Што першы “гак”, то на ўсё жыццё знак

“НГ” працягвае “будаваць” дом згодна з правiламi народнай культуры. Далучайцеся!

скi этнограф М.Нiкiфароўскi адзначаў, што на працягу закладкi першага вянка да цесляроў прад’яўлялiся асаблiвыя патрабаваннi. Яны не павiнны былi дапусцiць нiякага абтачэння, нельга было бiць абухом па бервяну або пакiдаць сякеру, уваткнутай лязом у iм. За ўсiмi гэтымi дзеяннямi вопытных майстроў маглi хавацца нядобразычлiвыя ўчынкi. Лiчылася, што першы вянок мадэлiраваў падзеi i характар будучага жыцця ў гэтым доме, таму гэта быў самы зручны момант пажадаць гаспадарам удачы i дабрабыту або, наадварот, закласцi родавы праклён, ад якога нiхто потым не ўратуе. Напрыклад, цясляр мог задумаць нейкую псоту, крыжападобна секануць бервяно i тым часам цiха сказаць: “Гак! Няхай будзе так!” Людзi сцвярджалi: што было задумана, абавязкова збудзецца.
Выключны характар распачатай справы вымагаў абавязковай прысутнасцi гаспадара. Ён не толькi пасiўна назiраў за працай майстроў, “чытаючы” iх прафесiйныя дзеяннi, але часам умешваўся, прасiў зрабiць што-небудзь так, як гэтага вымагала шырокае поле культурных асацыяцый.
Вакол гэтай часткi будаўнiцтва хаты ўзнiкла мноства самых неверагодных павер’яў i прымхлiвых паданняў. Напрыклад, калi першая трэска пры зачэсваннi першага бервяна ўпадзе ў сярэдзiну зруба, то гэта лiчылася вельмi добрай прыкметай — у хаце будзе дастатак, прыбытак, багацце будзе прыбываць. Калi першыя трэскi паляцяць на знешнi бок, то меркавалi, што сям’я доўга не пражыве ў гэтай хаце: усе пойдуць за парог. Ведаючы ўсе гэтыя прыкметы i павер’i, гаспадар прасiў цесляроў зрабiць так, каб “жытка ўдалася”.


Ахвяраваннi тайнаму ўладару хаты


Адразу ж пасля таго, як будзе ўвязаны першы вянок, распачыналiся абрадавыя дзеяннi, якiя групiравалiся вакол трох ключавых iдэй. Першы з iх — будаўнiчыя ахвярапрынашэннi будучаму духу-ўладару новага жытла. У чырвоным куце ў падвалiне высякалi невялiкае заглыбленне, у якое клалi розныя рэчы. Сярод iх былi адна-дзве манеты, побач з iмi ставiлi асвячоную ў храме ваду i насыпалi жменю пшанiцы. У некаторых мясцiнах у заглыбленне клалi пасму авечай поўсцi. У цэнтральнай Беларусi (Мiншчына) замест зерня клалi кавалак хлеба, а побач з iм — лекавыя зёлкi. На Паазер’i (Вiцебшчына) на ўсе чатыры куты ставiлi ладанкi або клалi галiнкi елкi. Лiчылася, што нячыстая сiла баялася гэтых рэчаў i будзе абмiнаць такое жытло. На Палессi iснавала традыцыя пакiдаць на ноч тры атрыбуты: кавалак хлеба, асвячоную ў чысты чацвер або на Вялiкдзень соль i мёд у сотах.
Па меркаваннi этнографаў, выкарыстанне абавязковых будаўнiчых ахвяраванняў, сярод якiх часцей за ўсё сустракаюцца тры абавязковыя рэчы (зерне — поўсць — грошы), можна патлумачыць i як пажаданне багацця — урадлiвасцi, дабрабыту i плоднасцi, i як сiмвалiчнага паяднання трох светаў: чалавечага, жывёльнага i раслiннага.


Першае застолле — замацаванне добрага пачатку


Другой знакавай падзеяй гэтага дня было абавязковае абрадавае частаванне майстроў-цесляроў. Для таго, каб яны не пакрыўдзiлiся на гаспадароў i не залажылi якую-небудзь псоту, адразу ж пасля ўкладкi першага вянка iм шчодра дзякавалi за ўдалы пачатак будаўнiцтва. Першы святочны стол ставiлi там, дзе ён будзе знаходзiцца заўсёды — у чырвоным куце. Перад тым як распачаць абрадавую трапезу, гаспадары разам з цеслярамi чыталi малiтвы, хрысцiлiся. Потым мужчыны налiвалi па чарцы гарэлкi i прыгаворвалi: “Гаспадарам — на добрае здароўе, а хаце век стаяць”.
Непаўторнасцю абрадавых дзеянняў адрознiвалiся “закладзiны” ў Маскоўскай губернi. Стол ставiлi ў чырвоным куце, за сталом мацавалi галiну рабiны (зноў чырвоны абярэг), а на падвалiны клалi медныя (чырвоныя!) грошы. На закладку абавязкова запрашалi боства, якое сiмвалiзавала сямейны саюз i дабрабыт, — Iвана ды Мар’ю. Калi ж ужо стол быў накрыты, то гаспадары iмкнулiся абавязкова запрасiць у госцi дваiх аднавяскоўцаў з такiмi ж iмёнамi.
У некаторых месцах Беларусi перад тым, як накрыць стол, гаспадары хаты выконвалi сiмвалiчныя абрадавыя дзеяннi — абярэгi. На Палессi гаспадыня брала венiк, спецыяльна зроблены для гэтага i нi разу не выкарыстаны ў iншых побытавых сiтуацыях, i абмятала iм вакол усяго вянка. Сэнс гэтага абрадавага дзеяння (дарэчы, падобнае адбывалася штогод напярэдаднi Вялiкадня) зразумелы: людзi абмяжоўвалi, аддзялялi i адначасова “замыкалi” ў круг пакуль яшчэ безабаронную пабудову ад уздзеяння нячыстай сiлы. Гаспадыня акрэслiвала межы свайго закуточка Райскага саду, дзе яе сям’я будзе пачуваць сябе ўтульна i вольна. А для таго, каб яшчэ больш узмацнiць абарончыя здольнасцi рытуальнага кола, у куток першага вянка клалi асвечаныя купальскiя травы, сярод якiх зноў-такi будзе Iван-ды-Мар’я.



 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter