Што водзiцца ў цiхай завадзi?

Экалагiчная   вiзiтка   рэчкi   Язвiнкi вельмi   засмуцiла   яе   даследчыкаў   –   вучняў   Старасельскай   СШ

Экалагiчная   вiзiтка   рэчкi   Язвiнкi вельмi   засмуцiла   яе   даследчыкаў      вучняў   Старасельскай   СШ

Здаецца, зусiм нядаўна наша яхта з гордай назвай  “Газета “Рэспублiка” па рацэ Заходняй Дзвiне праплыла шлях працягласцю 350 кiламетраў. Для нашых новых чытачоў i падпiсчыкаў удакладнiм: ад гарадскога  пасёлка Сураж паблiзу мяжы з Расiяй да гарадскога пасёлка Друя  побач з лiтоўскай гранiцай. 

А мiж тым мiнула з таго часу два гады. I вельмi прыемна, што экспедыцыя мае працяг у акцыях новых  “мараплаўцаў”. У прыватнасцi, валанцёрскi атрад  “Звёздный” з навучэнцаў 10-га класа Старасельскай сярэдняй школы  Вiцебскага раёна дэталёва даследаваў стан мясцовай рэчкi Язвiнкi. А яшчэ – мясцовасцi паблiзу населеных пунктаў Запруддзе i Ужляцiна, iх жыццядзейнасць i экалагiчную бяспеку. 

Толькi не варта скептычна ўсмiхацца. Маўляў, якiя ўжо эколагi i абаронцы прыроды з дзяцей, няхай сабе i старшакласнiкаў?  Ва ўсякiм разе, педагог i кiраўнiк гiсторыка-краязнаўчага музея  Старасельскай СШ Маргарыта Дзмiтрыеўна Юшкевiч мае наконт гэтага  дастаткова слушнае меркаванне. У тым сэнсе, што моладзi ўласцiва  абвостранае пачуццё справядлiвасцi i адказнасцi за лёс роднага краю — куды больш глыбокае, чым у многiх дарослых.  

Прыемна i тое, што Маргарыта Дзмiтрыеўна ў свой час з хваляваннем сачыла за ходам экспедыцыi газеты “Рэспублiка” i тэлеканала АНТ.  Асаблiва той яе часткi, якая мела дэвiз  “Чысты дом – Беларусь!”.  Таму i  выступiла адным з арганiзатараў валанцёрскай экспедыцыi вывучэння  стану рэчкi Язвiнкi i  яе прыбярэжжа.У сукупнасцi ўсё гэта адлюстроўвае экала-гiчную карцiну басейна Заходняй Дзвiны. А значыць, пашырае i дапаўняе задачы, пастаўленыя  экспедыцыяй  на яхце “Газета “Рэспублiка”. 

Старасельскiя юныя эколагi раздзялiлiся на тры атрады. Кожны з iх  забяспечваў выкананне канкрэтных задач. Гаспадарчы атрад адказваў за тылавое забеспячэнне на месцы стаянкi лагера. Экалагiчны паглыблена вывучаў басейн рэчкi Язвiнкi i яе прыбярэжжа. А члены пошукавага атрада сустракалiся з мясцовымi жыхарамi, збiралi этнаграфiчныя прадметы для музея, запiсвалi легенды i паданнi. 

Найбольш напружаная, хоць i не заўсёды станоўчая па настрою работа выпала на долю юных эколагаў. Дзесяцi-кiламетровы ўчастак рэчкi Язвiнкi  раздзялiлi на дзесяць участкаў. На кожным з iх правялi замеры  па глыбiнi i шырынi. Таксама вызначалi хуткасць цячэння, раслiнны i жывёльны свет уздоўж прыбярэжнай паласы. 

Юным эколагам пашчасцiла назiраць лебедзяў i чаек у плаўнях. Цяжка было ўстрымацца ад шквалу эмоцый пры сустрэчы з выдрай, якая нечакана вынырнула з вады з налiмам у зубах! Ад разгубленасцi  маленькая драпежнiца выскачыла на бераг, выпусцiла рыбiну з пашчы, а сама iмклiва нырнула пад лазовы куст. У густым альхоўнiку рабяты спалохалi маладую казулю. Памяркоўна назiралi за бабровымi хаткамi... 

Азначанае можна аднесцi ў станоўчы актыў. А вось засмуцiла  экалагiчная вiзiтоў-ка самой вады ў Язвiнцы. Па сутнасцi, яна наблiжаецца ўжо па формуле да “мёртвай” вады. На даследаваным участку ў рэчку трапляюць выкiды з трох жывёлагадоўчых ферм ды яшчэ ўся лiўневая каналiзацыя з вёскi Старое Сяло. Юныя эколагi прыйшлi да высновы, што тут i купацца небяспечна. 

Па вынiках экспедыцыi складзены план мясцовасцi. Лiчбы i назiраннi  змешчаны ў спецыяльныя таблiцы. Магчыма, яны прыцягнуць увагу  прафесiяналаў. Урэшце, аб’яўленая кiраўнiцтвам i ўрадам дзяржавы акцыя  “Чысты дом – Беларусь!” не мае абмежаванняў у часе i ўзросце яе выканаўцаў. I нават пахвальна, што да ўмацавання грамадскай бяспекi i дысцыплiны, навядзення парадку на зямлi i вадзе падключылiся юныя эколагi – будучыя  гаспадары  зямлi пад белымi крыламi. Каб лебедзi, выдры i бабры не засталiся толькi ў казках i паданнях! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter