Жывыя пруты: у гомельскай школе № 61 дзяцей вучаць унiкальнаму майстэрству пляцення з лазы

Што яны плятуць

Сярод захапленняў гэтых хлопцаў камп’ютар ды іншыя гаджэты зусім не на першым месцы. А іх рукі звыклыя да працы, якую калісьці выконвалі прадзеды, ствараючы часам сапраўдныя творы мастацтва. Гомельская СШ № 61 — адзіная ў вобласці, дзе дзяцей вучаць майстэрству пляцення з лазы. «Рэспубліка» паглядзела, як гэта адбываецца і што з гэтага атрымліваецца.

Школьны настаўнік працы Сяргей Гергенсон захапіўся лозапляценнем больш за 20 гадоў таму
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ

У творчым калектыве «Вярбушка» займаюцца каля двух дзясяткаў школьнікаў. У асноўным — хлапчукі. Кіруе імі настаўнік працы Сяргей Гергенсон. Пляценнем з лазы ён захапіўся больш за дваццаць гадоў таму, пасля знаёмства з народным умельцам. Асвоіўшы майстэрства, стаў захапляць ім хлопцаў. Сёння сярод іх — прызёры шматлікіх прадметных алімпіяд.


Камусьці занятак можа здацца манатонным і сумным. Але гэта не так. Усё пачынаецца на прыродзе — з нарыхтоўкі лазы. Па сутнасці, гэта турпаход — з доўгай пешай хадзьбой і вогнішчамі. На ўзбярэжжах рэк і азёр хлопцы нарыхтоўваюць 7—8 відаў прыдатнай для пляцення лазы. Яна расце невялікімі кустамі вышынёй да двух метраў. Перавага аддаецца галінкам, якім не больш за два гады. Такая лаза прамая і добра гнецца. Наогул жа яе якасць залежыць ад шматлікіх фактараў. Напрыклад, ад таго, наколькі гарачым або дажджлівым было лета.

Перад выкарыстаннем лазу трэба замачыць

Сабраную лазу летам вязуць на калясках, зімой — на санках. Затым яна трапляе на фабрыку мастацкіх вырабаў або ў каледж народных промыслаў, дзе яе выварваюць у спецыяльных чанах. Цікава, што дзякуючы дубільным рэчывам зялёная лаза злёгку чырванее. А чырвоная — набывае жоўтае адценне. Ніякай дадатковай афарбоўкі і пакрыцця гатовыя вырабы не патрабуюць.

Потым з дапамогай дзвюх драўляных палачак, якія называюцца шчамілкамі, здымаюць кару. Нож для гэтага не падыходзіць, паколькі можа пашкодзіць паверхню. Перад выкарыстаннем лазу замочваюць, а потым загортваюць у коўдру, каб яна як мага даўжэй заставалася вільготнай. Пасля гэтага можна пачынаць працу.

Лазовыя стужачкі наразаюць на спецыяльным станку

Асартымент вырабаў бязмежны — усё, на што хопіць фантазіі і цярпення. Ад простых абярэгаў і насценных пано да набораў мэблі, якая вельмі гарманічна выглядае на летніх верандах дач. Але класіка жанру — кошыкі ўсіх форм і памераў.

Плятуць з лазы ў асноўным хлапчукі

У вёсках іх калісьці плялі ў кожным двары. Як і лапці — галоўны абутак сялян. Цікава, што на тэрыторыях сучаснай Беларусі, Расіі і Украіны тэхніка пляцення мела свае адрозненні. Часам — у дэталях, прыкметных толькі майстрам. Як, напрыклад, спосабы злучэння дубчыкаў, якія звязваюць лазовымі стужачкамі. Іх наразаюць на спецыяльным станочку, які называецца шоф. Як гэта робіцца, паказвае адзін з юных майстроў — Герман Стэфаненка. Школу ён скончыў пару гадоў таму. Але па-ранейшаму пры­ходзіць сюды, каб зай­мацца любімай справай.

Майстэрства пляцення з лазы спасцігаюць каля двух дзясяткаў хлопцаў

— Трэба зразумець тэхніку пляцення і потым падтрымліваць форму, як на трэніроўках, — распавядае хлопец, не адрываючыся ад працы. — Спачатку з непрывычкі баляць пальцы. Потым пры­выкаюць. 

Першы складаны праект Германа — конь-качалка, якога ахвотна выкарыстоўвае па прызначэнні яго сястрычка Стэла. Праца ішла амаль два месяцы. Яшчэ складаней было зрабіць столік са шкляной стальніцай і святлодыёднай падсветкай. З гэтым дапамог настаўнік фізікі. Сёння хлопец марыць сплесці цалкам кухонны набор, а таксама — навучыцца разьбе па дрэве.

Плеценая мэбля ідэальна падыходзіць для дач і летніх веранд

— А наогул, калі я пляту, настолькі адпачываю душой — складана перадаць, — прызнаецца Герман. — Гадзіна працы — і ты як новы чалавек. І па іншых хлопцах я таксама бачу. Яны не толькі вучацца працаваць рукамі, але і пачынаюць цікавіцца гісторыяй народных промыслаў, вывучаць звычаі і традыцыі продкаў. Па-мойму, гэта выдатна.


prolesk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter