Што выбірае моладзь

Дык ці модна сёння чытанне?
Да Года моладзі ў краіне прымеркавана шмат мерапрыемстваў, праходзяць яны і на Навагрудчыне. Актыўна падключылася да іх арганізацыі раённая бібліятэка. У прыватнасці, не першы месяц доўжыцца акцыя “Моладзь ЗА кнігу і чытанне”. А калі ў Навагрудку праходзіла ўрачыстае адкрыццё Года моладзі, у Доме культуры разгарнулася выстава-арбіта “Чытаць — гэта модна, прэстыжна, актуальна”. На свяце прысутнічала моладзь з горада і раёна, а таксама госці — студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усе яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі пісьмовага бліцапытання “Чытаць — гэта модна?”

У ліпені Навагрудская раённая бібліятэка рэалізавала фотапраект “Літаратурны персанаж”.
Мясцовыя жыхары пераўвасабляліся ў герояў беларускай літаратуры.


Як высветлілася, 59,6% рэспандэнтаў свой вольны час бавяць за чытаннем, і гэта іх любімы занятак. Усё астатняе, чым захапляюцца маладыя людзі, калі не заняты сур’ёзнай справай, значна прайграе чытанню: тусоўкі з сябрамі, спевы і танцы, музыка і спорт, прагляд кінафільмаў, маляванне, зносіны ў сацыяльных сетках, нарэшце, проста сон і адпачынак. Лагічна, што ўсе, хто разглядае чытанне ў якасці любімага занятка, лічаць сябе актыўнымі чытачамі.

А вось адназначны адказ — “не, я не актыўны чытач” — далі 29% апытаных. Дарэчы, пераважаюць традыцыйныя (папяровыя) кнігі — 65%, за электронныя аддадзена 30% галасоў, за аўдыёкнігі — 5%.

Моладзь чытае розныя мастацкія творы. У іх ліку — “Тарас Бульба”

М. Гогаля, “Пунсовыя ветразі” А. Грына, “Герой нашага часу” М. Лермантава, “Майстар і Маргарыта” М. Булгакава, “Кашуля” Я. Грышкаўца, “Запіскі пра Шэрлака Холмса” А. Конан Дойла, “Адрынутыя” В. Гюго, “Жыццё ў пазыкі” Эрыха Марыя Рэмарка. І як жа без “Гары Потэра”

Д. Роўлінг! На жаль, беларускія аўтары ў гэты спіс амаль што не трапілі.

Наконт любімага літаратурнага героя некаторыя з апытаных ці-то пажартавалі, ці, можа, проста не паспелі пасталець. Аб гэтым сведчаць іх адказы, накшталт Чыпаліна, Кот Матроскін, Паштальён Печкін, Карлсан і г. д. Так што па вялікім рахунку пакуль марнымі аказаліся нашы намаганні ў пошуку любімага моладдзю літаратурнага героя — “героя нашага часу”. 17% апытаных увогуле не маюць літаратурных куміраў. Некаторыя нават не замарочваліся і проста назвалі прозвішчы пісьменнікаў — М. Танка, С. Ясеніна, А Грына. Зыходзячы з атрыманых адказаў, можна было б засумнявацца ў шчырасці заяў рэспандэнтаў пра іх цягу да чытання. Аднак 60% станоўчых адказаў, якія дадзены па сутнасці апытання, пацвярджаюць праўдзівасць іх выказванняў. Якраз гэтыя рэспандэнты напісалі, што свой вольны час бавяць за чытаннем. Яны выбралі Гары Потэра, Анегіна, Рамэа. Нязначную колькасць галасоў набралі героі класічных твораў: Джульета, Пячорын, Наталля Ганчарова, Асоль, Раскольнікаў, Гамлет, Шэрлак Холмс.

У рамках акцыі мы таксама правялі сярод юных чытачоў конкурс рэцэнзій “Ёсць такая кніга”. Першае месца заняла рэцэнзія Яніны Кінчак на “Альпійскую баладу” В. Быкава.

І мяне як патрыёта сваёй краіны парадавала, што перамагла рэцэнзія на кнігу беларускага аўтара. Гэта з’яўляецца своеасаблівым сведчаннем таму, што беларускія кнігі ў моладзевым асяроддзі запатрабаваны. З 32 рэцэнзій 9 прысвечаны кнігам беларускіх пісьменнікаў.

Так што не ўсё так змрочна. Калі моладзь сёння чытае, то заўтра яна прывядзе сваіх дзяцей у нашы бібліятэкі. Жыццё кніг працягнецца. Чытаць — гэта модна!



Фаіна Малюжэнец,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter