Што ў імені табе маім?

Растлумачце, калі ласка, паходжанне прозвішчаў людзей з вёскі Гарані Смаргонскага раёна — Лукша, Драгун, Іванец, Гнутаў, Жураўлёў. Буду вельмі ўдзячны за адказ.
А.Т. ЖУРАЎЛЁЎ, Маладзечна

Усе прозвішчы жыхароў Гараняў, пералічаныя ў вашым лісце, маюць рознае паходжанне і час узнікнення: ёсць вельмі даўнія прозвішчы, якія ўтварыліся на аснове імёнаў-мянушак, якія існавалі яшчэ ў дахрысціянскую пару, а ёсць і больш познія — тыя, што ўтварыліся на базе хрысціянскіх імёнаў.
Прозвішча Лукша ўтворана ад хрысціянскіх імёнаў Лукіян, Лука (праваслаўнае), Лукаш (каталіцкае) і аформлена славянскім суфіксам -ша па ўзоры размоўных каляндарных імёнаў (параўнайце: Якша ад Якаў, Мацеша ад Мацвей і інш.). 
Прозвішча Драгун утварылася ад слова драгун. Так у царскай арміі і ў некаторых краінах Еўропы называлі салдат або афіцэраў кавалерыйскіх часцей, здольных весці бой у спешаным страі. У гэтым жа значэнні слова драгун засведчана і ў старабеларускіх помніках перыяду Вялікага Княства Літоўскага: “драгуну замковому, который ездилъ зъ тымъ же енераломъ для поданя мандатовъ, за працу дали золот. два” (Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы, 1685 год); “за пилноване при тыхъ поденщиковъ драгану Анъдрею Белявъскому дали осм. десять” (Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы, 1686 год). У гэты ж перыяд у “Гісторыка-юрыдычных матэрыялах” фіксуецца і прозвішча Драгун: От Гришка Дракгуна (Магілёў, 1688 год); Отрошку Дракгуну (Магілёў, 1689 год). На тэрыторыі сучаснай Беларусі прозвішча Драгун распаўсюджана паўсюль.
Прозвішча Іванец утварылася пры дапамозе суфікса -ец і ўказвала на назву дзяцей або іншых нашчадкаў па бацькоўскай лініі: Іванец — нашчадак Івана.
Прозвішча Жураўлёў адносіцца да ліку так званых птушыных прозвішчаў. Яно ўтварылася ад імя-мянушкі чалавека Журавель. У старажытныя часы імёны, а пазней і прозвішчы даваліся па асаблівасцях знешняга выгляду і паводзін, уласцівых жывёлам, птушкам, насякомым, раслінам. Аналагічным шляхам узніклі і прозвішчы Верабей, Салавей, Сарока і іншыя. Аднак прозвішчы, аформленыя пры дапамозе суфікса -ёў, у большай ступені характэрны для расійскай тэрыторыі і ўсходніх абласцей Беларусі, сумежных з Расіяй.
Прозвішча Гнутаў на тэрыторыі Беларусі: сустракаецца толькі ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці. Гэта рускае прозвішча. Яно па сваім паходжанні ўзыходзіць да дзеяслова гнуць і ўказвае на нашчадка чалавека з імем-мянушкай Гнуты. Верагодна, што гэта імя-мянушка ўказвала на род заняткаў чалавека. Магчыма, нехта з продкаў носьбіта гэтага прозвішча быў кавалём. Некаторыя вучоныя-анамасты дапускаюць, што імя-мянушка Гнуты магло змяшчаць указанне на складаны характар чалавека.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter