Што ні выданне — то падзея.

Беларускія кнігавыдаўцы прывезлі з Астаны сем дыпломаў — найбольшую колькасць з усіх удзельнікаў.

Беларускія кнігавыдаўцы прывезлі з Астаны сем дыпломаў — найбольшую колькасць з усіх удзельнікаў.

На ІХ Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД, які сёлета прайшоў у Казахстане, Беларусь заваявала найвялікшую колькасць узнагарод. Айчынныя кнігавыдаўцы прадставілі на суд журы дваццаць тры кнігі па ўсіх заяўленых намінацыях: “Гран-пры”, “Арт-кніга”, “Мая краіна”, “Кніга — для дзяцей і юнацтва”, “Надрукавана ў Садружнасці”, “Садружнасць”, “Культура. Навука. Адукацыя”. У выніку тайнага галасавання журы сем беларускіх выданняў атрымалі ўзнагароды, у тым ліку і Гран-пры конкурсу. Як айчынным кнігам удалося абысці з сотню маляўнічых энцыклапедый і альбомаў з дзесяці краін СНД і ў чым заключаецца поспех беларускіх выдаўцоў, карэспандэнт “НГ” даведалася ў аднаго з членаў журы конкурсу, кансультанта ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Валерыя Рагалевіча.

— Поспех у тым, што мы трапілі ў самую кропку, калі адабралі з адзінаццаці тысяч кніг, якія выйшлі за год, менавіта гэтыя дваццаць тры выданні, і калі размеркавалі іх па заяўленых намінацыях, — разважае Рагалевіч. — Кнігі ацэньваліся адразу па некалькіх крытэрыях. Ролю ігралі і фармат выдання, і вёрстка, і каляровы клімат, і ілюстрацыі... У палажэнні конкурсу значыўся цэлы рэестр патрабаванняў. Важна было яшчэ кнігу добра прэзентаваць, упэўніць журы, што яна з’яўляецца выданнем-падзеяй. Толькі такая кніга магла зацікавіць журы.

Па словах Валерыя Рагалевіча, выданні з усіх краін былі вартыя самых высокіх узнагарод. Па пяць дыпломаў атрымалі кнігавыдаўцы з Азербайджана, Узбекістана, Украіны, чатыры — атрымала Арменія, тры — Расія, па два — Кыргызстан і Таджыкістан, адзін дыплом павезлі на радзіму малдаўскія выдаўцы. Аднак беларусам пашанцавала больш за ўсіх.

— Ганарова, што ўжо чацвёрты раз беларусы заваявалі на конкурсе Гран-пры, і ўжо другі год запар — выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Сёлета — за альбом “Дмитрий Струков. Альбом рисунков 1864—1867”, — расказвае Валерый Рагалевіч. — Шкада, што ў намінацыі “Кніга — для дзяцей і юнацтва” нічога не атрымалі. Відаць, айчынным выдаўцам яшчэ трэба папрацаваць над дзіцячымі кнігамі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў IX Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД адбудзецца 7 верасня 2012 года ў рамках ХХV Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter