Што ў куфры на балконе? Тэатры з усяго свету з’ехаліся ў Мінск з сюрпрызамі для гледачоў

З верасня на сталічных сцэнах не змаўкае замежная гаворка. Фестывалі змяняюць адзін аднаго. Толькі што скончыўся Міжнародны фестываль студэнцкай творчасці “Тэатральны куфар-2009”, Гран-пры якога атрымаў спектакль “Зімы не будзе” тэатра “На балконе” Белдзяржуніверсітэта (мастацкі кіраўнік Сяргей ТУРБАН). Гэты ж творчы калектыў адзначаны спецыяльнай узнагародай “За мастацтва, якое аб’ядноўвае чалавека і прыроду, за далікатнае стаўленне да свету, за пачуццё дабрыні”.

Канкурэнцыя за галоўны “куфар” была сур’ёзная. У час фестывалю спаборнічалі 22 пастаноўкі калектываў з Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Латвіі, Мексікі, Сербіі, Германіі, Ірана, Польшчы, Літвы, Турцыі, Эстоніі, Славеніі.
Але не паспелі раздаць прызы з “куфра”, як учора вечарам пачаўся чарговы творчы форум — IV Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”. Адкрыццё мерапрыемства адбылося на першай сцэне краіны — Купалаўскага тэатра — спектаклем “Пінская шляхта”.
Эмблема сёлетняй “Панарамы” — вешалка. Вядома, што тэатр пачынаецца з гэтага элемента гардэроба. І прымяраць свае творы на мінскай вешалцы будуць калектывы з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Італіі і Швейцарыі.
Першыя дні “Панарамы” — цалкам беларускія. У Купалаўскага тэатра эстафету паказаў пяройме Горкаўскі, затым тэатры юнага гледача, новы драматычны, лялек, беларускай драматургіі.
З замежных труп чакаюцца:
14, 15 кастрычніка — тэатр з Цюрыха, які разыграе дзею на сцэне Палаца Рэспублікі;
16 і 17 кастрычніка чакаецца паказ “Соні” Таццяны Талстой Новага рыжскага тэатра;
19 кастрычніка публіка пазнаёміцца з работай акцёраў з польскага Кракава і расійскай рэспублікі Башкартастан;
22 кастрычніка на купалаўскай сцэне пакажа “Сон у летнюю ноч” паводле Шэкспіра адзін з віленскіх тэатраў.
Спецыяльная частка фестывалю — Дні культуры Санкт-Пецярбурга. У рамках урачыстых дзён 28, 29 кастрычніка на купалаўскай сцэне выступяць драматычны тэатр “Камедыянты” (з “Нататнікамі Трыгарына” Тэнэсі Уільямса) і акадэмічны тэатр камедыі імя Акімава (з “Ігракамі” Гогаля).
На “дэсерт” у праграме “Панарамы” запланаваны паказ спектакля “Арлекін — слуга двух паноў” Карла Гальдоні ў выкананні італьянскіх акцёраў.
У Мінск кожны дзень прыбываюць зоркі сцэнічнага мастацтва з усёй Еўропы. Не спазніцеся заняць месцы ў залах!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter