Што ж адбылося ў Беларусі 150 гадоў таму?

У Мінску адкрылася выстава па гісторыі паўстання 1863—1864 гг.

На гэтае пытанне адказвае выстаўка

Ад «бунту польскіх паноў і ксяндзоў за аднаўленне Польшчы (Рэчы Паспалітай)» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага руху» — такія процілеглыя ацэнкі ў розныя часы даваліся гэтай падзеі рознымі асобамі. Гаворка ідзе аб паўстанні 1863 — 1864 гадоў.

Да 150-годдзя гістарычнай даты Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі сумесна з Польскім інстытутам у Мінску падрыхтавалі экспазіцыю выстаўкі «Старонкі гісторыі паўстання 1863 —1864 гг.». На ёй прадстаўлена больш за 100 друкаваных і рукапісных дакументаў XIX — XXI стагоддзяў з фондаў бібліятэкі: апісанні ваенных дзеянняў, зборнікі справаводчых матэрыялаў і публіцыстыкі, мемуары, даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў.

Упершыню ў бібліятэцы выстаўлены арыгінальны дакумент — справа «Описание военных действий Каргопольского полка с польскими мятежниками». У рукапісе змешчаны звесткі аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі Люблінскай губерні ў час паўстання. Храналагічныя рамкі дакументаў — з 12 снежня 1863 года па 1 верасня 1864 года.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць друкаваныя выданні ХІХ стагоддзя, якія змяшчаюць творы сучаснікаў падзей: польскіх грамадска-палітычных дзеячаў і расійскіх дарэвалюцыйных даследчыкаў.

Наведвальнікі выстаўкі змогуць зазірнуць у творчую лабараторыю беларускіх даследчыкаў, уявіць атмасферу працы над тэмай паўстання. На паліцах размешчаны таксама рукапісныя і машынапісныя матэрыялы 1933 — 1979 гадоў (канспекты, вытрымкі, копіі архіўных матэрыялаў) з асабістых архіваў гісторыкаў Адама Станкевіча, Мікалая Улашчыка, пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і іншых.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter