У Набярэжных Чаўнах накладам 1000 асобнікаў пабачыла свет кніга А. Карлюкевіча “Казкі Белавежжа”

Шубуршун у Татарстане

Казкі Алеся Карлюкевіча асобнымі зборнікамі выходзілі ў Кіеве, Баку, Ашхабадзе, Душанбэ. Нядаўна яго кніга “Казкі Белавежжа” выйшла і ў Расіі.
Казкі Алеся Карлюкевіча асобнымі зборнікамі выходзілі ў Кіеве, Баку, Ашхабадзе, Душанбэ. Нядаўна яго кніга “Казкі Белавежжа” выйшла і ў Расіі.

У Набярэжных Чаўнах накладам 1000 асобнікаў пабачыла свет кніга А. Карлюкевіча “Казкі Белавежжа”: па-руску і па-татарску. Пад вокладкай кнігі, адрасаванай дзецям, выйшлі тры казкі: “Шубуршун вяртаецца да рэчкі”, “Як Зайка Бяляк Мядзведзя Таптыгіна выратаваў”, “Памылка першакласніцы Святланкі”. На рускую мову іх пераклалі Ірына Шаўлякова, Юрый Сапажкоў, на татарскую — Лейла Гыймадзіева. Малюнкі Вольгі Бяловай-Недавізій.

Казкі выйшлі ў выдавецтве “Идел-Пресс”, якое ўзначальвае ў Татарстане Вера Хамідуліна. “Выдаўцы імкнуцца выбраць сярод сучаснай літаратуры тое, што павінна прыцягнуць увагу юнага чытача, — гаворыць народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. — Прыемна, што да аўтараў серыі “Сучасныя аўтары — дзецям”, якія жывуць і працуюць у Татарстане, далучыўся і Алесь Карлюкевіч, літаратар з Беларусі. І ўвага да яго творчасці не выпадковая: раней яго казкі друкаваліся ў нашай перыёдыцы. Я і перадаў яго тэксты калегам, каб пераклалі на татарскую мову”.

Гэта не першая кніга земляка ў замежжы. Казкі яго зборнікамі выходзілі ў Кіеве, Баку, Ашхабадзе, Душанбэ. А яшчэ ў розных перыядычных выданнях на літоўскай, сербскай, чачэнскай, удмурцкай, украінскай, казахскай, татарскай ды іншых мовах. Піша Алесь Карлюкевіч па-беларуску, у ліку яго перакладчыкаў на рускую мову — Рыма Ханінава, Ірына Шаўлякова, Юрый Сапажкоў, Алег Ждан. Двойчы ў Мінску выходзілі кнігі казак пісьменніка і ў перакладзе на рускую мову: “Белка пишет сочинение” і “Путешествие Шубуршуна”.

Наталля Асмола
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter