Што ў сутнасці тваёй, пярсцёнак?

Такія складаныя і шматпланавыя ўяўленні пра пярсцёнак як абярэг сталі прычынай таго, што ён аказаўся неад’емным атрыбутам перадшлюбнай падрыхтоўкі і самой вясельнай урачыстасці. Сімвалам прынцыпова іншага сацыяльнага статусу быў пярсцёнак, які надзявалі на безыменны палец хлопца ці дзяўчыны.

(Працяг.Пачатак у № 201, 202.)

* Ужо ў сярэднявеччы заручыны (заключная частка абраду сватаўства) заканчваліся рытуалам заручэння: жаніх павінен быў надзець на руку нявесты пярсцёнак. На Беларусі існаваў такі абрад: у час змовін дружкі жаніха і нявесты тройчы падкідвалі іх пярсцёнкі на хустцы, пры гэтым выказвалі пажаданні ў адрас маладых, а потым надзявалі іх жаніху і нявесце. Затым у час вяселля маладыя тройчы мяняліся пярсцёнкамі, і ў выніку кожны з іх атрымліваў свой пярсцёнак. Надзвычай глы-бінны па сваёй сутнасці абрад. Ён сімвалізаваў узаема-пранікненне энергій дваіх чалавек і адначасова быў скіраваны на тое, каб перасцерагаць па жыцці іх ужо не паасобку, а разам. Акрамя таго, лічылася, што безыменны палец звязаны з каналам сэрца, таму гэта быў яшчэ рытуал духоўна-фізічнага збліжэння дзвюх асоб.
* Існаваў звычай за дзень да вяселля працягваць скрозь пярсцёнак нявесты пасму яе валасоў, якую потым адразалі і спальвалі. Валасы лічыліся адным з самых моцных энергетычных каналаў сувязі чалавека з касмічнай энергіяй, менавіта таму ў кантэксце вяселля вялікая ўвага надавалася касе нявесты. У народнай медыцыне праз адтуліны (клямку, завесу, рэшата, у смаліне) прапускалі ваду, якая, меркавалі, змяняе пасля гэтай працэдуры сваю структуру і ўласцівасці. Гэта ж самае значэнне мела і прапусканне валасоў праз заручальны пярсцёнак: дзяўчына назаўсёды развітвалася з дзявоцтвам, таму і спальвалі яе дзявоцкія валасы, прапусціўшы іх праз “калідор” Вечнасці.
* Жанчыны, якія замешвалі рошчыну для вясельнага каравая, павінны былі абавязкова надзець свае заручальныя пярсцёнкі. Тут відавочна дзейнасць прынцыпу “падобнае выклікае падобнае”: выпякаўся рытуальны хлеб для будучай сям’і, каб яна заўсёды была “ў пары”, да выпечкі святочнага хлеба дапускаліся толькі замужнія жанчыны са шчаслівай доляй.
* У дзявочы вечар (апошні вечар перад вяселлем) дзяўчаты падкідвалі на сваіх хустках свае пярсцёнкі, каб хутчэй узяць шлюб. Добра вядома, што рытуал якраз і быў скіраваны на тое, каб перакадзіраваць час, лёс, долю, змест жыцця і характар працоўнай дзейнасці, таму дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту і імкнуліся запраграмаваць сваю будучыню на сямейны лад.
* Акрамя таго, заручальныя пярсцёнкі выкарыстоўвалі ў шматлікіх варожбах аб сваім будучым жыцці.  Дзяўчына, якая жадала паваражыць аб сваім шлюбе, павінна была ўзяць шклянку вады з ручаіны ці ракі, якая цячэ на поўдзень, затым папрасіць на некаторы час заручальны пярсцёнак у той жанчыны, чыё сямейнае жыццё было шчаслівым (лепей было ўзяць пярсцёнак бабулі ці прабабулі), падвесіць яго на ўласным воласе над вадой, трымаючы вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі. Калі пярсцёнак пачне калыхацца і стане стукацца аб краі шклянкі, дзяўчыне суджана будзе застацца ў адзіноце, калі ж пярсцёнак пачне хутка круціцца — яна хутка выйдзе замуж, калі ж пярсцёнак будзе круціцца павольна — яна будзе ў шлюбе двойчы.
Яшчэ адзін спосаб варажбы: у калядную ноч неабходна набраць у шклянку калодзежнай вады, апусціць туды заручальны пярсцёнак і назіраць — у пярсцёнку павінен з’явіцца твар суджанага.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter