9—10 ліпеня ў Александрыі пройдзе маштабнае купальскае свята “Александрыя збірае сяброў”
08.07.2016 14:35:59
Пакаштаваць купальскай гарбаты, паскакаць праз вогнішча і патанцаваць пад песні айчынных і замежных зорак запрашае Александрыя
9—10 ліпеня тут у чарговы раз пройдзе маштабнае купальскае свята “Александрыя збірае сяброў”. Месца сустрэчы ранейшае — маляўнічы бераг Дняпра ля маста, які не толькі злучае два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую, але і з’яўляецца сімвалам свята, якое таксама выконвае ролю своеасаблівага маста — культурнага і сяброўскага — паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны. Традыцыйна на свята ў Шклоўскі раён з’язджаюцца сотні рамеснікаў і артыстаў з гэтых краін, яны дзеляцца вопытам і дораць адзін аднаму і гасцям добры святочны настрой.
Галоўнай культурнай падзеяй свята ў Александрыі стане гала-канцэрт “Купальская казка” з удзелам зорак беларускай і замежнай эстрады. Запланаваны таксама паказальныя коннаспартыўныя выступленні, дэманстрацыйныя палёты самалётаў, праца дзіцячых атракцыёнаў, запальванне купальскіх вогнішчаў, святочны феерверк і лазернае шоу. І, вядома, якое Купалле без пошуку папараць-кветкі? Але гэта ўжо па індывідуальнай праграме. Можа, камусьці пашанцуе знайсці сваё шчасце менавіта на беразе Дняпра.