9—10 ліпеня ў Александрыі пройдзе маштабнае купальскае свята “Александрыя збірае сяброў”

Шукайце папараць-кветку на беразе Дняпра

Пакаштаваць купальскай гарбаты, паскакаць праз вогнішча і патанцаваць пад песні айчынных і замежных зорак запрашае Александрыя

Пакаштаваць купальскай гарбаты, паскакаць праз вогнішча і патанцаваць пад песні айчынных і замежных зорак запрашае Александрыя


9—10 ліпеня тут у чарговы раз пройдзе маштабнае купальскае свята “Александрыя збірае сяброў”. Месца сустрэчы ранейшае — маляўнічы бераг Дняпра ля маста, які не толькі злучае два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую, але і з’яўляецца сімвалам свята, якое таксама выконвае ролю своеасаблівага маста — культурнага і сяброўскага — паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны. Традыцыйна на свята ў Шклоўскі раён з’язджаюцца сотні рамеснікаў і артыстаў з гэтых краін, яны дзеляцца вопытам і дораць адзін аднаму і гасцям добры святочны настрой.


Пачнецца свята ў суботу з адкрыцця выставы-кірмашу “Дняпроўскія сустрэчы на Александрыйскім кірмашы”. Гасцей чакае масавая вакальна-харэаграфічная кампазіцыя аб народнай творчасці і культурнай спадчыне славянскіх народаў, у фінале якой усіх гледачоў пачастуюць купальскай гарбатай і прапануюць паўдзельнічаць у конкурсах на лепшы купальскі і беларускі нацыянальны ўбор. На працягу двух дзён на свяце будуць працаваць адразу некалькі тэматычных зон. Да прыкладу, на пляцоўцы “Нацыянальныя прысмакі” можна будзе пакаштаваць стравы з кухань Расіі, Беларусі і Украіны, на “Каравайнай сялібе” прадэгуставаць выпечку з купальскай сімволікай, на пляцоўцы міжнароднага музычна-спартыўнага свята “Вялікая бард-рыбалка” пабалець за рыбакоў, а ў “Горадзе сяброўства” набыць сувенір. Многіх павінен зацікавіць павільён “Друкарскi двор XVI стагоддзя” з аналагам станка, на якім Францыск Скарына друкаваў свае кнігі. Кожны жадаючы зможа ўбачыць, як рабілася тады папера, як друкаваліся кнігі, і сваімі рукамі зрабіць афорт старонкі з Бібліі нашага першадрукара. Такім чынам на свяце Купалле дадуць старт 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.

Галоўнай культурнай падзеяй свята ў Александрыі стане гала-канцэрт “Купальская казка” з удзелам зорак беларускай і замежнай эстрады. Запланаваны таксама паказальныя коннаспартыўныя выступленні, дэманстрацыйныя палёты самалётаў, праца дзіцячых атракцыёнаў, запальванне купальскіх вогнішчаў, святочны феерверк і лазернае шоу. І, вядома, якое Купалле без пошуку папараць-кветкі? Але гэта ўжо па індывідуальнай праграме. Можа, камусьці пашанцуе знайсці сваё шчасце менавіта на беразе Дняпра.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter