Возрождаем вековые традиции: кто и зачем в наше время производит настоящие лапти

Што яны плятуць!

Калiсьцi лапці плялі ў кожнай вёсцы. Гэта быў танны абутак, нескладаны ў вырабе. Сяляне насілі лапці нават зімой. Гэтыя рэчы служылі максімум тыдзень, таму плесці іх трэба было хутка і шмат. Дарэчы, такi абутак актуальны i сёння. Нядаўна сярод аб’яў у інтэрнэце знайшла цікавы запыт: «Куплю лапці тэрмінова», а пад iм шмат адказаў. Каментатары цікавілiся, які памер лапцей патрэбен і для якiх мэт. Аказалася, што i ў наш час дастаткова людзей, якiя валодаюць такiм рамяством, адраджаючы векавыя традыцыі. Хто і навошта пляце лапці ў Мінску, высвятляла карэспандэнт «Рэмпублікі».

Палічка з лапцямі


Рамяство лапцепляцення захоўваюць і працягваюць у народным гісторыка-краязнаўчым музеі «Невычэрпная крыніца гісторыі» пры гімназіі № 25 Мінска. Тут праводзяць экскурсіі і майстар-класы. Жадаючых набыць пару лапцей просяць гімназію не турбаваць. Продажам музей не займаецца. Усе маніпуляцыі з лыкам праводзяць толькі ў культурна-гістарычных мэтах. Аліна Пахвалёная, кіраўнік музея, такiм чынам выхоўвае любоў да беларускай культуры ў сваіх вучняў.

Справа ад увахода ў музей бачу вузкую высокую паліцу з лапцямі розных памераў: ад зусім дзіцячых да дарослых. Адзін з экспанатаў нагадвае мне своеасаблівыя пакарочаныя шкарпэткі.

— Гэта канапляныя лапцікі, — тлумачыць мне Аліна Казіміраўна. — Між іншым, лічыліся самымі трывалымі.

Бяру ў рукі незвычайны абутак і разглядаю. Пляценне выклікае асацыяцыю з чарадой вонкава-вываратных вочак на ваўняным пуловеры. Лапці выглядаюць акуратнымі, хоць зараз выстаўляй на продаж. Доўгую гісторыю гэтай пары выдае толькі пацёртая падэшва. Дарэчы, рарытэтаў у музеі шмат.

Фота аўтара

Каля паліцы з лапцямі нас чакае вучань Аліны Казіміраўны — дзевяцікласнік Кірыл Дзеннiшкін. Прыбраны хлопец паглыбляецца ў гісторыю рамяства.

— Лапці плялі на спецыяльных драўляных прыстасаваннях — капылах. А iх рабілі ў залежнасці ад памеру ног. Сам жа абутак плялі з розных матэрыялаў. Абрадавымі лічыліся лапцікі з саломы. Іх насілі толькі ў царкву і па святах. Лапці са скуры з’яўляліся прыкметай дабрабыту. Каб зрабіць адну пару, трэба было забіць ягня. А самымі трывалымі i надзейнымi лічылі абутак з канапляных нітак. Ён мог пратрымацца ў тры разы даўжэй, чым звычайныя лапці. Між тым часцей за ўсё нашы продкі карысталіся лыкам — пластом дрэва пад ліпавай карой. Яго здымалі з расліны і замочвалі ў гарачай вадзе. Сплецены лапаць вешалі сохнуць на гарышча. А калі абутак быў гатовы, абвязвалі нітачкамі — аборамі. Перад абуваннем лапцей, каб сялянам было зручней і цяплей, на ногі завязвалі анучкі. Звычайна для гэтых мэт карысталіся суконным або канапляным палатном.

Каб набрацца спрыту i пазнаць болей пра мастацтва лапцепляцення, Аліна Казіміраўна і яе вучні разам ездзілі ў вёску Смілавічы. Майстар Іван Ярашэвіч запрасіў гасцей у музей аграрнага каледжа. Там прайшоў майстар-клас. Аліна Казіміраўна ўспамінае: фатаграфавала кожны паварот лыка ў руках абутнiка. На выпадак, калі які-небудзь з этапаў забудзецца.

— Раней у нас пляла лапцi майстрыха Янка Канаплёва. Менавіта яе вучыў Іван Паўлавіч. А калі Янка школу скончыла, стаў асвойваць рамяство Кірыл. Навуцы гэтай мы знікнуць не дадзім, — абяцае Аліна Казіміраўна.

Генетычная памяць


Бяросту на лапці нарыхтоўвалi вясной. Менавіта ў гэты час года самая падатлівая кара. На адзін лапаць сыходзіць чатыры палоскі драўнянай кары даўжынёй каля 30 сантыметраў. Гэта лычкі, ад шырыні якіх залежыць памер вырабу.


Кірыл Дзеннішкін невыпадкова займаецца лапцепляценнем. Успамінае, што з дзяцінства ў руках трымаў то дрот, то леску — усё хацелася скручваць з iх розныя канструкцыi, вязаць вузлы. Праца ў хлопца ідзе лёгка, быццам хто яму падказвае.

Музей у гімназіі стаў для Аліны Казіміраўны родным месцам. Амаль усе хатнiя рэчы ў iм — розныя пралкi, старыя прасы i слоiкi — прывезены з дома яе бабулі. Настаўніца ўспамінае вячоркі, што шумна праходзілі ў яе родным вясковым доме. Яна, зусім яшчэ дзіця, слухала песні прысутных, гукі прадзільнага станка і глядзела на суконнае палатно, што хваляй выходзіла з-пад яго.

— Вось ён, тут стаіць, — узрушана паказвае мне на прыстасаванне Аліна Казіміраўна.

Галоўнае ў музеі настаўніца называе без сумнення — старажытнае рамяство. Запэўнівае: цікавасць з боку моладзі ёсць.

— Гэта толькі кажуць, што дзеці зараз дрэнныя. Яны ж добрыя. Я клянуся, добрыя. Неяк мы праводзілі майстар-клас у парку. Дык такая цікавасць была да нашых лапцей!  Малодшыя падыходзілі: а што гэта, а мы не ведаем, а пакажыце. Сталыя людзі таксама назіралі. Гэта ж усё іхняе, знаёмае, роднае, — запэўніла Аліна Казіміраўна.

З кожным годам носьбітаў старажытнай культуры становіцца ўсё менш. Але пакуль яны застаюцца, трэба пераймаць навуку. У гэтае шчыра верыць настаўніца. Я пасачыла за гарачым запалам Аліны Казіміраўны і, здаецца, сама захварэла на лапці. Самой захацелася не тое што набыць — змайстраваць парачку плеценага абутку.

Наталля ТЫЧКО

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter