Што трэба ведаць, капаючы калодзеж.

Пры будаўніцтве калодзежа неабходна было ўлічваць шэраг фактараў і перш за ўсё выбраць “спрыяльны” час. Звычайна гэта была новая фаза месяца, маладзік, так званыя “шчаслівыя” дні (адным з іх было 21 чэрвеня), ранішнія гадзіны дня (да поўдня).
  • Пры будаўніцтве калодзежа неабходна было ўлічваць шэраг фактараў і перш за ўсё выбраць “спрыяльны” час. Звычайна гэта была новая фаза месяца, маладзік, так званыя “шчаслівыя” дні (адным з іх было 21 чэрвеня), ранішнія гадзіны дня (да поўдня).
  • Затым неабходна было адшукаць “воднае” месца. Для гэтага выкарыстоўвалі такі спосаб: на месцы, дзе збіраліся капаць калодзеж, раскладвалі патэльні дагары дном. Калі раніцай, пры ўзыходзе сонца, патэльня пакрывалася вадзянымі струменьчыкамі, гэта азначала, што калодзеж на гэтым месцы будзе доўга паіць вадой усё сямейства; мала на патэльні “поту зямнога” — мала і вады будзе ў калодзежы; сухая — вады не будзе. Таксама спрыяльнымі для будаўніцтва калодзежа былі месцы, дзе растуць бузіна і шчаўе.
  • Першым капаць калодзеж павінен быў сын жывых бацькоў, фізічна здаровы чалавек. Такую справу не даручалі тым, за кім замацаваліся выразы: “у яго цяжкая рука” ці “ў яго дурное (дрэннае) вока.
  • “Першую” зямлю на месцы будучага калодзежа неабходна было выкапаць у выглядзе крыжа. Затым у цэнтр крыжа (радзей — круга) вылівалі асвечаную на Вадохрышча ваду і чыталі замовы.
  • Першае з’яўленне вады таксама суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі: таму, хто капаў зямлю, дарылі новую кашулю ці кавалак палатна, а ў калодзеж кідалі манеты.
  • “Першай” вадой паілі ўсіх членаў сям’і, хатнюю жывёлу і птушку. Пільна сачылі за тым, каб “першую” ваду не выпіў хто-небудзь іншы і не забраў здароўе сям’і, дабрабыт і прыбытак у гаспадарцы.
  • Калі ў сям’і была бяздзетная жанчына, то “першую” ваду перш за ўсё давалі пакаштаваць ёй.
  • Чысціць калодзеж таксама дазвалялася толькі ў пэўныя дні года. Самым спрыяльным для гэтага днём быў пярэдадзень Івана Купалы: пасля гэтага вада ў калодзежы будзе асабліва карыснай і “здаровай”. У паўночных рэгіёнах лічылі, што калодзеж неабходна чысціць перад Вялікаднем, каб забяспечыць сабе здароўе на ўвесь год.
  • Па ўяўленнях нашых продкаў, калі ў першы тыдзень мая пры чыстцы калодзежа будзе прысутнічаць і дапамагаць удава, то ён будзе поўным вады на працягу ўсяго года.
  • Спрыяльным часам для чысткі калодзежа таксама лічыўся дзень святкавання Ушэсця — 28 жніўня.
  • Забаранялася чысціць калодзежы пасля Узвіжання (27 верасня).
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter