Што за Масленіца без бліноў?

Некаторыя этнографы сцвярджалі, што галоўная страва Масленіцы — бліны — сімвалізавала сабой абуджэнне сонца. З гэтым меркаваннем можна пагадзіцца толькі часткова, таму што культ Сонца не быў дамінуючым у складаным комплексе святочных рытуальна-абрадавых дзеянняў на Масленіцу.

* У структуры Масленіцы значнае месца займалі абрады “Пахаванне дзеда” і “Пахаванне бабы”, таму міжволі напрошваецца думка аб тым, што бліны, якія  перш-наперш  былі абрадавай стравай памінальных трызнаў, прысутнічалі на Масленічным тыдні як даніна продкам.
* Першую лыжку Каляднай куцці гаспадар клаў на парог або на падаконнік — дзяліўся-задобрываў галоўную прыродную стыхію зімовага часу — Мароза. Самы першы блін, выпечаны на Масленіцу, гаспадыня клала на асобны сподак і ставіла ў чырвоны кут пад абразы.
* Бліны былі абавязковай стравай не толькі памінальных сталоў, без іх не абыходзілася ні адно свята. Лічылася, калі на Масленіцу напячы бліноў больш за ўсіх, то ў хаце “паселіцца” шчасце. Бліны, якія выпякалі на Каляды, сімвалізавалі багаты ўраджай у наступным годзе. Каб у гаспадарцы былі добрыя коні, валы, каровы, авечкі і г.д., у дзень ушанавання святога Уласа гаспадыня выпякала аладкі. Бліны, якія называлі “богавымі анучамі”, пяклі на Ушэсце. На Спаса пяклі блінцы з мукі новага ўраджаю і абавязкова з макам, арэхамі і яблыкамі. Бліны, якія выпякалі на Пакровы, павінны былі “запекчы” ўсе куты ад зімовай сцюжы і вятроў.
* Відаць, якраз ад масленічных святкаванняў бярэ пачатак добра вядомы фразеалагізм “першы блін комам”. Дбайная гаспадыня ведала: нельга есці першы блін, ён прызначаўся продкам (жывому гэты блін стане комам у горле).
* Аказваецца, што і апошні блін таксама патрабаваў асаблівай увагі. Лічылася, “каб заўжды хата была багата”, апошні блін трэба было пакінуць на патэльні.

Калі ў гаспадарцы здаралася так, што хатняя жывёла не “прыжывалася”, то на Віцебшчыне першы блін аддавалі цялятку, маленькаму ягняці, а апошні блін пакідалі на патэльні да заканчэння абеду, а пасля яго давалі дарослай скаціне — маці малой жывёліны”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter