Што на плот вешалі. Плот, тын, агароджа — часцей за ўсё драўляная агароджа падворка і хаты.

Агароджа стала сімвалічнай мяжой, якая падзяляла “сваю” і “чужую” прасторы. Плотам абносілі не толькі жылыя памяшканні, але і могілкі, загоны для жывёлы. У даўнія часы агароджай з вялікіх бярвенняў (валам, сцяной) абносілі ўсю вёску ці горад, што часам было адзінай аховай ад ворагаў. Галоўная функцыя плота — паказаць асвоеную тэрыторыю. У традыцыйнай культуры ўсходніх славян тын набыў статус небяспечнага, “нячыстага”, але ў той жа час сакральнага месца ці рэчы.

  • Плот быў надзелены статусам цэласнасці і недатыкальнасці. Таму выхад за плот не праз вароты ці злом плота параўноўвалі з незаконным нараджэннем дзіцяці, стратай нявіннасці і пазашлюбнымі адносінамі: “Хата без плота, што баба без мужыка”, “Вяселле пад плотам, а вянчанне потым”, “Хадзіць з дзіркай у плоце” — страціць нявіннасць па-за шлюбам, “ісці за плот” — зрабіць аборт. Дзіця, якое нараджалася па-за шлюбам, звалі “подзаборным”.
  • На плоце ніколі не сушылі дзіцячае адзенне, пялёнкі. Лічылася, што зубы і валасы дзіцяці вырастуць такімі ж рэдкімі, як штыкеціны.
  • На плот вешалі рытуальныя рэчы, якія з’яўляліся абярэгам для ўсёй гаспадаркі: старыя лапці, бітыя гліняныя гаршкі, траецкія і купальскія травы і г.д.
  • Плот быў асноўным “удзельнікам” варажбы на Раство. Дзяўчаты перакідвалі праз плот боты і жадалі даведацца, у якім баку жыве суджаны. Яны абхоплівалі плот і варажылі: возьме яна шлюб у гэтым годзе ці не. Цотная колькасць штыкецін прадказвала пару, няцотная — адзіноту.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter