Што значыць для вас чытаць?

Лілія АНАНІЧ, першы намеснік міністра інфармацыі:
— Апошнім часам ёсць што пачытаць. На маім стале зараз кніга “Сыновья” Мікалая Чаргінца. Годнае выданне. Магчыма, здзіўлю, калі скажу, што да гэтага прачытала зборнік беларускіх і рускіх казак “Маміна казка”. На тое было некалькі нагод. Па-першае, кніга была прадстаўлена ў межах рэспубліканскай акцыі “Мамина сказка” ў мінулы чацвер у дзіцячым доме ў Радашковічах, у якой я прымала ўдзел. А па-другое, апошні тыдзень у мяне гасцяваў унук. Трэба было яго чымсьці заняць. Скажу, што вельмі важна, каб дзеткі чыталі кнігі. І каб бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, карыстаючыся новымі тэхналогіямі, памяталі, што не камп’ютары ці тэлевізары павінны класці дзяцей спаць, а бацькава ці маміна слова і казка з іх вуснаў.

Антон ВАСЮКЕВІЧ, дырэктар Дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё:
— Чытанне трэніруе мозг. Чалавек, які чытае, здольны і граматна пісаць, і дакладна фразы фармуляваць. Прычым важна не толькі чытанне нейкіх канкрэтных кніг, але чытанне наогул як працэс. Слуханне або сузіранне не так трэніруе і актывізуе розум. Вельмі люблю беларускіх аўтараў. Вось зусім нядаўна перачытаў “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна. Раман напісаны некалькі дзясяткаў гадоў таму, а яго актуальнасць не змяншаецца. А да Шамякіна чытаў Уладзіміра Караткевіча. На радыё якраз ставілі радыёспектакль па яго творы “Дзікае паляванне караля Стаха”. Дзіўны аўтар — колькі ні чытаеш яго, кожны раз адкрываеш новае.

Вольга БАГАТЫРЭВІЧ, вядучая АНТ:
— Не магу сказаць, што вельмі шмат чытаю. І не таму што не люблю — часу не хапае. Таму часцей выбіраю што-небудзь не надта тоўстае. Цяпер перачытваю апавяданні Антона Чэхава. Гэта з класікі. А яшчэ апошнім часам захапілася Дэйлам Карнегі і яго філасофскімі творамі. У дадзены момант чытаю яго кнігу “Як перастаць турбавацца і пачаць жыць”. Вельмі люблю, каб кніга была на дарагой паперы, у добрым пераплёце. Дома ўжо цэлую бібліятэку сабрала. Знаёмым, якія ведаюць пра маё захапленне, не трэба ламаць галаву, што падарыць мне на якое-небудзь свята. Кніга для мяне — самы каштоўны і доўгачаканы падарунак.

Іван ВАБІШЧЭВІЧ (Дзядзя Ваня), спявак, шоўмен:
— Чытанне — гэта магчымасць разгрузіць свой мозг і адпачыць — ад карцінак, людзей, праблем. Гэта не значыць, што літаратура мусіць быць лёгкай. Кніга павінна быць захапляльнай, прыгодніцкай, каб ад яе немагчыма было адарвацца і хацелася б прачытаць яе за адзін прысест. Цяпер чытаю “Анёлы і дэманы” Дэна Браўна. Ён яшчэ аўтар знакамітага “Кода да Вінчы”. Незвычайны сюжэт з непрадказальным фіналам. Захапіла.

Уладзімір ВАРАНКОЎ, акцёр, вядомы таксама як Топа з “Калыханкі”:
— Што для мяне чытаць? Ніколі не задумваўся. Гэта як паесці ці папіць. Чытаю ўсё і ўсюды. Чакаю дзесьці каго-небудзь — тут жа за газетку бяруся ці буклецік які, што ляжыць побач. А вось з кніг амаль адну класіку чытаю. Магу тры разы Булгакава перачытаць, а за новае так і не сесці. Бо ніякае новае ні з Булгакавым, ні з Дастаеўскім, ні з Талстым не параўнаецца. А яшчэ дзіцячай літаратуры шмат чытаю — разам з унучкай. Чаго мы з ёй толькі не выпісваем! І ўсё такое прыгожае, маляўнічае. Такія кнігі і даросламу захочацца пачытаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter