Што такое “ИваЛён”?

Калі нядаўна Новасібірскі цэнтр беларускай культуры адзначаў 15-годдзе, на святочную сцэну выходзілі і юныя выхаванцы салісткі Анастасіі Трубянковай
Гэтых артыстаў я часта бачу на канцэртах, якія ладзяцца з удзелам Цэнтра. Прычым іх, кранальных і непасрэдных, прыемна і паслухаць, і разглядваць на сцэне. Гэта дзіцячы ансамбль народнай песні “ИваЛён” з недалёкага ад Новасібірска пасёлка Кальцова: яго яшчэ называюць Навукаград Кальцова. Там жыве і сама кіраўніца гурта. А заснавала яго мастацкі кіраўнік Цэнтра, салістка, лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў Анастасія Трубянкова. Яна ў нас пастаянная вядучая беларускіх нацыянальных святаў, якія сама ж і завяршае пад гарачыя авацыі гледачоў цудоўным выкананнем песень пра Беларусь. Сама яшчэ нядаўна студэнтка, Насця — бясспрэчны аўтарытэт для сваіх выхаванцаў. Дарэчы, і ў гурта сёлета першы юбілей — яму 5 гадоў. Пра тое, як ствараўся “Ивалён”, чым адметны, мы і гутарым з Анастасіяй Трубянковай.


Радуюцца чарговай перамозе артысты гурта “ИваЛён”

— Як лічыце, Анастасія, пяць гадоў — гэта многа ці мала?

— Усё адносна… І падаецца мне: для хлопчыкаў і дзяўчынак гурта “Ивалён” гэта ўсё ж многа. Можна сказаць: палова жыцця! Бо калі я з імі пачынала займацца, было ім па 4-5 гадоў. Многія яшчэ дрэнна гаварылі, прыйшлося ў першую чаргу займацца развіццём іх маўлення. А гады праз 2-3 дзеці заспявалі: хто як мог… Паступова адны сыходзілі, прыходзілі іншыя. Гады два таму акрэсліўся асноўны склад, і з ім ужо прыйшлі новыя ідэі, пачалася праца на вынік. Увогуле ж 5 гадоў — малавата для станаўлення калектыву. Цяпер маім артыстам па 9-10 гадоў, і гэта асноўны склад ансамбля: Сямён Афонін, Злата Іванцова, Даша Мерчанка, Аня Разумава, Арыша Тарлецкая, Адэліна Сяргеева, Варвара Гапаненка, Ліза Шварава, Юля Юр’ева. Гурт ужо славіцца ў пасёлку і не толькі, у яго хочуць трапіць многія. Таму летась я набрала і падрыхтоўчую групу ансамбля: дзеткам па 4-5 гадоў.

— Назва гурта “ИваЛён” адкуль узялася?

— Калі ствараеш калектыў, то думаеш і пра назву. Бо, як вядома, яна вызначае далейшы лёс праекта. Калі я пачала працаваць у Цэнтры беларускай культуры, паўстала пытанне пра нейкія клубныя ўтварэнні, творчыя калектывы. Як малады спецыяліст, якому ўсё цікава, вырашыла стварыць ансамбль, які будзе выконваць беларускія і рускія народныя песні, пры Цэнтры культуры і адпачынку “Імпульс” у пасёлку Кальцова. А як назваць? Сумясціла два словы, дакладней — сімвалы:  Расіі “ива” і Беларусі “лён”. Так і атрымаўся мой любімы “ИваЛён”.

— Ці ёсць у гурце дзеці з беларускімі родавымі каранямі, як з імі вывучаеце беларускую мову?

— У асноўным дзеці ўсе рускія, толькі некалькі — з беларускімі родавыми каранямі. Але мы не робім на тым акцэнт, галоўная мэта — далучэнне іх да славянскай, народнай культуры. Хочацца, каб дзеці ведалі культуру братніх славянскіх народаў. Спачатку вывучэнне беларускіх песень давалася цяжкавата. Я ж і сама не носьбіт мовы, таму даводзілася кансультавацца з маім настаўнікам, дырэктарам Цэнтра беларускай культуры светлай памяці Нінай Васілеўнай Кабанавай. Цяпер і сама ўжо ведаю правілы, і дзеці запамінаюць, ведаюць адметнасці беларускіх гукаў “ч”, “г” ды іншых. Але кансультацыі ж часам патрэбныя, і Ніны Васілеўны ўсім нам вельмі не хапае...

— Дзе шукаеце рэпертуар, па якіх крытэрыях падбіраеце?

— Цікавы рэпертуар падбіраць, вядома ж, складана, улічваючы яшчэ і ўзрост выканаўцаў. Даводзіцца шукаць нешта ў інтэрнэце, у зборніках, прыдумляць новыя формы падачы матэрыялу: каб было незвычайна, па-новаму. Шмат даюць паездкі ў Беларусь. Як была ў Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў творчых гуртоў беларусаў замежжа, то атрымала шмат інфармацыі па беларускім фальклоры, танцах, вакале. Яшчэ наш Цэнтр супрацоўнічае з метадычным цэнтрам Магілёўскага Дома народнай творчасці, які штогод дасылае нам зборнікі па беларускай народнай творчасці.

— Ці хвалюецеся вы за сваіх артыстаў, калі яны выходзяць на сцэну?

— Так, хвалююся... Сама я даўно спяваю на сцэне і ўжо не адчуваю такога хвалявання перад залай, як у дзяцінстве. І цяпер разумею: калі дзеці выходзяць на сцэну, я не магу ўжо ім анічым дапамагчы. Яны, малыя, заўсёды хвалююцца. Таму, бывае, забываюць нейкія танцавальныя рухі або тое, што часам добра б і паўсміхацца гледачам, а могуць і словы забыць... Усё гэта трэба прайсці, а ўпэўненасць з часам прыйдзе да іх.

— Якія бачыце перспектывы ў працы з гуртом?

— Цяпер мы актыўна ўдзельнічаем у конкурсах, фестывалях, займаючы прызавыя месцы. І наша бліжэйшая мэта — атрымаць званне ўзорнага калектыву. А там, вядома ж, будзем развівацца далей.

Людміла Бяляўская, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter