Шукаем сямейныя каштоўнасці

«Мы адзіная нармальная сям'я ў нашым класе», — заявіла аднойчы адзінаццацігадовая дачка знаёмай
«Мы адзіная нармальная сям`я ў нашым класе», — заявіла аднойчы адзінаццацігадовая дачка знаёмай. Усе астатнія яе аднакласнікі — дзеці з няпоўных сем`яў, якіх выхоўваюць толькі мамы ці таты, або з сем`яў з мачахамі і айчымамі. Зрэшты, гэта была хутчэй канстатацыя факта. Сённяшняе дзіця, па ўсім відаць, мала чым здзівіш. І нестандартныя сямейныя сітуацыі ўспрымаюцца ім ужо не як нонсэнс, а як норма — бо так у большасці.



Псіхолагі казалі раней і кажуць зараз, што дзіця, у бацькоўскай сям`і якога быў развод, у большасці выпадкаў паўторыць яго ў сваім жыцці. Таму што, па-першае, у яго ўяўленні ў гэтым няма нічога асаблівага, па-другое, шлюб і сям`я для яго часовыя велічыні, якія ў любы момант жыцця можна змяніць. Пра гэта кажуць і лічбы статыстыкі. На працягу апошніх гадоў лічба адзін да двух — адзін развод на два шлюбы — стала велічынёй стабільнай. Калі ў абсалютных лічбах, на 31,4 тысячы шлюбаў у мінулым годзе прыйшлося 16,3 тысячы разводаў. Годам раней гэтыя суадносіны былі 33,3 да 17,1. І гэтак далей.

Хоць, калі разабрацца, статыстыка расстанняў, пэўна, нашмат шырэй, проста далёка не кожны імкнецца ўзаконіць узаемаадносіны. Навошта? І так добра. А, галоўнае, калі нешта не задалося, то і расстацца можна з мінімальнымі праблемамі: сабраў асабістыя рэчы — і бывай. Пра тое, каб пераадольваць нейкія складанасці, і гаворкі няма. Наадварот, як толькі недзе наперадзе шляху загарэлася чырвонае святло, учорашнія палавінкі кідаюцца ва ўцёкі.

Паняцце «ячэйкі грамадства» і ў савецкія часы гучала неяк нерамантычна. А двухсэнсоўнасць паняцця «брак» і зусім зашкальвае. Сёння ўсё часцей раздаюцца рэплікі пра тое, што інстытут сям`і памёр. І што ўсе функцыі сям`і, гэтак важныя гадоў 150 таму, зусім страцілі актуальнасць. Маўляў, аб`ядноўвацца з эканамічных меркаванняў — гэта як мінімум бессэнсоўна, бо сучасны чалавек, незалежна ад полу, здольны пракарміць і сябе, і сваё дзіця. Узнаўленне сабе падобных — таксама сумнеўная мэта сямейнага саюза, асабліва пасля таго, як бяздзетныя пары перасталі лічыцца жаласлівымі выключэннямі з правілаў. За падтрымку і ўзаемадапамогу можа адказваць вузкае сяброўскае кола.

З экрана, міжнародных навін і зусім можна запазычыць масу іншай «сучаснай» інфармацыі, пачынаючы ад бясполага выхавання дзяцей і заканчваючы своеасаблівым трактаваннем бацькоўства. Шэраг краін прапануе цэлыя пералікі шлюбных варыяцый, пачынаючы ад традыцыйных і заканчваючы тымі, якімі могуць спалучацца аднаполыя грамадзяне. Словам, само паняцце сям`і і шлюбу дыскрэдытавана настолькі, што і казаць пра яго, здавалася б, не варта.

І дзе, скажыце, сёння ўзяць правільныя сямейныя паняцці? Калі тая ж анатомія вучыць будове чалавечага цела, але ніяк не чалавечай душы? У цэнтры сям`і і дзяцінства псіхалагічнай службы БДУ ўпэўненыя, што гэтыя веды павінны закладвацца і бацькамі, і ўстановамі адукацыі. Такая праца тут пачалася сем гадоў таму, а потым да БДУ далучыліся і іншыя ВНУ. Па словах супрацоўніка службы кандыдата педагагічных навук Тамары Карасцялёвай, ВНУ не толькі выпусціла навучальны дапаможнік па падрыхтоўцы да сямейнага жыцця і ўсвядомленага бацькоўства, але і адкрыла Школу ўсвядомленага бацькоўства, а таксама клуб «Гармонія» для тых, хто ўжо ўступіў у шлюб. Цэнтр рыхтуе па гэтай тэме выкладчыкаў іншых ВНУ.

«Хлопцы знаходзяцца ў тым узросце, — кажа Тамара Карасцялёва, — калі задумваюцца аб уступленні ў шлюб і дзецях. Таму вельмі важна навучыць іх традыцыйным сямейным каштоўнасцям. У рамках заняткаў яны самі выбіраюць тэмы, ходзяць на экскурсіі ў ЗАГСы, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця», у дамы дзіцяці, карэкцыйна-развіваючыя цэнтры. Спачатку ішлі не надта ахвотна, баяліся, прыглядаліся. Зараз нашы школы вельмі папулярныя. У ВНУ створана больш за 200 сямейных пар».

Па словах псіхолага, да моманту ўступлення ў шлюб трэба рыхтавацца, а не проста жыць па ланцужку — закахаўся, ажаніўся, разлюбіў, развёўся. «Першая праблема, якую мы сёння бачым, — пералічвае яна, — гэта жаданне маладых людзей пажыць для сябе, магчыма, у «грамадзянскім» шлюбе, другая праблема — адкласці з`яўленне дзяцей, трэцяя — страх мець дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таму на нашых занятках у інтэрактыўнай, гульнявой форме яны маюць магчымасць асэнсоўваць гэтыя сітуацыі, знаходзіць адказы на хвалюючыя іх пытанні, абараняць свае праекты».

Сямейныя каштоўнасці трэба больш актыўна несці ў масы. Па словах Тамары Карасцялёвай, хацелася б, каб праблема сям`і стала актуальнай не толькі для ВНУ, але каб да выхавання маладых людзей далучаліся і сярэднія спецыяльныя, і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. «Бо праблему можна папярэдзіць, а не канстатаваць, калі ўжо позна, — перакананая яна. — Важна не толькі даваць дзецям прафесію, але і рыхтаваць іх да будучага сямейнага жыцця».

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter