Шукала пляменнiцу, знайшла ўнучку

Бабуля звярнулася ў карэспандэнцкi пункт “Народнай газеты” спадзеючыся, што з дапамогай праекта “Помнi iмя сваё” здолее адшукаць пляменнiцу, якая жыла ў Мiнску. Да 1995 года родныя падтрымлiвалi сувязь праз пiсьмы, а потым перапiска нечакана спынiлася. Жанчына прынесла з сабой канверт з мiнскiм адрасам, з якога яна атрымлiвала пiсьмы, а потым доўга, падрабязна расказвала пра пляменнiцу, яе сям’ю.

Паколькi родных людзей, якiя згубiлi адзiн аднаго, раздзяляла толькi адно дзесяцiгоддзе, а адрас на канверце быў пазначаны дакладны i падрабязны, мы i вырашылi пачаць пошукi з яго.
У тэлефонным даведнiку сталiцы знайшоўся нумар тэлефона,  якi быў зарэгiстраваны на прозвiшча гаспадынi i на яе адрас. Толькi на тым канцы проваду адказаў зусiм iншы чалавек. Ён i паведамiў мне, як звязацца з дачкой гаспадынi, сказаўшы, што пра месцазнаходжанне самой гаспадынi, якую шукае цётка, яму нiчога невядома.
I вось мы гутарым з Iнай (чаму я не называю прозвiшча гэтай жанчыны i нават змянiла iмя, вы даведаецеся, калi прачытаеце гэты артыкул). Слухаю яе аповед пра тое, як Чарнобыль паламаў, перакруцiў лёсы людзей, якiя фiзiчна ад яго быццам i не пацярпелi. Iна ж лiчыць iнакш: вiной усяму — раскоша, якая нечакана звалiлася на iх сям’ю. Як самыя шчаслiвыя гады жыцця трыццацiгадовая жанчына ўспамiнае тыя, што прайшлi ў невялiкiм пакойчыку рабочага iнтэрната.
А пасля выбухнуў Чарнобыль. З забруджанага раёна Гомельшчыны адразу пасля аварыi выселiлi бабулю i прабабулю Iны з бацькавага боку. Тады i вырашылi: няма чаго маладым тулiцца ў iнтэрнаце, калi ёсць магчымасць атрымаць кватэру. Вырашылi сялiцца ўсе разам, i перасяленцы атрымалi чатырохпакаёўку ў Мiнску на ўсю вялiкую сям’ю, а за пакiнутыя ў зоне дамы — немалыя грошы. Дамы былi два — бабуля i прабабуля жылi паасобку.
Так i жылi ўсе ў чатырохпакаёвай кватэры — Iна з мацi i бацькам, яе бабуля i прабабуля.
Ужо зараз, стаўшы дарослай, Iна спрабуе разабрацца, чаму бацькi ўсё часцей пачалi прыкладацца да бутэлькi.
— Хутчэй за ўсё, — лiчыць яна, — жылi, прыцiскаючы кожную капейку, ашчадна i эканомна, а тут — такое багацце. Чатырохпакаёвая дзяржаўная кватэра бы з неба ўпала, ды яшчэ грошы. Ды за тыя грошы па тым часе два легкавiкi купiць можна было... Усё на гарэлку пайшло.
А можа, прычынай было тое, што мацi давялося жыць са свекрывёй, а тая ўмешвалася ва ўзаемаадносiны мужа i жонкi. Памiж бацькамi нярэдкiмi сталi сваркi, а свякроў шкадавала сына, употайкi падносячы яму келiх-другi.
Жыць стала зусiм невыносна, калi памерлi абедзве бабулi. I мацi, i бацьку звольнiлi з работы за п’янку, а Iна паступiла вучыцца i нават выпiсалася з кватэры, каб атрымаць месца ў iнтэрнаце. Бацькi засталiся ўдваiх у прасторнай чатырохпакаёўцы. На свабодныя квадратныя метры пусцiлi кватарантаў — такiх жа аматараў выпiць, як самi.
З кватэры знiкалi рэчы, мэбля, а п’яныя кампанii, а потым i разборкi сталi звычайнай з’явай. Бацька так i загiнуў нецвярозым — ранiцой яго знайшлi ва ўласнай кватэры з праламаным чэрапам.
Мацi ж за частыя скандалы хутка выселiлi з дзяржаўнай кватэры. Там зараз жывуць iншыя людзi.
Iна сама стварыла сваё жыццё. Яна выйшла замуж, у сям’i падрастае дзесяцiгадовая дачушка. Маладая мама стараецца, каб дзяўчынка расла ў дружнай i шчаслiвай сям’i. У двухпакаёвай кватэры яны жывуць учацвярох — Iна з мужам i дачушкай i свякроў. Iна лiчыць, што ёй пашанцавала. Свякроў з цёплынёй адносiцца да дзяўчынкi, ва ўсiм дапамагае нявестцы. А муж у Iны — проста золата. Рэдка такiя людзi сустракаюцца. Ведаў жа, у якой Iна вырасла сям’i, але нi разу не папiкнуў, не адмовiўся ад свайго кахання.
А чатырохпакаёўка? Шкада, вядома, але памяняць сваё сямейнае шчасце на тую кватэру, якая стала прычынай няшчасця яе бацькоў, Iна не жадае.
Адно засмучае жанчыну — з бабуляй яе дачушка нават незнаёмая. Больш таго, часта пытаецца ў мацi пра бацькоў Iны:
— А дзе мая бабуля? Хто яна?
Зрэдку Iна з дачкой сустракае на вулiцы сваю мацi. Брудная, заўсёды п’яная, яна праходзiць мiма, а Iна нiяк не асмелiцца сказаць дачушцы, што гэта яе бабуля.
— Вы мяне асуджаеце? — спытала журналiста маладая жанчына, i ў вачах заблiшчэлi слёзы.
— За што? — не зразумела я.
— За тое, што не спрабую дапамагчы ёй, што не вiтаюся на вулiцы, не прызнаю нават. Паверце, спачатку некалькi разоў спрабавала спынiць яе, пагаварыць, угаварыць адумацца, пачаць новае жыццё. Не старая ж яшчэ, не пенсiянерка, а не працуе: то бутэлькi збiрае, то перабiваецца выпадковымi заробкамi, каб наскрэбцi на бутэльку. Жыве ў выпадковага сужыцеля, такога ж п’янiцы, як i сама. Размоў у нас не атрымлiвалася — яна заўсёды п’яная, не разумела, што я ад яе хачу, па-мойму, нават не пазнае мяне. Я адступiлася i зараз, сустракаючы на вулiцы, больш не спрабую загаварыць. Не ведаю нават, як перадаць ёй, што яе шукае цётка. Калi б хацела, даўно б сама знайшла, усе ж яе родныя жывуць на старых месцах...
Калi мы паведамiлi пра вынiкi пошуку бабулi, якая жадала даведацца пра лёс пляменнiцы, тая знiякавела. Вiдавочна, расказанае было для яе шокам. Нiяк не чакала, што пляменнiца, якая дзесяць гадоў не адгукалася на пiсьмы, апусцiлася так нiзка.
Бабуля доўга маўчала i толькi потым паведамiла пра мэту свайго вышуку. Веку яна ўжо паважанага, сям’i не мае, а ўсё жыццё сумленна працавала, мае такi-сякi набытак. Вось i хацела завяшчаць яго пляменнiцы.
— А раз яна спiлася, — прыняла рашэнне бабуля, — то хай маёй спадкаемцай стане дачка пляменнiцы.
 Больш таго, у вёсцы адзiнока пражывае дзядзька Iны, родны брат яе непуцёвай мацi. Той таксама пражыў усё жыццё без сям’i i дзяцей i таксама хоча завяшчаць дом у вёсцы i ўсю маёмасць адзiнай пляменнiцы, Iне.
Калi iшла да бабулi паведамiць пра вынiкi вышуку, хвалявалася i непакоiлася: не з добрай навiной жа iду. А выходзiла з яе старэнькай хаты ў яблыневым садзе з адчуваннем выкананага абавязку. Дзякуючы нашай газеце разлучаныя абставiнамi родныя змаглi знайсцi адзiн аднаго.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter