Што пакажам чалавеку, які не ведае Беларусь?

З просьбай вызначыць свой спіс сямі цудаў Беларусі мы звярнуліся да дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана МАТУЛЬСКАГА

— Давайце паспрабуем вызначыць больш канкрэтны крытэрый. Для мяне ён такі: што мы, беларусы, можам паказаць чалавеку, які нічога не ведае пра Беларусь, чым наша нацыя  адрозніваецца ад іншых і можа ганарыцца? На першае месца я паставіў бы Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Не толькі ў якасці незвычайнага архітэктурнага праекта, а як наш нацыянальны сімвал. Сімвал імкнення беларускай нацыі да ведаў, адукацыі, бачанне будучыні нашай краіны ў навукаёмістых тэхналогіях. Стварэннем Нацыянальнай бібліятэкі ў сучасным выглядзе мы выказалі сваю вялікую павагу да кнігі, а значыць, імкненне да духоўных каштоўнасцяў. Зразумела, важна і тое, што ні па форме, ні па ўнутраным напаўненні аналагаў нашай бібліятэкі няма ні ў адной іншай краіне.
Я ўключыў бы ў спіс “Сямі цудаў Беларусі” толькі аб’екты, створаныя рукамі чалавека, а не прыродай. Але ж Белавежская пушча — прыклад незвычайнага сімбіёзу: цуд, створаны прыродай, здолелі захаваць людзі. Унікальнасць яго ў тым, што ў цэнтры Еўропы мы змаглі зберагчы кавалак некранутай прыроды, і гэта наша вялікае дасягненне.
Наступны цуд — Камянецкая, або Белая вежа. Па-першае, у іншых еўрапейскіх краінах амаль не захавалася падобных прыкладаў абарончых збудаванняў. Па-другое, Белая вежа — сімвал мужнасці і непахіснасці беларусаў. У вельмі даўнія часы мы ўжо ведалі межы сваёй краіны, будавалі гарады і ўмелі абараніць іх ад захопнікаў. Белая вежа, як і Беларусь, значыць чыстая, не захопленая.
Цудамі я лічу таксама замкі ў Міры і Нясвіжы. Гэта сімвалы беларускай высакароднасці і дзяржаўнасці. У гэтых замках жылі прадстаўнікі старажытнага беларускага роду Радзівілаў у часы, калі Вялікае княства Літоўскае было адной з моцных і паважаных у Еўропе дзяржаў. Род Радзівілаў лічыўся адным з першых і вельмі паважаных у еўрапейскім маштабе, і ў гэтых замках часам вяршылася еўрапейская палітыка, вырашаліся далёка не местачковыя пытанні. У Міры і Нясвіжы праходзілі, калі казаць па-сучаснаму, сустрэчы на вышэйшым узроўні. Акрамя таго, палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы расказвае нам пра багатую  архітэктурную і ландшафтную спадчыну нашых продкаў, развіты жывапіс і музыку, тэатр... Нельга забываць, што ў свой час Нясвіж быў яшчэ і буйным еўрапейскім культурным цэнтрам.
Безумоўна, у пералік аб’ектаў, якімі мы ганарымся, неабходна ўключыць  Брэсцкую крэпасць і Хатынь. Брэсцкая крэпасць — сімвал стойкасці беларусаў. Чужога нам не трэба, але і сваё не аддадзім. Гэта хрэстаматыйны прыклад мужнасці воіна — так трэба любіць і абараняць сваю Бацькаўшчыну. Хатынь — сімвал вечнай пакуты беларускага народа. Гэта помнік не толькі канкрэтным людям, што загінулі ў Хатыні, або нават шырэй — у мностве іншых вёсак і населеных пунктах па ўсёй Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта памяць пра пакутнікаў, мірных людзей, якіх забілі ў Беларусі падчас войнаў, што пракаціліся па нашай краіне за тысячагоддзе. У Першую сусветную вайну Беларусь страціла больш за мільён сваіх жыхароў, была фактычна знішчана прамысловасць. Успомнім таксама Напалеона, татара-мангольскае нашэсце, крыжакоў... Зверствы фашыстаў — найвышэйшы пік гэтых забойстваў бязвінных і безабаронных людзей. Хатынь — сімвал пакут нашага народа.
— Нацыянальная бібліятэка — адзін з лідэраў папярэдняга падвядзення вынікаў галасавання, прапанаванага “Народнай газетай”. Якія малавядомыя багацці захоўвае гэты цуд, што схавана за яе прыгожымі гранямі-сценамі?
— Мне здаецца, галоўны цуд — бібліятэка як адзінае цэлае. У адным будынку сумяшчаюцца розныя функцыі. Перш за ўсё гэта сучасная еўрапейская бібліятэка. Асабліва моладзь ацаніла тое, што ў нашай бібліятэцы ёсць доступ да больш чым 100 сусветных інфармацыйных баз даных, чаго не маюць нават многія еўрапейскія буйныя бібліятэкі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі — сацыя-культурны цэнтр, які прапануе шырокі комплекс паслуг: выставы, экспазіцыі рэдкіх кніг, экскурсіі, пад’ём на аглядныя пляцоўкі... Таксама бібліятэка — сацыяльна-палітычны цэнтр з офісам Прэзідэнта Беларусі, канферэнц-заламі, у якіх праводзяцца саміты, сустрэчы на высокім узроўні, міжнародныя канферэнцыі. У гэтай сукупнасці функцый і выяўляецца непаўторнасць нашай бібліятэкі.
Калі казаць пра сабраны ў нас скарб, трэба адзначыць, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца больш за 8,5 мільёна выданняў. Ёсць унікальная калекцыя нацыянальнага дакумента, якая ўключае ў сябе ўсё, што было выдадзена ў Беларусі, пра Беларусь ці на беларускай мове. У фондах захоўваецца калекцыя выданняў Францыска Скарыны, кнігі з калекцыі бібліятэкі Радзівілаў... Пра нашы багацці можна расказваць бясконца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter