студэнты паехалі на вучобу. А мяне прызвалі на службу ў армію. Служыў у Германіі, затым жыў на Поўначы. Зараз на малой, так бы мовіць, радзіме. Хачу ведаць, як склаўся лёс Людмілы Савіцкай. Можа, яна жыве дзесьці непадалёку. Мікалай Мікалаевіч Міцкевіч, Мінская вобласць”.
“Хачу знайсці сяброўку маладосці Галіну Васільеўну ГРЫЦУК (прозвішча дзявочае), 1951 года нараджэння. У 1968 годзе я закончыла школу і паступіла вучыцца ў Брэсцкае тэхнічнае вучылішча № 27 чыгуначнікаў па спецыяльнасці праваднік пасажырскіх вагонаў. З Галінай вучыліся ў адной групе, жылі на адной кватэры. Потым я пераехала ў інтэрнат. У 1972 годзе  выйшла замуж і адправілася да бацькоў. Галіна прыязджала да мяне на вяселле. Мы з ёй перапісваліся, затым страцілі сувязь. Ніна Міхайлаўна Роева”.
“Мы ўсе трое:  я, а таксама Юлія Севасцьянаўна ЛАТУШКІНА і Ігар ВАСІЛЬКОЎ з Мсціслаўскага раёна. У 1951 годзе паступілі на фізіка-матэматычнае аддзяленне Аршанскага настаўніцкага інстытута. Два гады мы з Юляй жылі ў адным пакоі, вельмі сябравалі. Ігару падабалася Юля, яна пазнаёміла з ім і мяне. Мы з сяброўкай ездзілі на адным поездзе дадому, выходзілі на адной станцыі. Юлін дом быў ад яе зусім блізка, а мой — за 12 кіламетраў. Сяброўка заўсёды хвалявалася, як я дабяруся дадому. У 1953-м мы закончылі інстытут і па накіраванні паехалі ў Гродзенскую вобласць на працу. Праз год я выйшла замуж і вярнулася на Віцебшчыну. Новыя клопаты, планы, так мы і страцілі сувязь. Ніна Іосіфаўна Вярцінская, Сенненскі раён”.
“Шукаем выпускнікоў Жыліцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, 1966 года выпуску, агранамічнага аддзялення. У  2011 годзе будзе 45 гадоў, як мы закончылі вучобу і раз’ехаліся па ўсёй Беларусі, а магчыма, і за яе межы. Хочацца ведаць, як склаліся лёсы сяброў. Сустрэчу намячаем на чэрвень 2011 года. Вольга Аляксееўна Бойка (Андрусевіч), Мазыр, Марыя Нікіціна, Людміла Вішнеўская”.

...І знаходжу

  • “У вашым праекце  ўпаміналася імя  Аляксандра Аляксандравіча Ардзіна, ураджэнца горада Нікольска Валагодскай вобласці, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны ў Польшчы. Пра гэта я расказала сястры Зоі Мікалаеўне. Яна старэйшая за мяне і больш ведае пра родных і блізкіх з прозвішчам Ардзіны, якія жылі, вучыліся, працавалі ў Нікольску. На жаль, я не ведаю, хто шукае звесткі пра Аляксандра Аляксандравіча Ардзіна. Магчыма, ён і яго нашчадкі — нашы родныя. Таццяна Мікалаеўна Зубовіч, Гомель”.
    Нашы калегі ўсё як належыць праверылі, удакладнілі і прыйшлі да высновы, што так яно і ёсць. Вельмі рады, што блізкія людзі з дапамогай нашага праекта знайшлі адно аднаго.
  • Святлана Іванаўна Цішкоўская са Слуцкага раёна шукала былых выхаванцаў Клецкага дзіцячага дома. Адгукнулася Людміла Леанідаўна Шыліна з Мінска.
  • Валянціна Іванаўна Башкова з Казахстана шукала былых выхаванцаў Адампальскага дзіцячага дома. На яе пісьмо адгукнулася мінчанка Аляксандра Дзмітрыеўна Калачова (Харошка). Пошук сяброў працягваецца.
  • Ісак Веніямінавіч Краўчык з Віцебска па просьбе сваёй цёткі Аляксандры Слуцкай, якая жыве ў Ізраілі, шукаў яе сяброўку Ганну Міхасёву. Адгукнуўся пляменнік сяброўкі Юрый Міхасёў з Брэста. Ён паведаміў, што цётка жывая і здаровая, вельмі парадавалася, што сяброўка маладосці знайшла яе.
  • Мінчанка  Марыя Іванаўна Пратасоўская (Якубоўская) шукала стрыечную сястру Рэгіну Іосіфаўну Корань (Куракевіч). Сястра знайшлася.
  • Яўгенія Якаўлеўна Другакова (Плечка) з Лунінецкага раёна шукала Галіну Кузьмінічну Барышполец (Мялешку), разам з якой вучылася ў Брэсцкім педінстытуце. Закончылі яго ў 1968 годзе і з таго часу не сустракаліся. Галіна Кузьмінічна адгукнулася і парадавалася, што праз 42 гады сяброўка знайшла яе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter