Што ў сутнасці тваёй, пярсцёнак?
24.10.2008 01:00:00
* У традыцыйнай культуры розных народаў свету пярсцёнак з’яўляўся сакральным знакам дасканаласці, цэласнасці і адзінства, бясконцасці і завершанасці, сімвалам спрадвечнага кахання — нябеснага вянчання і зямнога сумеснага жыцця, храмавага вянчання. У той жа час пярсцёнак выконваў ахоўную функцыю і быў надзейным абярэгам ад энергетычнага ўздзеяння нячыстай сілы. Ахоўная функцыя пярсцёнка была заснавана, па-першае, на прыродных якасцях металу, з якога ён быў выраблены. Лічылася, што золата і срэбра — “чыстыя” металы, не падуладныя сурокам. Вядома ж, не апошнюю ролю ў іх магчымасці супрацьстаяць энергіі “цяжкага” вока адыгрывала люстэркавая паверхня вырабаў з гэтых металаў. Па-другое, не менш важную ролю мела і форма магічнага круга. Па-трэцяе, на пярсцёнак было перанесена больш старажытнае значэнне ніці-абярэга, якой абвязвалі пальцы; бранзалета (той жа ніці вакол запясця); караляў (нанізаных на нітку вырабаў са шкла, паўкаштоўных ці каштоўных камянёў). Асабліва моцным абярэгам лічыўся пярсцёнак з чырвоным каменем, яго насілі як талісман ад шматлікіх хвароб, воіны насілі такі пярсцёнак, каб пазбегнуць смяротнай раны ў час бою.
* Нашы продкі лічылі, што пярсцёнак (як і іншыя амулеты) валодае пэўнай уладай. Таму абмяняцца пярсцёнкамі азначала не што іншае, як надзяленне свайго партнёра ўладай над сабой, што фактычна і адбываецца пасля заключэння шлюбу.
* І наадварот, пры выкананні магічных дзеянняў народныя лекары павінны былі здымаць пярсцёнкі, таму што іх прысутнасць магла нашкодзіць кантакту са звышнатуральнымі сіламі. На падставе прынцыпу падабенства з гэтымі светапогляднымі ўяўленнямі адразу пасля смерці чалавека з яго абавязкова здымалі заручальны пярсцёнак, каб аблегчыць працэс “развітання” з зямлёй, са сваякамі, з якімі ён быў звязаны шлюбам ці іншымі дамовамі-адносінамі. У сувязі з гэтым зламаныя ці трэснутыя пярсцёнкі сімвалізавалі парушаныя абяцанні, разрыў адносін, няшчасце, часам — смерць.
(Працяг будзе.)